Асуджаны да сьмяротнага пакараньня Аляксандар Жыльнікаў нядаўна расстраляны. Пра гэта Праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведамілі сваякі асуджанага.
Сьмяротны прысуд быў выкананы, нягледзячы на тое, што Камітэт правоў чалавека ААН зьвярнуўся да беларускага ўраду са зваротам прыпыніць выкананьне пакараньня, падкрэсьліў праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка былі прыгавораныя да сьмяротнага пакараньня ў студзені 2018 году за забойства трох чалавек у сьнежні 2015 году: маладой пары ў доме на вуліцы Алібегава ў сталіцы і мужчыны ў пасёлку Калодзішчы (Менскі раён).
27-гадовая выхавальніца дзіцячага садку і былая актывістка БРСМ Аліна Шульганава «замовіла» 44-гадоваму суседу Аляксандру Жыльнікаву і яго сябру Вячаславу Сухарку свайго былога сябра, які пайшоў ад яе да іншай жанчыны. Быўшы п’янымі, Жыльнікаў і Сухарэнка нанесьлі хлапцу і ягонай дзяўчыне 140 удараў нажом, забралі з кватэры грошы і каштоўныя рэчы і ўцяклі. Пасьля затрыманьня выявілася, што зламысьнікі датычныя да яшчэ аднаго забойства, жыхара Калодзішчаў, які здаваў аднаму зь іх кватэру. Аліну Шульганаву асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Пасьля вынясеньня сьмяротнага прысуду Аляксандар Жыльнікаў зьвярнуўся у Камітэт правоў чалавека ААН, ягоны зварот быў зарэгістраваны, і КПЧ зьвярнуўся да Беларусі, каб выкананьне прысуду прыпынілі да разгляду звароту.
З просьбай памілаваць асуджаных на расстрэл Жыльнікава і Сухарку пэтыцыю ў адрас Аляксандра Лукашэнкі накіроўвала і праваабарончая арганізацыя ACAT-Швайцарыя.
Беларусь застаецца адзінай у Эўропе дзяржавай, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Ад пачатку 1990-х у Беларусі расстраляна больш за 400 асуджаных да найвышэйшай меры пакараньня. За ўвесь гэты час памілаваны толькі адзін чалавек.
У 2017 годзе ў Беларусі прывялі ў выкананьне два сьмяротныя прысуды, у 2018 годзе пакаралі сьмерцю чатырох асуджаных. У студзені 2019-га вынесены чарговы сьмяротны прысуд — 36-гадоваму бабруйчаніну Аляксандру Асіповічу.