Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстрэл іменем Рэспублікі Беларусь. Чаму сьмяротнае пакараньне не спыняе забойцаў


У Бабруйску вынесьлі сьмяротны прысуд 36-гадоваму Аляксандру Асіповічу, які летам 2018 году з асаблівай жорсткасьцю забіў у сваёй кватэры дзьвюх маладых жанчын.

Да гэтага Асіповіч быў судзімы чатыры разы — за рабунак, злоснае хуліганства, нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія пацягнулі за сабой сьмерць, і правёў амаль 12 гадоў за кратамі.

Паводле 24-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, «сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з выракам суду».

У 2018 годзе расстралялі чатырох, двое — у «калідоры сьмерці»

За апошнія некалькі гадоў у Беларусі адбылося некалькі рэзанансных забойстваў з асаблівай жорсткасьцю, за якія былі вынесеныя сьмяротныя прысуды. Прычым у асобных выпадках спачатку выносілі мякчэйшае пакараньне — пажыцьцёвае зьняволеньне, а потым ужо яго замянялі сьмяротным пакараньнем.

Як кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда, так было з Аляксандрам Жыльнікавым і Вячаславам Сухаркам, якія ў сьнежні 2015 году забілі маладую пару ў доме на вуліцы Алібегава і мужчыну ў пасёлку Калодзішчы.

«Спачатку ім прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне, а потым замянілі на больш жорсткае пакараньне сьмерцю. Сухарка і Жыльнікаў цяпер знаходзяцца ў так званым „калідоры сьмерці“, чакаюць выкананьня прысуду.

Больш жорсткае пакараньне вынесьлі крыху раней і Сяргею Хмялеўскаму, які падчас пʼянай сваркі зарэзаў дваіх суседзяў — мужчыну і жанчыну, а таксама забіў яшчэ аднаго мужчыну, які аказаўся выпадковым сьведкам злачынства. Спачатку Хмялеўскаму вынесьлі пажыцьцёвае зьняволеньне, а потым — сьмяротнае пакараньне», — кажа Андрэй Палуда.

Андрэй Палуда назваў яшчэ два сьмяротныя прысуды, якія былі выкананыя ў 2018 годзе — Віктару Лётаву і Аляксею Міхаленю. 30-гадовы Віктар Лётаў быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня за трэцяе забойства, якое ўчыніў у Глыбоцкай турме, дзе ўжо адбываў пакараньне за забойства.

Сьмяротныя прысуды ў Беларусі выконваюць хутка

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава вінаватымі ў арганізацыі выбуху ў менскім мэтро і асудзіў абодвух на сьмяротнае пакараньне. А праз 3,5 месяца, 16 сакавіка 2012 году, маці Кавалёва паведамілі, што яе сын расстраляны.

Зварот Аляксандра Жыльнікава быў зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН, і КПЧ зьвярнуўся да Беларусі, каб выкананьне прысуду прыпынілі да разгляду звароту, але Беларусь гэта не спыняе. Так званыя «чорныя рыэлтары» з Магілёва Сямён Беражны і Ігар Гершанкоў таксама падавалі звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН, але іх расстралялі яшчэ да разгляду ў КПЧ.

Васіль Завадзкі, заснавальнік і выканаўчы дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай праваабарончай установы «Тайм акт», таксама зьвяртае ўвагу на вельмі хуткае выкананьне сьмяротных прысудаў.

«Гэтая ганебная практыка склалася яшчэ ў савецкі час і цяпер працягваецца. У некаторых штатах ЗША ёсьць сьмяротнае пакараньне, але там праходзяць гады да прывядзеньня прысуду ў выкананьне, і ў чалавека ёсьць надзея і шанец, што яны могуць даказаць сваю невінаватасьць, ці што сапраўдныя злачынцы за гэты час знойдуцца. А ў нас здараліся выпадкі, калі знаходзіліся сапраўдныя злачынцы пасьля таго, як людзі былі ўжо забітыя».

Краіны, дзе ў 2012-м выконваліся сьмяротныя пакараньні
Краіны, дзе ў 2012-м выконваліся сьмяротныя пакараньні

Ці падтрымліваюць беларусы сьмяротнае пакараньне?

Васіль Завадзкі пэўны час сам працаваў псыхіятрам у турэмным шпіталі, а потым адбываў пакараньне, вывучаў псыхалёгію злачынцаў і тое, як мяняецца грамадзкая думка.

«Мы ня можам сказаць, што наш народ жорсткі і краіна жорсткая. Кіраўнік дзяржавы спасылаецца на волю народу, якая была выказаная на рэфэрэндуме больш за 20 гадоў таму. Гэта ўсё крывадушша. Я перакананы, што цяпер лічбы былі б іншыя.

Калі абстрагавацца, мы ж ведаем, што такое грамадзкая думка. Калі ў СМІ на тэлебачаньні распавесьці, што чалавек зьдзейсьніў жорсткае злачынства, забіў дзьвюх дзяўчат, а да гэтага быў некалькі разоў судзімы, гэта адна справа.

А калі паказаць-расказаць, колькі было судовых памылак, колькі было бязьвінна асуджаных, — грамадзкая думка хісьнецца зусім у іншы бок. Вынікі апытаньня будуць зусім іншыя. Так што апэляцыя да таго, што народ Беларусі быццам бы ў большасьці сваёй падтрымлівае сьмяротнае пакараньне, — гэта крывадушша нашай улады», — перакананы былы турэмны псыхіятар, а цяпер праваабаронца Васіль Завадзкі.

Ці зьмяняе наяўнасьць сьмяротнага пакараньня паводзіны злачынцаў?

На думку каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэя Палуды, пакараньне сьмерцю не працуе як фактар стрымліваньня.

«Калі чалавек зьдзяйсьняў злачынства, ён не задумваўся наагул пра пакараньне. Як кажуць крыміналісты, стрымальным фактарам можа быць немінучасьць пакараньня, то бок тое, што ў любым выпадку давядзецца адказваць за зьдзейсьненае. Шмат хто зь людзей, якія зьдзяйсьняюць злачынствы, думаюць пра тое, як не падпасьці пад адказнасьць, схаваць злачынства, і для іх гэта стрымальны фактар, а ня жорсткасьць пакараньня», — перакананы Андрэй Палуда.

Праваабаронца Васіль Завадзкі таксама кажа, што адназначнага адказу няма, розныя злачынствы адбываюцца па-рознаму. Найчасьцей такія забойствы зьдзяйсьняюцца ў стане алькагольнага ап’яненьня, правакуюцца алькаголем, калі чалавек вельмі ўмоўна, слаба кіруе сабой.

«Уся кампанія была нападпітку. Да таго ж у гэтага злачынцы характаралягічныя, мэнтальныя асаблівасьці былі і раней — ён жа амаль 12 гадоў адседзеў.

Можа, я рамантык, але калі б у людзей была свая справа, каб яны бачылі, што вынікі працы залежаць ад адукацыі, ад іх разьвіцьця, калі б чалавек адчуваў, што ад яго нешта залежыць у гэтай дзяржаве, — можа, такіх злачынстваў і не было б. Калі за душой у чалавека нічога няма, вось такія ўчынкі ён можа зьдзейсьніць. Трэба глядзець на фундамэнт, на хрысьціянскія каштоўнасьці — кім чалавек сябе адчувае», — перакананы Васіль Завадзкі.

Колькі ў Беларусі пакаралі сьмерцю

За гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў. Зь іх найбольшая колькасьць — 47 — была вынесеная ў 1998 годзе. З пачатку 2000-х гадоў колькасьць вынесеных сьмяротных прысудаў за год не перавышала 10, а ў 2012 і 2014 гадах такіх прысудаў не выносілі ўвогуле, хоць працягвалі выконваць ранейшыя. У 2017–2018 гадах выносілі па 3–4 сьмяротныя прысуды.

Вядома толькі пра адзін выпадак, калі кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка сваім указам памілаваў асуджанага на сьмерць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG