З турмы ў амэрыканскім штаце Індыяна 23 траўня выйшаў на волю Джон Уокер Лінд, якога ў лістападзе 2001 году захапілі сярод ваяўнікоў руху Талібан у Aўганістане.
Лінд быў асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня, але вызваліўся на тры гады раней за добрыя паводзіны. Цяпер яму 38 гадоў. У 16-гадовым узросьце Лінд прыняў іслам, а ў сярэдзіне 2001 году, калі яму было 20 гадоў, ён паехаў у Аўганістан і далучыўся да Талібану.
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо на тэлеканале Fox News раскрытыкаваў вызваленьне Лінда. Паводле Пампэо, вызвалены па-ранейшаму «пагражае Злучаным Штатам Амэрыкі і зьяўляецца прыхільнікам таго самага джыхаду, у якім ён удзельнічаў, і ў якім быў забіты выдатны амэрыканец, афіцэр ЦРУ».
Напярэдадні вызваленьня Лінда, амэрыканскі тэлеканал KNBC паведаміў, што ў 2014-15 гадах атрымліваў ад яго лісты, у якіх той нібыта хваліў экстрэмісцкую групоўку «Ісламская дзяржава» і называў сябе палітычным вязьнем. Пры гэтым не было патлумачана, чаму пра гэтыя лісты стала вядома толькі цяпер.
Падчас зьняволеньня Лінд атрымаў грамадзянства Ірляндыі. Аднак ён ня зможа трымаць пашпарт і падарожнічаць па-за межы ЗША.