Падразьдзяленьні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны ўзмацнілі кантроль на мяжы, каб не дапусьціць уезду на ўкраінскую тэрыторыю прадстаўнікоў байкерскага руху «Начныя ваўкі».
Як паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, такія захады ўведзеныя на падставе досьведу 2017-2018 гадоў, калі прадстаўнікі расейскага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» спрабавалі перасекчы мяжу ў часе свайго мотапрабегу «Дарогі Перамогі — на Бэрлін 2018».
«Не выключаюцца спробы з боку асобных прадстаўнікоў згаданых і іншых радыкальных байкерскіх клюбаў трапіць на тэрыторыю Ўкраіны ў адзіночку ці невялікімі групамі пад выглядам мотатурыстаў і рэалізаваць правакацыйныя дзеяньні, што, у сваю чаргу, можа прывесьці да ўзьнікненьня канфліктных сытуацый паміж прадстаўнікамі гэтай арганізацыі і патрыятычна настроенымі жыхарамі ўкраінскага памежжа, і што можа быць выкарыстана расейскімі СМІ для стварэньня адпаведнай інфармацыйнай „карцінкі“», — паведамілі ўкраінскія памежнікі.
Усім байкерам, якія будуць спрабаваць трапіць на тэрыторыю Ўкраіны з прарасейскай сымболікай і георгіеўскімі стужкамі, будзе забаронены ўезд ва Ўкраіны.
Усе свае дзеяньні ў выпадку спробаў «Начных ваўкоў» трапіць на тэрыторыю Ўкраіны памежная служба будзе каардынаваць са Службай бясьпекі, Нацыянальнай паліцыяй і Дзяржаўнай фіскальнай службай.
25 красавіка ў Луганску стартаваў мотапрабег «Дарогі Перамогі – на Бэрлін 2019», прымеркаваны да 74-й гадавіны заканчэньня ІІ Усясьветнай вайны. Маршрут прабегу плянуецца празь Беларусь, Польшчу, Славаччыну, Чэхію і мае завяршыцца 9 траўня ў Трэптаў-парку ў Бэрліне.
Напрыканцы красавіка Грузія забараніла ўезд на сваю тэрыторыю некалькім расейскім байкерам, якія абвясьцілі аб правядзеньні туру Грузіі ў дні гадавіны «перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».
На пачатку траўня каля 30 «начных ваўкоў» даехалі да Польшчы і Чэхіі. Лідэр «Начных ваўкоў» Аляксандар Залдастанаў (таксама вядомы пад мянушкай Хірург) удзельнічаў у мотапрабегу толькі на ўчастку Масква – Берасьце, бо яму забаронены ўезд у Эўразьвяз.