Студэнцкія групы ў Грузіі аб’ядналіся ў маніфэсьце, які асуджае спрэчныя парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка. Афіцыйныя вынікі сьведчаць пра перамогу дружалюбнай Расеі партыі «Грузінская мара», у той час як антыўрадавыя групы паабяцалі «кампанію непадпарадкаваньня» ў цэнтры Тбілісі ў наступныя дні.
У маніфэсьце ад 17 лістапада, які падпісалі студэнты мінімум 13 унівэрсытэтаў, гаворыцца, што «сыстэматычная фальсыфікацыя выбараў з боку ўладаў сьведчыць пра грубую спробу партыі „Грузінская мара“ захапіць кантроль над дзяржавай».
«Мы не зьбіраемся адмаўляцца ад свабоды нашай краіны. Як грамадзяне Грузіі, мы застаёмся адданымі дэмакратычным каштоўнасьцям і дзяржаўным інтарэсам. Не прызнаём выбары і парлямэнт, створаныя па выніках гэтых выбараў».
У маніфэсьце таксама згадваюцца напады на адукацыйную сыстэму, выбарачны доступ да адукацыйных інстытуцый і ўвядзеньне цэнзуры з боку выкладчыкаў.
«У сьвятле рэпрэсіўных дзеяньняў па выкананьні „расейскіх“ і цэнзурных законаў і іншых правоў і свабод факт сыстэматычнай фальсыфікацыі выбараў сьведчыць аб грубай спробе партыі „Грузінская мара“ захапіць дзяржаву», — гаворыцца ў маніфэсьце.
Прыхільная Маскве кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 53,93% галасоў супраць 37,79%, атрыманага апазыцыйным альянсам. Такія лічбы абвясьціла ЦВК падчас паседжаньня, якое было ненадоўга перапынена пасьля таго, як прадстаўнік апазыцыі Давіт Кіртадзэ пырснуў чорнай вадкасьцю на старшыню ЦВК Гіоргі Каландарышвілі і назваў яго «цёмнай плямай».
Праэўрапейская апазыцыя Грузіі байкатавала новы парлямэнт, адмовіўшыся ад сваіх мандатаў пасьля галасаваньня 26 кастрычніка і абвінаваціўшы «Грузінскую мару» ў масавых фальсыфікацыях і ўмяшаньні Расеі.
15 лістапада прайшлі студэнцкія акцыі пратэсту, паліцыя ачапіла галоўны будынак Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе сабраліся пратэстоўцы.
Афіцыйныя асобы ЭЗ і іншых заходніх краін выказалі сур’ёзныя сумневы наконт справядлівасьці вынікаў выбараў. Цяпер у цэнтры Тбілісі студэнты ставяць намёты, працягваючы падрыхтоўку да доўгага супрацьстаяньня.
Форум