Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя ў Празе прадухіліла сутычку прыхільнікаў і праціўнікаў «Начных ваўкоў»


Транспарант праціўнікаў "Начных ваўкоў"
Транспарант праціўнікаў "Начных ваўкоў"

Удзельнікі чарговага мотапрабегу па Эўропе «Дарогі Перамогі» — байкеры з клюбу «Начныя ваўкі» — у аўторак перасяклі мяжу Нямеччыны. Пра гэта напісаў у фэйсбуку лідар «Начных ваўкоў» Аляксандр Залдастанаў (Хірург). Паводле яго, 9 траўня байкеры павінны даехаць да Бэрліну. Сам Залдастанаў у прабегу ня ўдзельнічае, бо забаронены ўезд у ЭЗ.

Напярэдадні каля сотні «Начных ваўкоў» прыехалі ў сталіцу Чэхіі Прагу, на Альшанскія могілкі, дзе ўсклалі кветкі да магіл чырвонаармейцаў.

Удзельнікі мотапрабегу і мясцовыя актывісты, якія сустракалі іх, пазіравалі фатографам са сьцягамі СССР, Расеі, а таксама самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».

У акцыі прыняў удзел дэпутат парлямэнту Чэхіі Яраслаў Фолтына, які неаднаразова выступаў з пракрамлёўскіх пазыцыяў. Некалькі дзясяткаў чалавек ля ўваходу на могілкі пратэставалі супраць «Начных ваўкоў», сьцьвярджаючы, што іх мотапрабег зьяўляецца часткай «гібрыднай вайны» Крамля супраць Захаду. Яны трымалі ў руках сьцягі NATO, ЗША і ЭЗ. Акрамя таго, актывісты вывесілі плякат, што Гітлер і Сталін разам пачалі Другую сусьветную вайну. Паліцыі Чэхіі ўдалося прадухіліць сутыкненьні паміж «Начнымі ваўкамі» і іх праціўнікамі.

Клуб «Начныя ваўкі» прытрымліваецца пракрамлёўскіх пазыцыяў. Яго лідар Аляксандр Залдастанаў неаднаразова праводзіў так званыя байк-шоў у анэксаваным Крыме. «Начныя ваўкі» праводзяць свае мотапрабегі па Эўропе напярэдадні Дня Перамогі ўжо некалькі гадоў. Іх дзейнасьць у Эўропе актывізавалася пасьля анэксіі Крыму. Улады краін ЭЗ адмаўлялі шэрагу членаў расейскага мотаклюбу ва ўезьдзе. Значную частку ўдзельнікаў мотапрабегу складаюць грамадзяне краін ЭЗ, у прыватнасьці Славаччыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG