У Польшчу прыбылі ўдзельнікі зарэгістраванага ў Расеі праўладнага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі», паведамляюць мясцовыя СМІ. Сярод іх няма расейскіх чальцоў клюбу — большасьці зь іх Эўразьвяз з 2014 году забараняе ўезд.
Байкеры знаходзяцца ў Польшчы па дарозе ў Бэрлін, куды яны едуць у рамках мотапрабегу «Дарогі Перамогі — 2019». Яны спыніліся ў Варшаве, дзе ўсклалі кветкі на мясцовых могілках савецкіх салдатаў і перад магілай Невядомага жаўнера ў цэнтры гораду.
Паводле агенцтва ТАСС, польскія памежнікі прапусьцілі ў краіну каля 30 байкераў з Польшчы і Італіі. Пры гэтым лідэр «Начных ваўкоў» Аляксандар Залдастанаў (таксама вядомы пад мянушкай Хірург) удзельнічаў у мотапрабегу толькі на ўчастку Масква — Берасьце, бо яму забаронены ўезд у ЭЗ.
Эўрапейскія чальцы «Начных ваўкоў» плянуюць завяршыць мотапрабег у Бэрліне, у гадавіну заканчэньня Другой усясьветнай вайны ў Эўропе 9 траўня.
16 сакавіка байкеры клюбу арганізавалі мотапрабег у анэксаваным Севастопалі, напярэдадні гадавіны анэксіі Расеяй Крыму. Асобныя чальцы «Начных ваўкоў» знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі за падтрымку баявых дзеяньняў прарасейскіх сілаў ва Ўкраіне. Лідэр клюбу Аляксандар Залдастанаў узнагароджаны некалькімі расейскімі ордэнамі, у тым ліку мэдалём «За вяртаньне Крыму» Міністэрства абароны Расеі.
Дзеяньні ўдзельнікаў клюбу, якія рэгулярна спрабуюць правесьці мотапрабег па Эўропе, успрымаюцца ў Эўразьвязе як правакацыйныя і палітычна матываваныя. «Начныя ваўкі» сьцьвярджаюць, што вывучаюць гісторыю і спадчыну Расеі, у тым ліку за мяжой.