Жонку кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага Алену Зяленскую ўнесьлі ў базу ўкраінскага сайту «Миротворець» як «інфарматара баевікоў незаконных узброеных фармаваньняў» за тое, што яна перапосьціла на старонцы ў Facebook публікацыю расейскіх СМІ, якія прасілі за ўзнагароджаньне дасылаць інфармацыю аб перамяшчэньні ўкраінскіх войскаў.
Сайт публікуе інфармацыю пра тых, хто ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях у Данбасе на баку сэпаратыстаў і, на думку аўтараў сайту, зьяўляецца ворагам украінскай дзяржавы.
Як паведамляе сайт «Миротворець», Зяленская 15 красавіка 2014 году са старонкі ў Facebook, падпісанай «Алена Зяленская» распаўсюдзіла інфармацыю расейскіх прапагандысцкіх СМІ: «Дасылайце праз http://lifenews.ru/app/desktop відэа перамяшчэньня ўкраінскіх войскаў. Ганарар 15000 рублёў # Украіне».
Як сьцьвярджаецца на сайце, пазьней гэты пост быў выдалены са старонкі ў Facebook.
UPD. Пазьней сайт «Міратворац» выдаліў Алену Зяленскую з сваёй базы. Паводле стану на раніцу 21 красавіка азначаная старонка недаступная, а па пошуку на сайце Алену Зяленскую знайсьці нельга.
Інтэрнэт-выданьне «Украінская праўда» паведаміла, што Алена Зяленская ў перапісцы зь іх карэспандэнтам фактычна адмовілася камэнтаваць свой даўні пост, папрасіўшы «не спрыяць разгону гэтай «навіны».
Цэнтар «Миротворець» зьяўляецца грамадзкай арганізацыяй і вядомы зборам дадзеных аб падазраваных данбаскіх і крымскіх сэпаратыстах, баевіках расейскіх гібрыдных сіл і замежных грамадзянах, якія іх падтрымліваюць.