У сюжэце роліку Санта-Клаўс у санях, запрэжаных аленямі, ляціць над навагодняй Масквой, у руцэ ў яго банка «Кока-колы», а ў санях — ракеты з эмблемамі NATO. Санта з моцным акцэнтам кажа: «Прывітаньне, расейцы, вось вашыя падарункі!» У наступным кадры малады баец СПА зьбівае запрэжку ракетай. Побач з ім сядзіць пэрсанаж у гарнітуры Дзеда Мароза, які заяўляе: «Правільна, ня трэба нічога замежнага ў нашым небе».
Многія карыстальнікі сацсетак правялі сувязь паміж зьместам роліка і крушэньнем самалёта авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які ляцеў у Грозны 25 сьнежня. Авіякампанія назвала папярэдняй прычынай катастрофы «зьнешняе ўзьдзеяньне». У СМІ і сацсетках выказваюцца здагадкі, што самалёт мог быць абстраляны расейскімі СПА, якія адбівалі атаку ўкраінскіх беспілётнікаў у раёне Грознага.
Аўтарства роліка не пазначанае. Крыху раней у інтэрнэце распаўсюдзілася іншае «пераднавагодняе» прапагандысцкае відэа, у якім да ўкраінскай дзяўчынкі прыходзіць Сьвяты Мікалай і сілком забірае на фронт яе бацьку. Яно створанае расейскім дзяржаўным мэдыяхолдынгам RT. RT з пачатку вайны ва Ўкраіне выпускае прапагандысцкія відэа ў падтрымку палітыкі Крамля, накіраваныя як на расейскамоўную, гэтак і на іншыя аўдыторыі.
Форум