Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў дэбатах Парашэнкі і Зяленскага няма пераможцы? Тэзісы Дракахруста


Зразумела, гэта мая цалкам суб’ектыўная ацэнка. Але мне здаецца, што кожны з кандыдатаў застаўся пры сваіх.

Сьцісла:

  • Ніводзін не паставіў апанэнта ў тупік - абодва проста не адказвалі на пытаньні
  • Абодва не адхіліліся ад сцэнароў сваіх кампаніяў
  • Зяленскі так і не сказаў, што ён збіраецца рабіць, Парашэнка - як ён пачуў выбаршчыкаў Зяленскага
  • Выбаршчыкі ніводнага з кандыдатаў ня мелі падставаў неяк зьмяніць сваё меркаваньне

Ніводзін не злавіў свайго апанэнта ў пастку, не паставіў у тупік пытаньням — уласна ніводзін і не адказваў на пытаньні апанэнта.

Пасланьне Зяленскага: Парашэнка абяцаў адно, а рабіў іншае, Парашэнка — алігарх, ён не спыніў, а яшчэ і паглыбіў раскраданьне краіны. Амаль што — Парашэнка — злодзей. З прыгожымі формуламі кшталту «я не ваш апанэнт, я ваш вырак», «я — вынік вашых памылак».

Пасланьне Парашэнкі: я ўратаваў Украіну, я ведаю, як далей яе ратаваць і весьці наперад, а апанэнт — слабак, марыянэтка алігарха Каламойскага. Таксама з яскравымі, хвосткімі формуламі — «вы ня кот у мяху, вы — мех, у якім Каламойскі, Пуцін і Януковіч».

Канкрэтныя ўзаемныя абвінавачваньні апанэнты проста адкідалі ці ігнаравалі. Ніводзін не адхіліўся ад сцэнару, паводле якога будаваў сваю кампанію. Зяленскі так і не сказаў, што ж уласна ён зьбіраецца рабіць у выпадку, калі пераможа, хіба што пацьвердзіў, што Ўкраіна зрабіла эўрапейскі выбар і ён будзе яго абараняць. Пятро Парашэнка пасьля першага туру заявіў, што пачуў выбаршчыкаў Зяленскага. У яго пытаньнях, адказах і заявах падчас дэбатаў гэта ніяк не адлюстравалася.

Фактычна абодва толькі нападалі, атакавалі.

У двубоі жэстаў напэўна таксама атрымалася нічыя: Парашэнка прыгожа перайшоў са сваёй сцэны на сцэну Зяленскага, дзе і адбываліся дэбаты, Зяленскі ў адказ на папрок за словы пра гатоўнасьць «устаць на калені перад Пуціным», устаў на калені перад ахвярамі вайны і іх роднымі, запрасіўшы тое ж зрабіць і Парашэнку. Абодва такімі жэстамі як бы прадэманстравалі адзінства, калі не паміж сабой, то паміж іх выбаршчыкамі.

У цэлым мне здаецца, што ў выніку дэбатаў выбаршчыкі ніводнага з кандыдатаў ня мелі падставаў неяк зьмяніць сваё меркаваньне, прынамсі, у іх вачах іх кандыдат не прайграў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG