Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвісты, абвінавачаньні і парушэньне сцэнару. Украінскія дэбаты знутры


Сцэна на стадыёне «Алімпійскі» у Кіеве
Сцэна на стадыёне «Алімпійскі» у Кіеве

На Нацыянальным спартовым комплексе «Алімпійскі» адбыліся дэбаты між двума кандыдатамі на прэзыдэнта Ўкраіны — Пятром Парашэнкам і Ўладзімірам Зяленскім.

Для Ўкраіны практыка дэбатаў між кандыдатамі, якія выйшлі ў другі тур, — традыцыйная і прадугледжаная заканадаўствам, хаця яно і не заўсёды выконвалася.

Леанід Кучма дэбатаваў з Леанідам Краўчуком і Пятром Сіманенкам, а Віктар Юшчанка зь Віктарам Януковічам у 2004 годзе. На выбарах у 2014-ым Пятро Парашэнка адмовіўся ад «дуэлі» зь Юліяй Цімашэнкай, назваўшы дэбаты «сабачымі баямі», якія не на часе — на той момант на Данбасе ўжо ва ўсю моц узьняліся сэпаратысцкія рухі пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча ў Расею.

Не па сцэнары

На стадыёне былі ўсталяваныя дзьве сцэны — для кожнага кандыдата асобна. Але Пятро Парашэнка паламаў сцэнар і перайшоў на пляцоўку свайго апанэнта. Перад пачаткам «дуэлі» яны адзін аднаму пацінулі рукі.

Кандыдаты мелі па адной хвіліне, каб паставіць пытаньне апанэнту і чатыры хвіліны на адказ.


Пятро Парашэнка прапанаваў Уладзіміру Зяленскаму адказаць на стратэгічныя пытаньні адносна разьвіцьця краіны і спыненьня вайны. А той, у сваю чаргу, зачытваў пытаньні блёкамі, прапануючы дзейнаму прэзыдэнту на свой разгляд абраць адно пытаньне для адказу. Уладзімір Зяленскі адразу папярэдзіў, што пытаньні сфармулявалі карыстальнікі інтэрнэту.

Завяршыліся дэбаты бліц-пытаньнямі, якія патрабавалі адказу толькі «так» ці «не». На пытаньне Зяленскага «Ці ня сорамна вам», Пятро Парашэнка адказаў адмоўна. У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі станоўча адказаў на пытаньне дзейнага прэзыдэнта аб гатоўнасьці «зрабіць усё, каб Каламойскі і іншыя былі адсечаныя ад бюджэтных рэсурсаў».

Паводле ацэнак праваахоўных органаў, за дэбатамі на стадыёне назіралі прыблізна 22 тысячы асобаў.

Замест дыскусіі абвінавачаньні

Згодна з лёсаваньнем, першым дэбаты пачаў Уладзімір Зяленскі. Ён пажартаваў, што адчувае сябе на стадыёне ўкраінскім сьпеваком Сьвтаславам Вакарчуком.

«Я ніколі не марыў, што я, просты хлопчык з Крывога Рога буду змагацца за крэсла прэзыдэнта супраць чалавека, якога ўсе ўкраінцы бесьпярэчна падтрымалі ў 2014 годзе. Я сам галасаваў за Парашэнка. Але мы памыліліся. Ці маглі мы тады ўявіць, што „Жыць па-новаму“ (выбарчы лёзунг Пятра Парашэнка ў 2014 годзе — РС) будзе нашым выжываньнем, а замест заканчэньня вайны за два тыдні — будзе Ілавайск і Дэбальцэва? Ці маглі мы ўявіць, што Рэвалюцыяй Годнасьці скарыстаюцца нягоднікі?».

«Мы галасавалі за аднаго Парашэнка, а выбралі іншага. «Першы крычыць: „Пуцін, я табе пакажу“, а другі перадае праз Мядведчука вітаньні ў Маскву. Адзін адкрывае школу, а другі ўвесь час адкрывае крамы „Рашэн“. Першы гаворыць, што перадае бізнэс у сьляпы траст, а другі павялічвае сваёй даходы».

«Таму, спадар Парашэнка, я тут, са сваёй камандай. Я не палітык, а просты чалавек, які прыйшоў зламаць гэтую сыстэму. Я вынік вашых памылак і абяцаньняў».

Пятро Парашэнка ў сваёй прамове акцэнтаваў на тым, што Ўладзімір Зяленскі будзе слабкім прэзыдэнтам.

«Мы сёньня знаходзімся перад выклікамі, якія патрабуюць ад прэзыдэнта мужнасьці і сілы, міжнароднага досьведу. Як кандыдат у прэзыдэнты зьбіраецца ўтрымліваць міжнародную кааліцыю, якую мы крок за крокам будавалі гэтыя 5 гадоў? Як ён зьбіраецца выконваць функцыі вярхоўнага галоўнакамандуючага? Хоць ваша каманда сказала, што вы ўжо пачалі курс маладога байца — гэта добрая рэч, але варта было пачаць яго 4 гады таму, у 2014-м, калі краіна мела патрэбу намаганьняў усіх валянтэраў і добраахвотнікаў, а вы хаваліся ад павестак! Фу! Гэта не недапушчальна».

Нястрыманыя эмоцыі

Калі пачаліся пытаньні, то кожны кандыдат намагаўся завесьці свайго апанэнта ў глухі кут. Пятро Парашэнка папракаў Зяленскага партнэрствам з украінскім алігархам Ігарам Каламойскім, а той у сваю чаргу запытваў у дзейнага прэзыдэнта, чаму ягоныя паплечнікі з рукамі, бо на мінулай выбарчай кампаніі ён абяцаў адрубаць іх за карупцыю.

У адзін момант Пятро Парашэнка нават перайшоў на крык, заявіўшы, зьвяртаючыся да апанэнта: «Вы — ня кот у мяшку, вы — гэты мяшок, а ў вашым мяшку — чэрці і каты, уключаючы алігархаў, калішніх „рэгіяналаў“ і ўсё тое, што пагражае маёй краіне. Мы вас не дапусьцім да ўлады!». І прадоўжыў ужо традыцыйныя абвінавачаньні ў тым, што актор хаваецца ад дэбатаў, журналістаў, народу і войска.

У сваю чаргу Ўладзімір Зяленскі адказаў дзейнаму прэзыдэнту: «Я не ваш апанэнт, я ваш прысуд» і дадаў — «Лепш быць катом у мяшку, чым ваўком у авечай шкуры». Ён паабяцаў, што у часе свайго прэзыдэнцтва будзе весьці Ўкраіну ў Эўропу, а за час кіраваньня Пятра Парашэнка краіна страціла 5 гадоў.

Калі ж Пятро Парашэнка прапанаваў Уладзімеру Зяленскаму выбачыцца перад грамадзянамі за тое, што ў сваіх гумарыстычных праграмах называў Украіну прастытуткай і абяцаў стаць на калені перад расейскім прэзыдэнтам Пуціным, актор заявіў:

«Я цяпер гатовы стаць на калені перад кожнай маці, якая не дачакалася сына з фронту, перад кожным дзіцем, якое не дачакалася свайго бацькі, перад жанчынай, якая не дачакалася свайго мужа. І вас запрашаю».

Урэшце, абодва кандыдаты сталі на калені — Уладзімір Зяленскі перад гледачамі, якія стаялі каля сцэны, а Пятро Парашэнка разьвярнуўся да іх сьпіной, прыпаў на калена і пацалаваў дзяржаўны сьцяг, які трымала валянтэрка Тацьцяна Рычкова — ейны муж загінуў у 2014 годзе на ўсходзе.

Як рэагавалі гледачы

​На стадыён прыйшлі прыхільнікі абодвух кандыдатаў. У часе выступу Пятра Парашэнка выбарнікі Зяленскага выгуквалі «Ганьба!», а прыхільнікі дзейнага прэзыдэнта абсьвіствалі актора, калі той пераходзіў на расейскую мову.

Пятро Парашэнка ў чарговы раз заявіў, што прыме любы выбар украінскага народу, а 22 красавіка жыцьцё будзе працягвацца.

Абодва кандыдаты прызналі прафэсійныя дасягненьні адзін аднаго, але кожны застаўся пры сваёй думцы, хто будзе лепшым прэзыдэнтам.

Згодна з украінскім заканадаўствам, 20 красавіка — дзень цішыні, калі агітацыя мае быць спыненая. Выбары адбудуцца 21 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG