20 красавіка ва Ўкраіне «дзень цішыні» перад днём паўторнага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у нядзелю, нагадвае агентцва УНІАН.
Згодна з законам Украіны аб выбарах прэзыдэнта, у гэты дзень забараняецца публікацыя агітацыйных матэрыялаў у СМІ, распаўсюд перадвыбарных улётак, расклейка плякатаў, публічныя заклікі галасаваць за або супраць кандыдатаў на вышэйшую пасаду.
Галасаваньне ў другім туры 21 красавіка пачнецца а 8-й па кіеўскім часе, а завершыцца ўвечары ў 20-й.
Як паведамляла УНІАН, яўка ў першым туры склала 63,52%, у галасаваньні ўзялі ўдзел 18 мільёнаў 817 тысяч 656 чалавек. Самая высокая яўка была ў Львоўскай вобласьці — 68,88% выбарцаў, самая нізкая ў Закарпацкай — 46,99%.
Напярэдадні дзейны прэзыдэнт краіны Пятро Парашэнка і ягоны апанэнт Ўладзімер Зяленскі ў прысутнасьці больш як 20 тысяч чалавек правялі публічныя дэбаты на кіеўскім стадыёне «Алімпійскі».