Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю на запраўках чарговым разам падаражэе паліва


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» паведаміў пра чарговае павышэньне цэн на аўтамабільнае паліва, якое адбудзецца 21 красавіка.

«Па стане на 19 красавіка з пачатку 2019 года цана расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, вырасла на 19,4%, а розьнічныя цэны на маторнае паліва — у сярэднім на 5,2%, што не кампэнсавала росту выдаткаў НПЗ на набыцьцё сыравіны», — гаворыцца ў паведамленьні канцэрну, якое цытуе БелаАН.

«У гэтых умовах у адпаведнасьці з прынятай канцэрнам палітыкай стрымліваньня цэн на аўтамабільнае паліва розьнічныя цэны на АЗС з 21 красавіка 2019 году павялічваюцца на 1 капейку», — дапоўнілі ў «Белнафтахіме».

Кошт бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складзе 1,52 рубля, АІ-95-К5-Эўра — 1,63 рубля, АІ-98-К5-Эўра — 1,84 рубля, ДП — 1,63 рубля.

Гэта ўжо дзявятае падаражаньне паліва ў Беларусі з пачатку году. Апошні раз кошт паліва павялічылася 14 кастрычніка — таксама на адну капейку.

Кіраўніцтва шасьці сетак аўтазаправачных станцый зьвярнулася да першага віцэ-прэм’ера Ігара Ляшэнкі з просьбай усталяваць аптовыя і розьнічныя цэны на паліва на ўзроўні, які б не прыводзіў да стратнай дзейнасьці АЗС. Ліст падпісалі кіраўнікі сетак АЗС «РН-Захад», «Лукойл-Беларусь», «Юнайтэд Компані», «Астотрэйдынг», «Татбелнафтапрадукт», «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт».

На думку аўтараў ліста, рызыка банкруцтва вымусіць удзельнікаў рынку «праводзіць скарачэньне выдаткаў, якое з высокай ступеньню верагоднасьці прывядзе да дэградацыі стану АЗС і нафтабаз ва ўсіх адносінах».

У сувязі з гэтым аўтары ліста просяць першага віцэ-прэм’ера даць даручэньне і разабрацца ў сытуацыі, якая склалася, пасьля чаго «гарманізаваць узроўні аптовых і розьнічных цэн на нафтапрадукты» з тым, каб забясьпечыць «устойлівае разьвіцьцё збытавых сетак АЗС».

Розьнічныя цэны на нафтапрадукты ў Беларусі рэгулююцца заканадаўствам. У сувязі з гэтым раней паміж апэратарамі АЗС і беларускімі ўладамі ўжо ўзьнікалі канфліктныя сытуацыі, якія тычацца цэнаўтварэньня на ўнутраным рынку нафтапрадуктаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG