Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: цэны на паліва раскручваюць інфляцыю


Ад сёньняшняга дня ў Беларусі зноў падаражэла аўтамабільнае паліва. Так, 95-ы бэнзін каштуе 4350 рублёў за літар (на 16% працэнтаў даражэй, чым на дзень раней). Дызэльнае паліва скокнула на 23%, і цяпер за адзін літар яго трэба плаціць 3900 рублёў. Адразу пасьля гэтага падвышэньня некаторыя службы менскіх таксовак павялічылі тарыфы на свае паслугі.

Афіцыйнае тлумачэньне падвышэньня коштаў даў канцэрн «Белнафтахім». Там заяўляюць, што на памежных АЗС апошнім часам істотна павялічыўся продаж бэнзіну і дызпаліва. Яго інтэнсіўна вывозяць у суседнія краіны.

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак сказала «Свабодзе», што такое тлумачэньне праўдзівае. Паліва для аўто і раней каштавала ў Беларусі таньней, чым у суседзяў. А тут яшчэ дадаўся дэфіцыт паліва ў шэрагу рэгіёнаў Расеі. І нават з улікам сёньняшняга росту цэны ў суседзяў, асабліва ў Літве і Латвіі, па-ранейшаму значна большыя, чым у Беларусі, кажа спадарыня Манёнак:

«Нашы нафтапрадукты застаюцца па-ранейшаму прывабнымі для пакупнікоў з суседніх краінаў. І, я думаю, наўрад ці гэты павышаны попыт сёньняшняе падвышэньне істотна зьнізіць. Гэтага будзе, безумоўна, недастаткова, каб абараніць беларускі рынак ад непажаданых пакупнікоў».

Яшчэ адну прычыну росту цэнаў на паліва называе незалежны эканаміст Сяргей Чалы:

«Падвышэньне афіцыйнага курсу, які адначасова будзе і курсам на біржы, павінна азначаць і рост цэнаў на энэрганосьбіты. А яны ў нас другі, пасьля лекаў, прыярытэт пры закупе валюты на біржы. І, адпаведна, на гэтыя 55% і належала б падвысіць цэны на паліва. Бо мы яго робім зь імпартных энэрганосьбітаў».

Спадар Чалы кажа, што ўжо можна рыхтавацца і да наступнага падвышэньня цэн на паліва:
Я думаю, яшчэ гэтых жа 20–25% росту мы пабачым цягам некалькіх бліжэйшых тыдняў.

«Сёньня мы бачылі падвышэньне на 20–25% у залежнасьці ад канкрэтнага віду паліва. І гэта ўжо стандартная практыка нашых уладаў. Яны кожнае падвышэньне дзеляць на дзьве часткі. Так было сёлета ў сакавіку-красавіку. Так што гэта не апошні рост цэнаў. Я думаю, яшчэ гэтых жа 20–25% росту мы пабачым цягам некалькіх бліжэйшых тыдняў».

Тацяна Манёнак лічыць, што ўлады будуць дзейнічаць асьцярожна:

«Тут трэба мець на ўвазе, што цэны на паліва істотна ўплываюць на раскрутку інфляцыі. І таму трэба чакаць вельмі вялікага ўсплёску інфляцыі. І цэны на паліва пацягнуць за сабою падвышэньне цэнаў у сумежных галінах гаспадаркі. Гэта нэгатыўна адаб’ецца і на коштах харчоў».

Гэтае падвышэньне цэнаў на паліва сёлета ўжо чацьвёртае. Летась цэны ўздымаліся тры разы.

дызпаліва бэнзін Н80 бэнзін А92 бэнзін А95
3 сакавіка 2011 2850 2400 3000 3400
14 сакавіка 2850
31 сакавіка 3150 3150 3300 3750
24 траўня 3900 3850 3950 4350
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG