«У адпаведнасьці з прынятай канцэрнам палітыкай стрыманасьці ў галіне коштаў на аўтамабільнае паліва, розьнічныя цэны на АЗС ад 31 сакавіка павялічваюцца на 1 капейку», — паведамляе дзяржканцэрн «Белнафтахім».
Кошт паліва складзе:
- АІ-92-К5-Эўра —1,49 рубля
- АІ-95-К5-Эўра — 1,60 рубля
- АІ-98-К5-Эўра — 1,81 рубля
- ДП — 1,60 рубля
Розьнічныя цэны мяняюцца ў сувязі з ростам кошту нафты з улікам яе рынкавай кан’юнктуры, адзначае «Белнафтахім».
«АД пачатку 2019 году кошт расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, вырасла на 14,3%, а розьнічныя цэны на маторнае паліва за гэты пэрыяд павялічаныя ў сярэднім на 3,25%, што не кампэнсавала росту выдаткаў НПЗ на набыцьцё сыравіны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Гэта ўжо шостае падаражаньне паліва ў Беларусі ад пачатку году. Мінулы раз цэны павышалі 24 сакавіка, тыдзень таму.
У сьнежні 2018 году на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка заявіў, што правядзеньне ў Расеі падатковага манэўру можа прывесьці да падаражаньня аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі на 5-7%.
Віцэ-прэмʼер падкрэсьліў, што, згодна з разьлікамі ўраду, з прычыны падатковага манэўру можа адбыцца штогадовае падаражаньне нафты для Беларусі прыкладна на 21 даляр за тону з выхадам на сусьветныя цэны да 2024 году.