Савет Міністраў сваёй пастановай № 231 абвясьціў у Беларусі 20 красавіка агульнарэспубліканскі суботнік.
Органам дзяржаўнага кіраваньня і арганізацыям, падпарадкаваным ураду, рэкамэндавана на «добраахвотнай аснове» заняцца добраўпарадкаваньнем населеных пунктаў, тэрыторый, аб’ектаў.
Чакалася, што Аляксандар Лукашэнка ды іншыя высокія чыны выправяцца на свае малыя радзімы, каб папоўніць мясцовыя бюджэты. Аднак кіраўнік краіны спыніўся на «Лініі Сталіна».
«Даведачна-аналітычны» матэрыял па выніках суботніка
Між тым у распараджэньне Свабоды трапілі ведамасныя дакумэнты, якія абвяргаюць дэкляраваную «добраахвотнасьць» суботніка. Выглядае, што гэта справа надзвычайнай дзяржаўнай важнасьці.
Напрыклад, работнікам падразьдзяленьняў Міністэрства энэргетыкі прапануецца адпрацаваць 20 красавіка поўны працоўны дзень — ад 8-й да 17-й гадзіны.
Усе заробленыя грошы будуць пералічаныя ў «добраахвотным парадку» на рахункі, указаныя мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
У сваю чаргу генэральны дырэктар установы «Дзяржаўны энэргетычны і газавы нагляд» Аляксандар Азярэц разаслаў даручэньні дырэктарам філіялаў забясьпечыць яго па выніках суботніка «даведачна-аналітычным» матэрыялам пра аб’ём выкананай працы, колькасьць задзейнічанага пэрсаналу. Ён патрабуе, каб адпрацавалі менавіта ў суботу, а ня ў іншыя дні.
Ад суботніка можна «адкупіцца»
На ўмовах ананімнасьці супрацоўнікі дзяржаўных установаў, падначаленых Міністэрству інфармацыі, расказалі Свабодзе: у некаторых выпадках можна ня выйсьці на працу ў дзень суботніка, але ўсё роўна трэба пералічыць свой дзённы заробак.
Адзін з супрацоўнікаў дзяржаўнага СМІ падлічыў, што пры цяперашніх сьціплых заробках страты досыць адчувальныя: ён падзяліў свой месячны заробак («чыстымі» 363 рублі) на 20 працоўных дзён, атрымалася 18 рублёў. Адпаведна, чым вышэйшы заробак, тым большыя адлічэньні.
На што пойдуць грошы
Як і ў папярэднія гады, сёлета, згодна з урадавай пастановай, 50% сродкаў, заробленых падчас суботніку, пойдуць у распараджэньні абласных і Менскага гарадзкога выканкамаў. Улады абяцаюць, што грошы будуць патрачаныя на падрыхтоўку дзіцячых лягераў, аднаўленьне гістарычных аб’ектаў, рамонт мэмарыяльных комплексаў, упарадкаваньне месцаў вайсковай славы.
Другая палова будзе пералічаная Міністэрству фінансаў. Адтуль — на капітальны рамонт манумэнта Перамогі ў Менску і ніжняй рытуальнай пляцоўкі ды службовых памяшканьняў.
Удакладняецца, што ўтрыманьне сродкаў з заробкаў работнікаў, для якіх 20 красавіка зьяўляецца працоўным днём, вызначаецца «зь іх згоды» у памерах, вызначаных самімі калектывамі.
Хоць фармальна суботнік — справа добраахвотная, на практыцы адмова ад удзелу можа выклікаць непрыемнасьці. Аднак паколькі большая частка бюджэтнікаў падпісвае працоўныя дамовы, часта кароткатэрміновыя (на 1-2 гады), скардзіцца на прымус, як правіла, ніхто не адважваецца.
Калі зыходзіць са справаздач ранейшых гадоў, працоўная мабілізацыя ахоплівае больш за 3,5 мільёна беларусаў, задзейнічаных у дзяржаўным сэктары. Цана пытаньня — прыкладна 4 мільёны даляраў у эквіваленце.
Традыцыя суботнікаў ідзе ад часоў СССР
У Беларусі пачалі праводзіць суботнікі ў 1920-х гадах, яны былі прымеркаваныя да дня нараджэньня арганізатара кастрычніцкага перавароту і стваральніка савецкай дзяржавы Ўладзіміра Леніна (22 красавіка). Цяпер суботнікі называюцца ня «ленінскімі камуністычнымі», а «агульнарэспубліканскімі». Але дата і цяпер прывязаная да дня нараджэньня Леніна.
Больш нідзе на постсавецкай прасторы такая ініцыятыва не кантралюецца на дзяржаўным узроўні, з загадамі і пастановамі — сёлета кіраўніком адмысловай рабочай групы прызначаны намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Кухараў.
Добраахвотна-прымусовая практыка працоўных суботаў спынялася ў Беларусі на кароткі тэрмін — ад абвяшчэньня незалежнасьці да пачатку праўленьня Аляксандра Лукашэнкі. Ён ня толькі рэанімаваў калектыўную бясплатную працу, але і ўласным прыкладам заахвочваў да гэтага.
У 2008 годзе Аляксандар Лукашэнка ўпершыню паказаў людзям свайго меншага сына — прывёў на будаўнічую пляцоўку комплексу «Менск-Арэна» малога Міколку, для якога пашылі спэцадзеньне, зрабілі плястмасавую каску і рыдлёўку.
З году ў год Аляксандар Лукашэнка з грамадой чыноўнікаў наведвае будоўлі дзяржаўнай важнасьці. Адрасамі суботнікаў былі Нацыянальная бібліятэка, аквапарк «Лебядзіны», акушэрска-гінэкалягічны корпус лякарні, плошча Дзяржаўнага сьцяга, спарткомплекс «Чыжоўка», пляцоўка Музэя гісторыі Айчыннай вайны, менскі стадыён «Дынама», цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы.
Летась Лукашэнка з сынамі працаваў на радзіме — парадкаваў крыніцу побач зь вёскай Александрыя Шклоўскага раёну. Сёлета яны высаджвалі дубы на «Лініі Сталіна» побач з Заслаўем.