Беларусь — адна з апошніх посткамуністычных краінаў, у якой захаваліся «сьвяты бясплатнай працы» — суботнікі. Савецкая традыцыя спынялася ў Беларусі толькі на кароткі час — ад абвяшчэньня незалежнасьці да пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.
Ён ня толькі рэанімаваў калектыўную бясплатную працу, але і ўласным прыкладам заахвочваў добраўпарадкаваць той ці іншы аб’ект. Побач зь ім заўсёды знаходзяцца чыноўнікі, спартоўцы, бізнэсоўцы, прыгожыя дзяўчаты. І абавязкова ў апошнія 10 гадоў — малодшы сын Мікалай.
Свабода сабрала інфармацыю, на якіх аб’ектах за апошняе дзесяцігодзьдзе працаваў Аляксандар Лукашэнка.
2008 год: «Менск-Арэна», першае зьяўленьне малодшага сына Колі
Менавіта падчас суботніку 18 красавіка 2008 году беларусы даведаліся, што ў Лукашэнкі ёсьць трэці сын. Аляксандар Лукашэнка прывёў на будаўнічую пляцоўку комплексу «Менск-Арэна» маленькага Міколку: для дзіцяці адмыслова пашылі спэцадзеньне, зрабілі плястмасавую міні-каску і рыдлёўку.
У той год на суботніку было зароблена 13,9 мільярда рублёў, сродкі пайшлі на набыцьцё мэдычнага абсталяваньня для шпіталяў Беларусі.
2009 год: зноў «Менск-Арэна», з Уладзімерам Навумавым і Юрыем Чыжом
Як і ў папярэдні суботнік, Аляксандар Лукашэнка працаваў на будаўніцтве «Менск-Арэны»: займаўся ўкладкай бэтону ў падмурак будучай Алеі славы. Зь ім працавалі кіраўнік штабу будаўніцтва «Менск-Арэны», тагачасны міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, генэральны дырэктар ААТ «Трайпл» Юры Чыж, вядомыя спартоўцы, трэнэры.
14,5 мільярда рублёў, заробленыя на суботніку, пайшлі на аднаўленьне і добраўпарадкаваньне мэмарыяльных абʼектаў Вялікай Айчыннай вайны і на аграгарадкі.
2010 год: Музэй гісторыі Вялікай Айчыннай з Колем і прыгажунямі
Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам працавалі на будаўніцтве Музэя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Разам з вэтэранамі заклалі памятную капсулу з пасланьнем нашчадкам. На гэтай жа будаўнічай пляцоўцы побач з Лукашэнкам шчыравалі ўдзельніцы конкурсу прыгажосьці «Міс Беларусь 2010».
46,6 мільярда рублёў, заробленых беларусамі падчас суботніка, былі накіраваныя на ўзьвядзеньне новага Музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
2011 год: «Чыжоўка-Арэна» з Макеем і Корбутам
Зноў спартовы комплекс — Лукашэнка працаваў на будаўніцтве «Чыжоўка-Арэны». Ягоная брыгада выконвала бэтонныя работы. Побач працавалі тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей і кіраўнік спраў Мікалай Корбут, а таксама хакеісты.
За дзень суботніка беларусы зарабілі 19,5 мільярда рублёў. Сродкі пайшлі на дапамогу пацярпелым ад тэракту ў менскім мэтро, аздараўленьне дзяцей з чарнобыльскай зоны і на будаўніцтва музэю ВАВ.
2012 год: аквапарк «Лебядзіны» і зноў прыгажуні
Аляксандар Лукашэнка працаваў з сынам Мікалаем на будаўніцтве менскага аквапарку «Лебядзіны», яны ўкладвалі цэглу. Як і два гады таму, побач працавалі прыгажуні — удзельніцы конкурсу «Міс Беларусь 2012». Меркавалася, што аквапарк здадуць у 2013 годзе, аднак першых наведнікаў ён прыняў толькі ў 2015-м.
Зарабілі беларусы тады 40 мільярдаў рублёў. Палова сродкаў пайшла на будаўніцтва Музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, другая палова — на падрыхтоўку аздараўленчых летнікаў да сэзону.
2013 год: плошча Дзяржаўнага сьцяга з Ладуцькам і Чыжом
Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Мікалаем працавалі на добраўпарадкаваньні плошчы Дзяржаўнага сьцяга. Побач зь імі — тагачасны старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька, кіраўнік ААТ «Трайпл» Юры Чыж.
На суботніку беларусы зарабілі тады 53 мільярды рублёў. Палову пералічылі на закупку машын хуткай дапамогі, астатнія грошы пайшлі на рамонт дзіцячых летнікаў.
2014 год: радзільня з Дар’яй Домрачавай
Аляксандар Лукашэнка працаваў на будаўніцтве акушэрска-гінэкалягічнага корпуса 5-га гарадзкога клінічнага шпіталя. Разам зь ім працавала і трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава. Тады Лукашэнка параіў Дашы нарадзіць двойню і паабяцаў у новай радзільні асобную палату.
Праз два гады Дар’я Домрачава нарадзіла дачку Ксенію, але ў іншай радзільні — 6-га клінічнага шпіталя.
Заробленыя на тым суботніку сродкі пайшлі на будаўніцтва Цэнтру пазытыўна-эмісійнай тамаграфіі РНПЦ анкалёгіі і радыялёгіі.
2015 год:дзіцячая паліклініка з Санковіч, Чыжом, Радзьковым
Разам з сынам Мікалаем Аляксандар Лукашэнка будаваў экспэрымэнтальнаю дзіцячую паліклініку ў Каменнай Горцы. Бацька і сын напаўнялі вазкі цэмэнтнай сумесьсю, а памочнік прэзыдэнта Аляксандар Радзькоў іх адвозіў. У іх брыгадзе працаваў таксама начальнік службы бясьпекі Лукашэнкі Віктар Шынкевіч, вядомыя бізнэсоўцы, трэнэры, кіраўнікі фэдэрацый — Юры Чыж, Сяргей Цяцерын, Уладзімер Канаплёў.
Зароблены 61 мільярд рублёў патрачаны на патрэбы мэдыцыны і сьвяткаваньне 70-годзьдзя Перамогі.
2016 год: рэканструкцыя стадыёну «Дынама» бяз Колі
Аляксандар Лукашэнка працаваў на рэканструкцыі стадыёну «Дынама». Ён выконваў работы ў складзе брыгады на бэтанаваньні маналітных перакрыцьцяў трыбуны. Побач працавалі спартоўцы, трэнэры, чыноўнікі, але сына Мікалая на суботніку не было. За час працы выкарыстана 30 машын бэтону, заліта 240 кубамэтраў, 140 зь якіх — брыгадай кіраўніка дзяржавы.
Палова сабраных на суботніку сродкаў пералічаная на праектаваньне і будаўніцтва абласнога дзіцячага клінічнага шпіталя ў Гомлі.
2017 год: цэнтар мастацкай гімнастыкі і бервяно
Аляксандар Лукашэнка працаваў на будаўніцтве Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў мастацкай гімнастыцы ў Менску.
На гэтым суботніку брыгада Лукашэнкі паўтарыла «працоўны подзьвіг» Уладзімера Ільіча Леніна — несла бервяно. Наперадзе — сын Мікалай, за ім Аляксандар Лукашэнка, трэнэры Сяргей Цяцерын, Міхаіл Захараў ды іншыя.
Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі ў мастацкай гімнастыцы нядаўна быў урачыста адкрыты.
Беларусы зарабілі на тым суботніку больш за 7 мільёнаў рублёў. Сродкі пайшлі на рэканструкцыю гісторыка-культурных аб’ектаў, падрыхтоўку спартовых лягераў.
2018 год: Год малой радзімы. Копысь ці Александрыя?
2018-ы абвешчаны Годам малой радзімы. Кіраўнікі дзяржаўных органаў падчас суботніку будуць працаваць там, дзе нарадзіліся. Ня выключана, што Аляксандар Лукашэнка паедзе ў Копысь альбо ў Александрыю.