Пракуратура Менскай вобласьці не знайшла падставаў для праверкі і прыняцьця мераў з нагоды заявы пра незаконнае прыцягненьня работнікаў да прымусовай працы на чатырох суботніках запар.
Сёлета ў рэдакцыю people.onliner.by прыйшлі лісты зь Менскага раёну, у якіх людзі скардзіліся і абураліся што іх прымушалі выходзіць на суботнік усе чатыры суботы месяца (6, 13, 20, 27 кастрычніка).
Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч зьвярнуўся ў Пракуратуру Менскай вобласьці, каб тая правяла праверку і выявіла факты незаконнага прыцягненьня работнікаў да прымусовай працы, высьветліла, хто даў такія распараджэньні, і прыцягнула вінаватых да адказнасьці, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
Пазьней ён атрымаў адказ з пракуратуры: у ім гаворыцца, што «падставаў для праверкі і прыняцьця захадаў пракурорскага рэагаваньня няма».
«Удзел у правядзеньні названых мерапрыемстваў зьяўляецца добраахвотным, што пацьвярджаецца характарам фармулёўкі распараджэньня — прапанова», — адказала абласная пракуратура.
«У вашым паведамленьні няма канкрэтных зьвестак ад пагрозе прымяненьня гвалтоўных узьдзеяньняў да работнікаў Менскай вобласьці пры іх прыцягненьні да суботнікаў, гэтак жа як і прыцягненьня непаўналетніх для выкананьня сельскагаспадарчых работ», — дадалі ў пракуратуры.
Штогод у Беларусі праходзяць суботнікі. Ад супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і многіх прыватных кампаній патрабуюць працаваць у асобныя суботы і аддаваць прыбытак за гэты дзень на фінансаваньне дзяржаўных патрэбаў. Калі хто адмаўляецца ўдзельнічаць у суботніках, яму пагражаюць грашовым штрафам.
Таксама ў Беларусі рэгулярна накіроўваюць на ўборку ўраджаю школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, работнікаў бюджэтных установаў і нават армію. Шматлікія выпадкі прымусовай працы адсочваюць і абскарджваюць беларускія праваабаронцы.