Аляксандар Лукашэнка ў дзень «рэспубліканскага суботніка» ў камуфляжнай форме саджаў дрэвы на «лініі Сталіна». Там жа яго пазнаёмілі з новай экспазыцыяй узбраеньняў, паведамляе БелТА.
Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем ды падначаленымі высадзілі 75 дубоў у гонар 75-й гадавіны вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 30 сосен да 30-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану.
На тэрыторыі «гісторыка-культурнага комплексу» пастаўлены бюст Ёсіфу Сталіну — арганізатару масавых рэпрэсіяў на тэрыторыі СССР, уключна зь Беларусьсю.
Ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам забітыя дзясяткі тысяч «ворагаў савецкай улады». Аднак Лукашэнка катэгарычна супраць, каб грамадзтва самастойна ўшаноўвала іх памяць: за апошні час пад прыкрыцьцём «добраўпарадкаваньня» цяжкая тэхніка выкарчавала і вывезла адтуль больш за сотню крыжоў.