Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На магіле айца Аляксандра Надсана, якога нам не стае


Магіла айца Аляксандра Надсана ў Лёндане
Магіла айца Аляксандра Надсана ў Лёндане

Вось мінула чатыры гады, як зь Вялікай Брытаніі прыйшла ў Беларусь жалобная вестка. Яго нам ня стала. І нестае кожны дзень. Хоць увесь гэты час я падманвала сябе, націскала на тэлефонныя пімпачкі з трымцьлівым чаканьнем пачуць з-за Ля-Маншу ціхі спакойны голас. Ягоны. Маўчаньне...

Урэшце вырушваю ў Лёндан, усё яшчэ маючы мройны спадзеў засьпець гаспадара беларускага цэнтру на Holden Road 37. Там тысячы скарбаў музэю і бібліятэкі сустракаюць самлелаю праўдай. Яго больш няма.

І кнігі, і рэчы засталіся на месцы. Зьнікла тое няўлоўнае, што атуляла прастору вакол, — аўра стваральніка і захавальніка гэтай самотнае выспы на мапе беларускай прысутнасьці ў сьвеце.

Кабінэт айца Аляксандра Надсана
Кабінэт айца Аляксандра Надсана

Ягоны старэнькі кампутар даўно не кранала рука. Шуфляды ў пісьмовым стале не прымаюць новых нататак пра тайніцы веры і шлях кшталцаваньня душы.

Замкнёныя шафы музэю. Зь ягонымі скарбамі больш ніхто не вядзе бясслоўнай размовы.

Капліца сьвятых Пятра й Паўла чатыры гады не люструецца рэхам ягонай дасьціпнай заўвагі пра тое, што сёньня на службе былі ўсяго двое: «Я і Бог». Дый самую капліцу перасялілі ў малы закуток — in memoriam аб сьвятару.

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу
Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу

На ініцыятыву Аляксандра Надсана (ужо пасьля ягонай сьмерці) у Лёндане была збудаваная беларуская царква. Дзіва дзіўнае з простага дрэва і шкла стварыў беларусам кітаец Цзыўай Со.

Яна так прывабна і гожа сьвеціцца ноччу, што хочацца прытуліцца шчакою да ейных гладнюсенькіх сьценаў. І верыць, што гэты шэдэўр напоўніцца духам таго, хто яго ўжо ня ў стане пабачыць. А можа, і ня так. Мо воблік ягоны эфірны тут недзе прысутны.

Цзыўай Со
Цзыўай Со

Спачывае ў магіле пры Рымскай дарозе старых утравелых кладоў сьвятога Панкрата толькі цела ўнікальнай асобы.Гартавальніка духу слабых і зьнявераных. Ратавальніка сэрцаў схварэлых і чэрствых. Сымбаля сьвятара, побач зь якім хацелася стаць хоць крышачку лепшым. Тысячы й тысячы тых, каму шчасьціла зь ім сустракацца хоць на колькі хвілінаў, перамяняліся да праўды, дабра і свабоды.

«Беларусі ў замежжы мы вам не збудуем», — ягоны пастулят. Слушны ў літаральным значэньні. Ягоная прыроджаная сьціпласьць абмяжоўвала самаацэнку. Незьлічоныя храмы, якія ён збудаваў у душах тутэйшых, і ёсьць тая Краіна, дзеля якое прайшоў ён свой нетутэйшы шлях.

Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лёндане
Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лёндане
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG