Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Айцец Надсан — чалавек-эпоха, які жыў для Беларусі»


Аляксандар Надсан
Аляксандар Надсан

Пра свайго настаўніка Аляксандра Надсана ў інтэрвію Свабодзе распавядае доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая.

У Лёндане на 89-годзе жыцьця памёр уніяцкі сьвятар, дасьледчык-беларусіст і грамадзкі дзеяч, айцец Аляксандар Надсан.

Беларускі філёзаф і тэоляг, доктар філязофіі, доктар сакральнай тэалёгіі Ірына Дубянецкая чатырнаццаць гадоў жыла ў Лёндане і працавала разам з айцом Аляксандрам. У інтэрвію Радыё Свабода Ірына Дубянецкая падзялілася сваімі ўспамінамі пра айца Аляксандра Надсана.

Ірына Дубянецкая. Фота Дзяніса Раманюка
Ірына Дубянецкая. Фота Дзяніса Раманюка

«Айцец Аляксандар Надсан — найвялікшы чалавек нашай эпохі і адзін з найвялікшых у маім асабістым жыцьці. Дзесяцігодзьдзямі гэты чалавек — можа, адзіны ў сьвеце — штодня маліўся за Беларусь і па-беларуску. Да 1990 году мы толькі крыху ведалі пра тое, што ён ёсьць дзесьці ў сьвеце і сваёй дзейнасьцю выяўляе і папулярызуе беларускую духоўнасьць. Усе наступныя веды прыйшлі пазьней, калі ў 1990 годзе ён здолеў упершыню за шмат гадоў прыехаць сюды, у Беларусь.

У той час мы спрабавалі адрадзіць даўнюю беларускую духоўную традыцыю — часопіс „Унія“. Калі мы даведаліся, што айцец Надсан да нас прыяжджае, то для нас гэта была надзвычай важная падзея. Гэта быў вялікі знак, вялікая радасьць, надзея і спадзяваньне.

Айцец Надсан прыехаў на досьвітку — паміж чацьвёртай і пятай раніцы — цягніком з Варшавы. Айцец Аляксандар тут нікога ня ведаў, акрамя айца Яна Матусевіча, які за два гады перад тым быў у яго ў Лёндане. І таму спадзяваўся, што айцец Ян Матусевіч яго і сустрэне. А калі цягнік спыніўся, то айцец Аляксандар пабачыў на пэроне велізарны натоўп з расьцяжкамі і плякатамі пра Чарнобыль. Айцец Надсан ехаў на Бацькаўшчыну праз паўстагодзьдзя адсутнасьці і ехаў менавіта па справах, зьвязаных з Чарнобыльскай катастрофай. Ня ведаючы, якія менавіта тут ёсьць патрэбы, але ведаючы, якой вялікай была чарнобыльская трагедыя, ён сабраў, што мог — мэдыкамэнты, розныя прылады — і вёз, каб паглядзець, што насамрэч адбываецца. І калі ён убачыў на пэроне натоўп у паўтары сотні чалавек, то зьдзівіўся: што гэтыя людзі робяць гэтак рана на вакзале ды яшчэ з чарнобыльскімі плякатамі. І быў проста невымоўна ўражаны, калі даведаўся, што гэтыя людзі прыйшлі сустракаць менавіта яго. Хоць тады мы толькі збольшага ўяўлялі, што гэты чалавек значыць для Беларусі.

Айцец Аляксандар гадамі, нават ня маючы магчымасьці з кімсьці параіцца, а тым больш ня маючы дапамогі, перакладаў на беларускую мову літургічныя тэксты. Для яго было вельмі важным, каб службы Божыя адбываліся па-беларуску. Бо раней у Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане было шмат сьвятароў, але службы адбываліся па-царкоўнаславянску. Ён нават ня меў падтрымкі ў гэтым пытаньні, таму самастойна, адзін працаваў над перакладамі. Ён пераклаў практычна ўвесь літургічны збор грэцкіх тэкстаў на беларускую мову, а гэта вельмі вялікі аб’ём. Калі ён застаўся адзіным сьвятаром, то пачаў служыць па-беларуску. Гэта ён рабіў штодня, двойчы на дзень, незалежна ад таго, былі яшчэ людзі на службе альбо не. І калі так здаралася, што нікога не было, то ён казаў: сёньня на службе былі дзьве асобы — я і Бог. Неўзабаве па ягоных тэкстах пачалі маліцца і ў Беларусі, а таксама гэтая традыцыя пашырылася на іншыя цэрквы. Гэта было, бадай, адзінае сьвятло ў цемры беларускасьці.

Ён адзіны рабіў гэтулькі, колькі не зрабілі цэлыя інстытуты. Да прыкладу, заставаўся бібліятэкарам бібліятэкі імя Францішка Скарыны, якую ён складаў і рабіў зь яе адзін вялікі інтэлектуальны Цэнтар дасьледаваньня Беларусі па-за межамі Беларусі. Займаўся скарыназнаўствам, зрабіў некалькі навуковых адкрыцьцяў у гэтай галіне і значна паўплываў на скарыназнаўства. Ён вельмі добра ведаў беларускую кніжную традыцыю і добра ведаў усю гісторыю друку: калі і якія былі друкарні, што і як выдавалася па-беларуску. Таксама дасьледаваў беларуска-татарскія выданьні, калі беларускія тэксты пісаліся арабскімі літарамі. Ён сам расчытваў гэтыя тэксты, дасьледаваў іх, пісаў пра іх у замежным друку і зацікавіў гэтым міжнародную супольнасьць. Ён добра ведаў беларускую гісторыю: глыбока дасьледаваў малітоўную традыцыю Кірылы Тураўскага, гісторыю беларускай царквы 20 стагодзьдзя, якая да яго не вывучалася і не дасьледавалася. У яго былі вялікія працы пра Магдалену Радзівіл і яе адносіны зь беларускай Усходне-каталіцкай царквой, пра Друйскі кляштар марыянаў, а таксама пра Чэслава Сіповіча — значную асобу беларускай гісторыі, які быў першым беларускім каталіцкім біскупам у ХХ стагодзьдзі і зь якім яны былі вельмі добра знаёмыя. Зь беларускай паэзіі айцец Аляксандар мог цытаваць да бясконцасьці «Новую Зямлю» Якуба Коласа, які быў ягоным улюбёным паэтам.

Усе абсалютна людзі на Захадзе, якія прафэсійна займаліся беларусістыкай альбо цікавіліся Беларусьсю, абавязкова траплялі да айца Аляксандра ў Лёнданскі цэнтар, і кожнаму ён дапамагаў. Ён быў добра вядомы ў рэлігійных, акадэмічных колах, грамадзкіх колах. Няма чалавека, які паўстаў бы нароўні зь ім: толькі многія людзі, разам узятыя, змаглі б скласьці тую вагу, значнасьць і магутнасьць, якія ўяўляў сабой айцец Аляксандар. Ён пашыраў веды пра Беларусь у заходнім сьвеце, менавіта празь яго многія вядомыя ў сьвеце людзі захапіліся Беларусьсю. Аляксандар Надсан — унікальны чалавек».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG