Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Надсана


Аляксандар Надсан
Аляксандар Надсан

Айцец Аляксандар Надсан быў унікальнай постацьцю ў беларускім сьвеце. А ў комплексе беларускіх установаў у паўночным Лёндане — у «беларускай вёсцы» — ён быў практычна ўсім. Што застаецца па ім пасьля таго, як ён пайшоў з жыцьця сёлета 15 красавіка?

Аляксандар Надсан доўгія дзесяцігодзьдзі быў грэка-каталіцкім сьвятаром, апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы, кіраўніком Бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны, старшынём дабрачыннага Чарнобыльскага фонду.

Айцец Аляксандар займаў такое важнае месца ў розных палях беларускай дзейнасьці, што пасьля яго адыходу адчуваецца вялікая пустка. Няма сэнсу задавацца пытаньнем — хто заменіць яго там, дзе яго больш няма, бо гэты чалавек у сваёй унікальнасьці і ў сукупнасьці сваіх функцыяў сапраўды незаменны. На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў ён рыхтаваў сабе наступнікаў і ўзгадаваў нямала тэолягаў, біблеістаў, бібліятэкараў, архівістаў — іх хапіла б на невялікую але сур’ёзную навуковую ўстанову. Аднак аднаго чалавека, які спалучыў бы ў сабе ўсе грані айца Аляксандра, знайсьці, бадай што немагчыма.

Што ж сёньня чакае ўсё тое, чым доўгія гады кіраваў айцец Аляксандар? Найперш — Беларускую каталіцкую місію і Бібліятэку імя Францішка Скарыны? Мы пагаварылі з вучнямі і наступнікамі Айца.

Айцец Сяргей Стасевіч — магістар кананічнага права, высьвячаны на грэка-каталіцкага сьвятара ў Лёндане ў 2006 годзе — пераняў па айцу Аляксандру сьвятарства ў Беларускай каталіцкай місіі.

а. Сяргей Стасевіч. Фота: Мікалай Пачкаеў
а. Сяргей Стасевіч. Фота: Мікалай Пачкаеў

а. Сяргей Стасевіч: Наша беларуская супольнасьць была ў складанай сытуацыі, асабліва з пункту гледжаньня царкоўнага права. Хоць айцец Аляксандар каардынаваў дзейнасьць беларускай грэка-каталіцкай царквы ў дыяспары, але належнай кананічнай улады тут на месцы ў яго не было. У сувязі з гэтым, яшчэ задоўга да таго, як пачалася рэарганізацыя місіі, перад намі паўсталі велізарныя праблемы. Я бачыў, што мадэль, паводле якой нашы непасрэдныя рэлігійныя начальнікі былі ў Рыме, а жыць і дзеяць трэба тут, не працавала. Я пачаў спрабаваць вырашыць гэтую сытуацыю з дапамогай зацікаўленых кампэтэнтных асобаў у каталіцкай царкве Брытаніі з мэтай увайсьці ў падпарадкаваньне нейкай мясцовай кананічнай структуры, каб магчы вырашаць усе нашы праблемы на месцы. І вось пасьля нашых кансультацыяў з Апостальскім Нунцыям у Вялікабрытаніі 18 сьнежня 2014 году Сьвяты Айцец Францішак аддаў нас у царкоўнае падпарадкаваньне біскупу Глебу Ланчыну, япарху нядаўна заснаванай грэка-каталіцкай япархіі Сьвятой Сям'і ў Лёндане з захаваньнем нашай ідэнтычнасьці, царкоўных традыцый і ўсіх нашых матэрыяльных дабротаў дзеля дабра беларусаў, якія жывуць тут.

Сяргей Шупа: А якая сытуацыя існавала да гэтага?

а. Аляксандар Надсан, а. Сяргей Стасевіч. Фота: а. Сяргей Сурыновіч
а. Аляксандар Надсан, а. Сяргей Стасевіч. Фота: а. Сяргей Сурыновіч

а. Сяргей: Ад 1947 году Беларуская каталіцкая місія існавала ў непасрэдным падпарадкаваньні Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў у Рыме. Некалі тут быў біскуп Сіповіч, які сам быў ярархам. Айцец Аляксандар такой улады ня меў, але яго наяўная мадэль існаваньня задавальняла. Аднак цяпер, калі мы пачалі вырашаць практычныя пытаньні – нам трэба спачатку было прадаць зямлю, а пасьля атрымаць з яе грошы на іншыя праекты – гэта было ўжо зрабіць вельмі складана, бо нашы начальнікі былі ў Рыме, і трэба было бясконца прасіць апрабаты па кожным пытаньні. Адказы часам не прыходзілі або прыходзілі з спазьненьнем. Не было сэнсу ў тым,каб маленькая місія ў Лёндане ў практычнай дзейнасьці непасрэдна залежала ад Усходняй Кангрэгацыі ў Рыме, якая звычайна мае справу з праблемамі вышэйшага парадку. Усё так здарылася таму, што ў беларусаў дагэтуль няма сваёй ярархіі. Пасьля біскупа Тарасевіча – апошняга каталіцкага біскупа ўсходняга абраду, які памёр у 1986 годзе – у нас дагэтуль няма сваіх біскупаў. Аднак цяперашняя мадэль нас задавальняе, яна дае нам надзею на тое, што мы зможам разьвівацца. Цяпер, у адсутнасьці Айца, наш начальнік – уладыка Глеб, і ён цяпер мусіць дбаць, каб місія заўсёды мела беларускага сьвятара. Гэта – ягоны абавязак, дадзены яму Сьвятым Айцом Францішкам, Папам рымскім.

СШ: Значыць, у яго няма інтэнцыі пашырыць тут украінскія ўплывы?

а. Сяргей: Украінцы – нашыя браты. У тым ліку паводле веры. І я шмат разоў меў магчымасьць пераканацца ў гэтай простай праўдзе, жывучы тут. Воля Рыму ў тым, каб гэтае месца заставалася беларускім, і я перакананы, што ўкраінскі Ўладыка будзе пра гэта дбаць.

СШ: Ці вакол місіі складаецца парафія?

а. Сяргей:

Парафія – гэта царкоўная супольнасьць, часьцінка народу Божага, уваходзіць у япархію, якую узначальвае біскуп. Місія – таксама царкоўная адзінка, толькі ствараецца на тэрыторыі іншай япархіі, напрыклад лацінскага абраду, дзеля абслугоўваньня сваіх – беларускіх ці украінскіх вернікаў, мае часовы характар. Такой была пасьляваенная практыка ў Эўропе падчас перасяленьня гэтак званых паняволеных народаў. Усе супольнасьці эмігрантаў у Вялікай Брытаніі як лацінскага так і усходняга абраду зь місіяў ужо перарасьлі ў парафіі. Цяпер надышла наша чарга. Мы ўрэшце зьбіраемся будаваць сапраўдны храм – царкву Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу.

СШ: Колькі людзей рэгулярна прыходзіць на службы ў хатняй капліцы ў Марыян Хаўз?

а. Сяргей: Нашы набажэнствы рэгулярна наведвае каля дваццаці чалавек – гэта ўсё новыя эмігранты. Старых людзей у нас вельмі мала, і яны ўсе праваслаўныя – яны ходзяць на набажэнствы, хоць ніколі не прычашчаюцца. Беларускіх праваслаўных цэркваў тут больш няма, а мы адзіная беларуская царква ў Лёндане.

СШ: У вас працуе і нядзельная школка для беларускіх дзяцей?

а. Сяргей: Гэта праект, які я распачаў з Божай дапамогай і з бласлаўленьня айца Аляксандра. Было зацікаўленьне з боку тутэйшых беларусаў у навучаньні іхніх дзяцей мовы і культуры беларусаў. Мы спрабуем дапамагчы бацькам закласьці і падтрымліваць у дзецях беларускасьць – у бальшыні бацькоў такіх здольнасьцяў няма, і дзеці асымілююцца. Ну і, безумоўна, выкладаем асновы рэлігіі ў зразумелай для дзяцей форме, бо зьяўляемся беларускай царквой у Брытаніі, якая думае пра сваю будучыню.

Нядзельная школка пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане. Фота: belarusians.co.uk/
Нядзельная школка пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане. Фота: belarusians.co.uk/

Мы ня ставім умовай абавязковае наведваньне царквы, таму палова бацькоў, якія прыводзяць дзяцей у школку, не наведваюць набажэнстваў рэгулярна. Мы імкнемся ісьці шырэй – да усіх, каму проста цікава тое, што мы прапануем. Школка існуе на ахвяраваньні – таму, хоць аплаты за навучаньне няма, мы заахвочваем беларусаў ахвяроўваць грошы на школу, у тым ліку тых, у каго няма сваіх дзяцей.

Усяго нядзельнай школай ахоплена 14 дзяцей ад трох да шаснаццаці гадоў. Ёсьць і свая настаўніца Натальля Раманчук, яна з Беларусі, пэдагог і мае багаты вопыт працы з дзецьмі пры каталіцкіх парафіях.

Яшчэ адна важная справа – некаторыя дарослыя людзі хочуць вучыць беларускую мову, для іх мы арганізавалі спэцыяльныя моўныя заняткі па суботах. Мы таксама заахвочваем усіх зацікаўленыя далучацца да гэтай суботняй школы. З Божай дапамогай будзе плён і гэтага.

СШ: Як ідуць справы з пабудовай новай царквы?

а. Сяргей:

Наш новы біскуп Глеб блаславіў нас на тое, каб распачаць будаўніцтва, і справа ужо падыходзіць да стадыі выкананьня задумы. Наш архітэктар знайшоў таленавітага ангельца-цесьляра, нашчадка школы Артс энд Крафтс, які будуе выключна будынкі з дрэва. Хутка будзе падпісаны зь ім кантракт, і можна пачынаць будаўніцтва.

СШ: Адкуль ідэя збудаваць царкву з дрэва паводле традыцыйных узораў? Ці прататыпам быў нейкі канкрэтны беларускі храм?

a. Аляксандар Надсан паказвае макет будучай царквы
a. Аляксандар Надсан паказвае макет будучай царквы

а. Сяргей: Гэта было маёй ідэяй ад пачатку служэньня ў Брытаніі. Наш архітэктар Цзы-Уай Со пабываў у Беларусі, мы былі зь ім на Лідчыне, у Менску і на Палесьсі. Яго моцна уразіў Музэй беларускай народнай архітэктуры ў Строчыцах, а таксама мае ўлюбёныя цэрквы з рэгіёну, адкуль я родам – у Івацэвіцкім ране. Ён распрацаваў сучасны праект, паводле цяперашняй брытанскага трэнду ўжываць дрэва ў гарадской архітэктуры, які, аднак быў натхнёны драўляным дойлідствам Беларусі. У Беларусі крытыкавалі наш праект за вясковасьць, неадпаведнасьць Брытанскай сталіцы, параўноўвалі яго зь сельскагаспадарчымі пабудовамі, але вось Антон Астаповіч, кіраўнік таварыства аховы помнікаў, пахваліў і сказаў, што гэта сапраўды іканічны беларускі храм – аднавежавая базыліка з вежай-сыгнатурай над фасадам, бо нічога больш тыповага для сакральнага дойлідства Беларусі няма незалежна ад рэгіёну. Такія водгукі для нас тут вельмі важныя. Я не перастаю сьцьвярджаць, што мы – дыяспара і беларусы на радзіме – адзін народ. Мы мусім будаваць і умацоўваць гэтую духоўную еднасьць.

***

Што сёньня чакае бібліятэку? Якія праблемы перад ёй стаяць? Якія варыянты далейшага разьвіцьця сытуацыі? Расказвае Ігар Іваноў, сакратар Апякунскай рады Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны:

Ігар Іваноў: Айцец пакінуў бібліятэку як грандыёзны праект зь вельмі выразнай візіяй — несьці асьвету пра Беларусь у Заходні сьвет. Гэтая візія і да сёньня застаецца рэлевантная. Яна палягае ў тым, каб зьбіраць беларусістыку і стварыць цэнтар, дзе людзі, якія цікавяцца Беларусьсю, маглі б пашыраць свае веды і інтарэсы. За 40 гадоў існаваньня бібліятэкі ў ёй пабывала тысяча дасьледнікаў, былі напісаныя дзясяткі кніг і артыкулаў пра Беларусь на самых розных мовах.

Цяпер сытуацыя крышачку мяняецца, бо мяняецца сьвет. Бібліятэка робіцца менш даступнай для дасьледчыкаў зь Беларусі, а Беларусь робіцца больш даступнай для дасьледчыкаў з замежжа. Таму бібліятэка будзе пераасэнсоўваць сваё месца. Думаю, што яна будзе больш разварочвацца ў бок беларускай грамады ў самой Брытаніі, бо тут зьяўляецца ўсё больш беларусаў, тут ёсьць маладое пакаленьне, якое прыехала сюды зь іншых прычынаў, чым паваенная хваля беларускіх эмігрантаў. Таму цяпер у бібліятэкі зьяўляецца новая задача — падтрымліваць культурныя патрэбы маладой беларускай эміграцыі.

Разам з тым роля бібліятэкі ў справе пашырэньня інфармацыі пра Беларусь у Брытаніі робіцца ўсё больш актуальнай, бо беларускі голас у Брытаніі не такі гучны. Бібліятэка можа быць грамадзкім цэнтрам, дзе людзі могуць зьбірацца, гэта месца, дзе гутарка можа весьціся і па-беларуску, і па-ангельску. Гэтае месца непрыватызаванае і непадцэнзурнае і павінна такім заставацца. Бо бібліятэка настолькі каштоўная, наколькі яна непадцэнзурная. Тым яна і ўнікальная сярод іншых арганізацыяў, яна павінна заставацца па-за ідэалёгіямі.

СШ: Значыць, выключаюцца ўсе варыянты залежнасьці бібліятэкі ад нейкай дзяржавы, напрыклад, Рэспублікі Беларусь?

ІІ: Залежнасьць выключаецца. Было б, вядома, добра супрацоўнічаць — бібліятэка заўсёды добра супрацоўнічала з рознымі арганізацыямі ў Беларусі, у тым ліку савецкай Беларусі. Добра вядомы факт, што значная частка фондаў бібліятэкі была атрыманая празь Бібліятэку Акадэміі навук Беларусі, зь якой у свой час існавала праграма абмену фондамі. Гэты абмен спыніўся, бо цяпер няма матэрыяльнага сэнсу гэта рабіць. Але заўсёды існавалі кантакты — са Скарынаўскім цэнтрам часоў Адама Мальдзіса, зь іншымі арганізацыямі і ўстановамі, гэта заўсёды было, хоць часам і мянялася, і гэтак яно будзе і ў будучыні. Але залежнасьці ня будзе, бібліятэка павінна заставацца голасам, які гаворыць да Беларусі — якой бы яна там ні была, да беларусаў у Брытаніі, да брытанскага грамадзтва.

СШ: Ці не магла б бібліятэка выконваць функцыю, падобную да той, якую маюць культурныя прадстаўніцтвы розных краінаў за мяжою — Інстытут Гётэ, Інстытут Сэрвантэса, British Council?

ІІ: Сама па сабе бібліятэка такую функцыю выконваць ня можа. Скарынаўская бібліятэка заўсёды была тут часткай большага беларускага праекту, і такой часткай яна застанецца. Было б, вядома, пажадана, каб у выніку ўсё гэта разьвілася ў нейкі грамадзка-культурны цэнтар.

СШ: Тут маглі б праводзіцца канфэрэнцыі, выставы, курсы беларускай мовы...

ІІ: Ёсьць самая новая ініцыятыва і, з майго гледзішча, вельмі цікавая — бібліятэчны абанэмэнт, якога тут ніколі не было. Сюды прыходзіць маладое пакаленьне — па нядзелях сюды прыходзяць на службу, разам з бацькамі прыходзяць дзеці — яны хочуць пазычаць кніжкі!

СШ: Хто б мог быць наступнікам айца Аляксандра як бібліятэкара?

ІІ: Айцец быў унікальны як асоба, і ягоная роля таксама была ўнікальная. Ягоная пасада ў бібліятэцы называлася «бібліятэкар». Але насамрэч ён — і заснавальнік, і філёзаф гэтай бібліятэкі, і яе натхняльнік. І я думаю, што замяніць яго «адзін да аднаго» немагчыма, дый ня трэба. У красавіку сёлета бібліятэка зноў была зарэгістраваная як дабрачынная арганізацыя (charity) паводле брытанскіх законаў. Гэта для нас вельмі значная падзея, бо гэта азначае, што ў вачах брытанскай дзяржавы бібліятэка выконвае вельмі важную культурную і грамадзкую ролю, робіць вельмі важны ўнёсак у жыцьцё гэтай краіны, яе сацыяльных і этнічных грамадаў. Гэта прызнаньне таго, што бібліятэка мае неабходны патэнцыял і энэргію. Гэта азначае таксама, што праца, якую Айцец пачынаў, будзе працягвацца — толькі іншымі людзьмі і ў іншых формах.

СШ: За кошт чаго існуе і будзе існаваць бібліятэка?

ІІ: Айцец у свой час здолеў сабраць даволі значныя фонды, каб забясьпечыць будучыню бібліятэкі. Дзякуючы гэтаму бібліятэка мае стабільнае становішча ў блізкай і сярэдняй пэрспэктыве. Фінансавая сытуацыя бібліятэкі будзе вельмі моцна залежаць ад таго, наколькі актыўна мы будзем шукаць і знаходзіць сродкі. Ёсьць прыклады таго, як гэта робяць іншыя бібліятэкі — напрыклад, польская бібліятэка ў Лёндане цалкам фінансуецца за кошт тэстамэнтаў сваіх суайчыньнікаў, а гэта велізарная бібліятэка. Магчыма, яны атрымліваюць пэўную тэхнічную дапамогу ад Польскай дзяржавы, але фінансава яны ад яе незалежныя. Як беларуская грамада ў Вялікабрытаніі мы павінны працаваць над тым, каб пераканаць нас саміх у важнасьць бібліятэкі ў нашым жыцьці, у жыцьці Беларусі. Таму ахвяроўваць грошы бібліятэцы, пакідаць ёй грошы тэстамэнтам, працаваць як валанцёр — высакародная справа. І мы ўжо маем прыклады таго, што беларусы з па-за Брытаніі падтрымліваюць бібліятэку — ужо цяпер рэалізуюцца праекты, дапамога на якія прыйшла з па-за Брытаніі, і не ад Беларускай дзяржавы.

Відэаэкскурсія па беларускай бібліятэцы ў Лёндане
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:12 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG