Генэральнага пракурора ЗША Ўільяма Бара рэзка раскрытыкавалі дэмакраты ў Кангрэсе пасьля таго, як ён заявіў, што зоймецца пытаньнем аб магчымай сачэньні, арганізаваным Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў за выбарчым штабам Дональда Трампа ў 2016 годзе.
На слуханьнях у Сэнаце ў сераду Ўільям Бар сказаў, як перадае CNN, што «шпіянаж меў месца» і ён лічыць неабходным праліць сьвятло на дзеяньні спэцслужбаў ЗША падчас прэзыдэнцкай кампаніі, таму што сачэньне за палітычнай кампаніяй — гэта «сур'ёзная справа».
Дональд Трамп і людзі зь ягонага атачэньня даўно выказвалі падазрэньні, што тэлефон Трампа падчас кампаніі праслухоўваецца, і сьцьвярджалі, што ў ФБР не было законных падстаў для пачатку так званага «расейскага расьсьледаваньня», падчас якога вывучаліся сувязі ўдзельнікаў выбарчага штабу Трамп з расейскімі грамадзянамі.
Лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Сэнаце Чак Шумэр заявіў, што Бару варта ўзяць назад свае словы пра сачэньне, паколькі гэта ніжэй годнасьці пасады генпракурора ЗША. А сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі сказала на прэс-канфэрэнцыі, што Бару варта памятаць, што ён генпракурор ЗША, а не генпракурор Трампа.
Бар, прызначаны прэзыдэнтам Трампам, на слуханьнях у Сэнаце ўхіліста адказаў на пытаньні, якія тычацца дзеяньняў спэцслужбаў у дачыненьні выбарчага штабу. Бар сказаў, што ў яго пакуль няма доказаў неправамерных дзеяньняў, але ёсьць асьцярогі, якія ён абавязаны праверыць.
Генэральны пракурор адказвае за абнародаваньне дакладу з вынікамі «расейскага расьсьледаваньня» спэцпрокурора Робэрта Мюлера.
Адрэдагаваная вэрсія дакладу павінна быць прадстаўленая Кангрэсу на працягу тыдня, аднак дэмакраты настойваюць на апублікаваньні поўнага 400-старонкавага дакладу бяз правак і рэдакцый.