Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністарка ўнутранай бясьпекі ЗША пайшла ў адстаўку


Кірстэн Нільсэн і Дональд Трамп
Кірстэн Нільсэн і Дональд Трамп

Міністарка ўнутранай бясьпекі ЗША Кірстэн Нільсэн падала ў адстаўку — на фоне росту напружанасьці на паўднёвай мяжы Злучаных Штатаў, сытуацыя на якой выклікае занепакоенасьць Белага дома і стала прадметам спрэчак паміж адміністрацыяй Дональда Трампа і Кангрэсам.

«Нягледзячы на дасягнуты прагрэс у рэфармаваньні сыстэмы нацыянальнай бясьпекі ва ўмовах новай эпохі, я вырашыла, што прыйшоў час адысьці ў бок», — напісала Нільсэн у прашэньні аб адстаўцы, накіраваным прэзыдэнту Трампу. Яна таксама выказала надзею, што новы міністар будзе мець падтрымку Кангрэсу і судоў.

Як піша «Голас Амэрыкі», многія аналітыкі кажуць, што Нільсэн была расчараваная недастатковым, на яе думку, узроўнем супрацоўніцтва з боку Кангрэсу і судоў у барацьбе зь нелегальнай іміграцыяй. Яна таксама адчувала ціск з боку Белага дома і асабіста прэзыдэнта, якія дамагаюцца зьніжэньня патоку мігрантаў з цэнтральнаамэрыканскіх краін, якія перасякаюць мяжу ЗША.

Нільсэн крытыкавалася і грамадзкасьцю за палітыку разлучэньня дзяцей нелегальных мігрантаў і іхных бацькоў, якую крытыкі лічылі жорсткай і бачылі ў ёй парушэньні правоў чалавека. Улады ЗША ўрэшце адмовіліся ад яе.

Трамп у твітэры падзякаваў Кірстэн Нільсэн за службу і там жа абвясьціў, што абавязкі міністра будзе выконваць кіраўнік Мытнай і памежнай службы ЗША Кевін Макалінан.

Адміністрацыя Трампа характарызуе сытуацыю на паўднёвай мяжы як надзвычайнае становішча. Кожны дзень мяжу спрабуюць перасячы сотні грамадзян цэнтральнаамэрыканскіх краін з намерам папрасіць у ЗША прыстанішча. Указ прэзыдэнта аб увядзеньні надзвычайнага становішча выклікаў крытыку ў Кангрэсе, аднак дэпутатам Палаты прадстаўнікоў не ўдалося пераадолець вэта Трампа. Указ прадугледжвае, што адміністрацыя зможа выдаткоўваць на пабудову пагранічных загараджальных бар’ераў грошы, непасрэдна ня выдзеленыя на гэта ў бюджэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG