Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «Маці-328» абмеркавалі ў Палаце прадстаўнікоў зьмены ў антынаркатычны закон


Актывісткі «Маці-328» перад Домам ураду 2 красавіка
Актывісткі «Маці-328» перад Домам ураду 2 красавіка

Актывісткі «Маці-328» Тацяна Канеўская з Гомля і Ліяна Шуба з Жлобіна ўдзельнічалі ў апошнім паседжаньні працоўнай групы па ўзгадненьні законапраекту аб зьменах у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу. Група сабралася 10 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Прадстаўніц «Маці-328» запрасілі на паседжаньне пасьля таго, як на мінулым тыдні да Дому ўраду выйшлі некалькі дзясяткаў актывістак. Сёньня, пакуль ішло заключнае паседжаньне працоўнай групы, на плошчы каля Дому ўраду зноў сабраліся да 40 прыхільнікаў лібэралізацыі антынаркатычнага артыкула. Які быў вынік паседжаньня?

«Мы — за, дэпутаты — за, МУС — супраць, урад вагаецца»

Паводле Ліяны Шубы працоўная кансультацыйная група засядала каля 2 гадзін, але асноўная задача — вызначыцца з пазыцыяй ураду адносна зьменаў у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу — дагэтуль ня вырашаная. «Нам сказалі, што гэта стане вядома ў панядзелак», — сказала карэспандэнту Свабоды Ліяна Шуба.

Актывістка распавяла, як праходзіла паседжаньне групы, і акрэсьліла пазыцыі бакоў.

Пазыцыя МУС

Міністэрства ўнутраных спраў на паседжаньні прадстаўляў Генадзь Казакевіч, начальнік галоўнай управы МУС па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі.

«Гэта пазыцыя ранейшая — катэгарычна супроць прапанаваных зьменаў у артыкул 328», — сказала пра выступ спадара Казакевіча актывістка і пераказала аргумэнты, якія выклаў міліцыянт. Што хоць і ёсьць тэндэнцыя на зьніжэньне колькасьці злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, і колькасьці асуджаных па наркатычным артыкуле, але расьце колькасьць наркатычных злачынстваў у складзе арганізаваных груп і павялічыўся абʼём наркотыкаў, адабраных у дылераў. «Таму, паводле Казакевіча, пагроза застаецца і рана зьніжаць пакараньне», — сказала Ліяна Шуба.

Пазыцыя Саўміну

Гэтую пазыцыю пераказаў Дзьмітры Кірушчанка, начальнік управы па пытаньнях абароны і праваахоўных органаў Савету Міністраў.

«Ён сказаў, што хоць Саўмін быў ініцыятарам законапраекту, яны таксама не гатовыя да зьмякчэньня пакараньня па артыкуле 328. Пра вынікі паседжаньня будзе даложана, і Саўмін яшчэ будзе прымаць канчатковае рашэньне», — паведаміла Ліяна Шуба.

Актывістка мяркуе, што Саўмін цяпер або адкліча законапраект, або адправіць яго ў Палату прадстаўнікоў для падрыхтоўкі на разгляд у другім чытаньні бяз згоды МУС. «Гэта можа стаць вядома ўжо ў панядзелак, 15 красавіка», — расказала Ліяна Шуба.

Пазыцыя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

За разгляд законапраекту выказалася Натальля Гуйвік, старшыня камісіі па заканадаўстве. Паводле актывістак «Маці-328», якія бралі ўдзел у паседжаньні працоўнай групы, дэпутатка Натальля Гуйвік нагадала, што законапраект аб зьменах у артыкул 328 быў ініцыяваны Саўмінам і за два гады ён прайшоў узгадненьне ў Генэральнай пракуратуры і Сьледчым камітэце, а таксама ў іншых установах. Паводле Натальлі Гуйвік, пасьля 2015 году, калі стала больш жорсткім пакараньне за абарот наркотыкаў, адбыўся ўсплёск напружанасьці ў грамадзтве.

«Гэта выявілася і ў тым, што яны ў Палаце прадстаўнікоў за 2016 год атрымалі 1236 зваротаў ад маці асуджаных па 328 артыкуле. Значыць, ёсьць праблема з гэтым законам, пагадзілася дэпутат», — сказала Ліяна Шуба.

Таксама, паводле Ліяны Шубы, за разгляд законапраекту, які прадугледжвае зьмякчэньне пакараньня па артыкуле 328, выказаўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў, сябра камісіі па нацыянальнай бясьпецы. «Ён назваў аргумэнты МУС „надуманымі“», — сказала актывістка «Маці-328».

Пазыцыя «Маці-328»

Ліяна Шуба, архіўнае фота
Ліяна Шуба, архіўнае фота

Што да пазыцыі прадстаўніц «Маці-328», якую яны выклалі на паседжаньні камісіі, то яна ранейшая: законапраект трэба як мага хутчэй накіроўваць у Палату прадстаўнікоў, каб над ім працавалі паводле рэглямэнту для падрыхтоўкі да другога чытаньня.

«Гэтага чакаюць тысячы вязьняў, якіх яшчэ можна вярнуць у грамадзтва», — лічыць актывістка «Маці-328» Ліяна Шуба.

Паводле актывісткі, больш на паседжаньне іх не паклічуць.

«Гэта было заключнае паседжаньне. Да працы над падрыхтоўкай законапраекту да другога чытаньня, паводле рэглямэнту, прадстаўнікоў грамадзкасьці ўжо не дапусьцяць. Такім чынам, цяпер усё залежыць ад Саўміну», — сказала актывістка.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG