Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе 108 тамоў. У менскім СІЗА судзяць 37 абвінавачаных за наркотыкі


СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску
СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску

У будынку менскага сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ідзе працэс над 37 абвінавачанымі ў распаўсюдзе наркотыкаў. Пра гэта паведаміла маці аднаго з падсудных, якая жыве ў Магілёве.

Карэспандэнт Свабоды спраўдзіў гэтую інфармацыю ў аднаго зь менскіх адвакатаў.

«Так, у актавай залі ізалятара ад пачатку лютага ідзе працэс, на якім судзяць адразу 37 чалавек — у маёй практыцы гэта рэкорд», — пацьвердзіў адвакат, які ўдзельнічае ў працэсе.

Пра што справа

Усім падсудным выстаўленыя абвінавачаньні паводле розных частак 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў).

Да таго ж некаторым пагражае пакараньне і за стварэньне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй — гэта 285-ы артыкул КК. Па вэрсіі сьледчых, злачынная група распаўсюджвала наркотыкі праз інтэрнэт-краму. Пад суд трапілі як арганізатары злачыннай дзейнасьці, гэтак і шараговыя «закладчыкі» наркотыкаў. Сьледзтва мяркуе, што яны ведалі, на чым зараблялі грошы.

Што пагражае падсудным

Два гады таму ў гучнай «справе сямнаццаці» (распаўсюд спайсаў з дапамогай інтэрнэту) арганізатар атрымаў 20 гадоў зьняволеньня, а ягоныя «намесьнікі» і найбліжэйшыя памочнікі — больш як па 10 гадоў. Падобны сцэнар можа быць і на «працэсе 37». Як патлумачыў адвакат, калі ёсьць абвінавачаньне ў арганізацыі злачыннай групоўкі, то меншы тэрмін не паглынаецца большым — тэрміны будуць часткова складацца.

Паводле суразмоўцы, з 37 чалавек, якія апынуліся на лаве падсудных, толькі 2-3 «расканваяваныя», то бок прыходзяць на працэс самі. Усе астатнія ўтрымліваюцца там жа, на «Валадарцы». Маці аднаго з падсудных сказала, што той сядзіць у перапоўненай камэры разам зь яшчэ 27 вязьнямі.

Чаму справу разглядаюць на «Валадарцы»

Для правядзеньня працэсу вызначылі Менскі гарадзкі суд. Чаму ж судзяць у іншым месцы?

«Адвакатам патлумачылі, што працэс будзе праходзіць у ізалятары, бо інакш немагчыма забясьпечыць канваяваньне столькіх падсудных па горадзе», — сказаў адвакат.

Каго судзяць

«У асноўным на лаве падсудных маладыя людзі, сярэдні ўзрост — 25 гадоў. Ёсьць і зусім маладыя, каля 20 гадоў. Шкада на іх глядзець. У асноўным яны зь Менску і Магілёва. Некаторыя зусім ня ведаюць адзін аднаго, пазнаёміліся толькі на працэсе», — паведаміла крыніца.

Як мяркуе абаронца, справы некаторых падсудных можна было вылучыць і разглядаць паасобку. Чаму такое рашэньне не было прынятае, ён ня ведае.

На якой стадыі працэс

Паводле суразмоўцы, дагэтуль ідзе допыт абвінавачаных.

«Узятая даволі рэдкая схема працэсу. Пасьля допыту кожнага новага падсуднага суд вывучае матэрыялы справы, якія яго тычацца. А іх 37 чалавек. Таму гэтак доўга. І толькі потым пачнуцца допыты сьведак, якіх у працэсе больш за 300. Гэтак плянуем закончыць працэс за 7 месяцаў, але можа расьцягнуцца і на больш», — мяркуе адвакат аднаго з падсудных.

У 2016 годзе «справа 17» разглядалася таксама Менскім гарадзкім судом, але працэс арганізавалі ў будынку Дома правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі. У той справе было 95 тамоў, па ёй праходзіла 150 сьведак. Суд цягнуўся амаль год.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG