Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу «эпіскапа сьвету» Бондара разгледзяць у Наваградку ў закрытым рэжыме


 Часова закрытая сядзіба Літоўка пад Наваградкам, дзе часта бываў Дзьмітры Бондар
Часова закрытая сядзіба Літоўка пад Наваградкам, дзе часта бываў Дзьмітры Бондар

11 красавіка ў Наваградзкім раённым судзе пачнецца разгляд справы Дзьмітрыя Бондара. Яму інкрымінуюць 1-ю частку 157-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (заведамае стварэньне для іншай асобы небясьпекі заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ).

Працэс будзе праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Пра гэта Свабодзе паведаміла маці Дзьмітрыя Валянціна.У Наваградзкім раённым судзе, а таксама ў прэс-службе Вярхоўнага суду карэспандэнту Свабоды інфармацыю аб працэсе атрымаць не ўдалося.

Паводле Валянціны Бондар, Дзьмітрыю інкрымінуюць 1-ю частку 157-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (заведамае стварэньне для іншай асобы небясьпекі заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). Санкцыі артыкулу — ад штрафу да зьняволеньня на тры гады.

«Не пацьвердзіліся падазрэньні ў наркотыках і распаўсюдзе парнаграфіі. Паколькі Дзьмітры знаходзіцца на ўліку ВІЧ-інфікаваных, яму выставілі першую частку артыкулу. То бок гэта не заражэньне, а стварэньне небясьпекі заражэньня. Значыць, альбо не засьцерагаўся, альбо не папярэджваў партнэраў. У нашай сытуацыі засьцерагаўся, але нібыта не папярэджваў».

Дзьмітрыя Бондара трымаюць пад вартай

Сёмы месяц Дзьмітрыя Бондара трымаюць пад вартай у сьледчым ізалятары ў Горадні.

«Беларусь ніколі не пераможа ВІЧ, калі ў краіне так будуць зьдзекавацца з хворых, якія нікому не зрабілі ніякай шкоды. Судзіць трэба тых, хто не лячыўся і заражаў людзей. Мой сын заняў сумленную грамадзянскую пазыцыю, ён стаў на ўлік, прымаў лекі, засьцерагаўся і, вядома ж, нікога не заразіў», — сказала Валяніцна Бондар.

Таксама Валяніцна Бондар даслала Свабодзе дакумэнт, які, па яе словах, пацьвярджае сьвятарства сына
Таксама Валяніцна Бондар даслала Свабодзе дакумэнт, які, па яе словах, пацьвярджае сьвятарства сына

Дзьмітрыя Бондара затрымалі ўвосень 2018 году ў фэнтэзі-сядзібе ягонага сябра Сяргея Коваля ў Літоўцы, што каля Наваградку. Сяргей Коваль закрыў сваю сядзібу для наведнікаў, бо мясцовыя жыхары скардзіліся на «сатанізм». 1 студзеня Сяргей Коваль скончыў жыцьцё самагубствам.

«Мы хацелі, каб справа была адкрытай»

Валянціна Бондар сказала, што разам з адвакатам прасіла, каб пасяджэньне суду было адкрытым.

«Справа мае грамадзкі рэзананс, столькі ўсяго было напісана ў інтэрнэце. Таму мы хацелі, каб справа была адкрытай, каб прыйшлі блізкія і сябры. Але судзьдзя сказаў, што справа будзе разглядацца ў закрытым рэжыме. Таму нават я не змагу прысутнічаць на працэсе ад пачатку да канца, усяго толькі выступлю ў якасьці сьведкі», — сказала Валяніцна Бондар.

На пачатку сакавіка Валянціне далі толькі адно паўгадзіннае спатканьне з сынам «перад тым, як накіраваць справу ў пракуратуру».

«Мой Дзьмітры вельмі пазытыўны чалавек і больш мяне супакойваў. Ён сказаў толькі, што даўно вядома, колькі яму трэба даць, і ня важна, паводле якога артыкулу».

Пра Дзьмітрыя Бондара і ягоную маці напісаў бацюшка

Нядаўна пра Дзьмітрыя Бондара згадаў у сваім артыкуле ў «Наваградзкіх эпархіяльных навінах» праваслаўны пратаярэй з Наваградку Анатоль Герасімук. Пісаў ён аб праверках зь Міністэрства адукацыі ў мясцовых школах, зьвязаных са «штучна паднятай хваляй супраць урокаў маральнасьці». Дырэктарам школаў было ўказана на тое, што на занятках «зашмат праваслаўя».

Ён піша, што ўсё пачалося з трагічных падзей на хутары Літоўка, «фантасмагарычнай сядзібы пад Наваградкам з чаканнымі монстрамі, нібыта перанесенымі зь фільмаў жахаў». Маўляў, «панібрацкія адносіны зь цёмнымі сіламі да дабра не прыводзяць».

Тут жа ў Літоўцы, паводле сьвятара, знаходзілася «рэзыдэнцыя» эксцэнтрычнага сябра гаспадара Дзьмітрыя Бондара, які прадстаўляўся ксяндзом старакаталіцкай царквы і аб’явіў сябе «біскупам сьвету».

Паводле пратаярэя Анатоля Герасімука, Дзьмітры Бондар «прапаведаваў поўную свабоду ад усіх маральных устояў і нормаў, быў прыхільнікам нетрадыцыйных стасункаў і выхваляўся высокімі заступнікамі».

Паводле сьвятара, маці Валянціна Бондар замест таго, каб «пачаць маліцца за сына», абвінаваціла ва ўсім Праваслаўную царкву «і вырашыла помсьціць».

Паводле Валянціны Бондар, газэту з гэтым артыкулам, які выйшаў да суду, актыўна раздавалі прыхаджанам, а потым сьвятар прынёс стос газэт у Наваградзкі райвыканкам.

У размове з карэспандэнтам Свабоды яна назвала гэты артыкул паклёпніцкім.

«Лічу, што гэты чалавек ня варты сьвятарскага званьня», — сказала Валянціна Бондар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG