Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала (PDF) да тэрміновых дзеяньняў у абарону правоў маладых беларусаў: Эміля Астраўко і Васіля Саўчанку, якім на момант арышту было па 17 гадоў, асудзілі на 10 гадоў паводле «наркатычнага» артыкулу.
«Іхны выпадак ёсьць сымбалем тысяч падлеткаў, зьняволеных у жахлівых умовах пасьля несправядлівых судовых разглядаў дробных правапарушэньняў, зьвязаных з наркотыкамі», — піша Amnesty International і заклікае накіроўваць звароты на адрас кіраўніка бабруйскай калёніі, дзе ўтрымліваюць Астраўко і Саўчанку.
У Беларусі, адзначаюць праваабаронцы, каля 15 тысяч маладых людзей (да 29 гадоў) атрымалі падобныя доўгія турмовыя тэрміны за малазначныя парушэньні законаў з наркотыкамі. У некаторых выпадках іх садзілі нават не за злачынствы, а за адмову ад супрацы з праваахоўнікамі. Фіксаваліся шматлікія парушэньні правоў падчас расьсьледаваньняў і судоў, а зьняволеньне адбываецца ў жахлівых умовах — такіх, пра якія сам Аляксандар Лукашэнка казаў: вязьні там будуць «маліцца аб сьмерці».
Пра Астраўко і Саўчанка пішуць:
- Астраўко не даюць пастаяннага доступу да лекаў, хоць ён хворы на хранічную бранхіяльную астму, не праводзяць рэгулярных мэдыцынскіх аглядаў.
- Астраўко і Саўчанка ня маюць доступу да адукацыі, іх змушаюць цяжка працаваць без адэкватнага адпачынку і сродкаў бясьпекі.
- Ад кепскай ежы абодва значна схуднелі, а пасылкі ад родзічаў «разыходзяцца» сярод іншых вязьняў калёніі.
- Адзеньне і абутак, якія ім выдаюць, няправільных памераў. У памяшканьнях, дзе іх утрымліваюць, сырасьць.
- Да вязьняў, асуджаных паводле артыкулу 328, у калёніі асабліва жорсткае стаўленьне, дыскрымінацыя.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.