Пасьля падліку 70% галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне чакаецца, што ў другі тур выйдуць дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка (каля 16% галасоў у першым туры) і артыст Уладзімір Зяленскі (каля 30%).
Аналітык Украінскага інстытуту будучыні, беларус Ігар Тышкевіч расказаў Свабодзе, адкуль узялася такая падтрымка Зяленскага.
Ён мяркуе, што вынікі галасаваньня «ў прынцыпе, цалкам лягічныя», і пералічвае прычыны, якія дзеліць на дзьве асноўныя групы: невысокі рэйтынг дзейнага прэзыдэнта і незвычайны ход выбарчай кампаніі.
Парашэнка не апраўдаў усіх чаканьняў
З аднаго боку, у яго ёсьць пэўныя дасягненьні, але з другога боку — ён не апраўдаў чаканьняў значнай часткі выбарнікаў, мяркуе Тышкевіч.
«Пасьля Майдану быў запыт на карэннае перафарматаваньне ўмоваў існаваньня дзяржавы, у тым ліку вывад алігархаў з публічнай палітыкі, эканамічныя рэформы і барацьба з карупцыяй».
Адбылося толькі «перафарматаваньне сыстэмы дачыненьняў між алігархамі», кажа Тышкевіч. На ягоную думку, эканамічныя рэформы ішлі павольна і не апраўдалі надзеяў сярэдняй клясы, у тым ліку праз інтарэсы алігархаў. Не правялі некаторых рэформаў, якія абяцаў асабіста Парашэнка. Частку карупцыянэраў «найвышэйшага зьвяна» абвінавачвалі, але ці не даводзілі справу да суду, ці справа развальвалася на судзе.
Большасьць кандыдатаў апэлявала не да тых, хто патрабуе зьменаў
Парашэнка, Цімашэнка ды іншыя асноўныя кандыдаты зьвярталася да сацыяльна неабароненых, у тым ліку пэнсіянэраў і льготнікаў (падыход «у чымсьці падобны да Лукашэнкі»), улады раздавалі грашовыя «падарункі» электарату за кошт замежных пазык. Кампанія Парашэнкі «Армія. Мова. Вера» была скіраваная больш на сталых людзей з цэнтру і захаду, таксама на людзей сталага веку былі скіраваныя праграмы Цімашэнкі, Грыцэнкі ды іншых. Акрамя Зяленскага.
Палова ўкраінцаў чакае новага чалавека ва ўладзе
Абнаўленьне ўлады было адным з патрабаваньняў Эўрамайдану. Паводле апытаньняў, каля 45% выступаюць за тое, каб дзяржавай кіравалі людзі з досьведам дзяржаўнай службы, і амаль столькі ж выступаюць за людзей бяз досьведу. Парашэнка, Цімашэнка, Грыцэнка, Бойка ды іншыя не падпадалі пад жаданьне другой паловы, пераважна моладзі. «Ня быў бы Зяленскі, быў бы нехта іншы».
Агітацыя на ўзор «альбо я, альбо катастрофа»
Большасьць кандыдатаў палохала электарат прыходам алігархаў і Расеі. «Па колькасьці чорнага піяру і выкрыцьцяў кампанія пабіла рэкорды — асноўны ўпор рабіўся не на тое, што кандыдат будзе рабіць, а на тое, якія апанэнты кепскія і карумпаваныя». Зяленскі — «адзіны, хто ня ўдзельнічаў у грызьні», чым выгадна адрозьніваўся.
Моладзь абурылася тэлевізарам
Большасьць кандыдатаў «пайшла клясычным шляхам»: вялікія штабы, перадвыбарчыя газэты, тэлевізія. Але яны «забыліся, што маладое пакаленьне не глядзіць тэлевізію». А пост Зяленскага ў Instagram зьбірае аўдыторыю, параўнальную з той у тэлеканалу «Прямий» (які выступае за Парашэнку), і мае «больш дакладны» ахоп аўдыторыі. Хоць моладзь звычайна слабей ходзіць на выбары, «нападкі з тэлевізіі» на Зяленскага падштурхнулі маладых людзей масава пайсьці галасаваць, бо выклікалі «або сьмех, або агіду».
Зяленскі акуратна спрацаваў са зьнешнімі экспэртамі
Гарадзкая сярэдняя кляса, не гатовая галасаваць за Парашэнку, шукала альтэрнатыўнага кандыдата і ацаніла падыход Зяленскага да напісаньня праграмы. Парашэнка ствараў сваю праграму кулюарна, чыноўнікамі. Цімашэнка спрабавала праводзіць масавыя форумы і запрашаць экспэртаў, але выклікала раздражненьне тым, што прадстаўляла вонкавых экспэртаў як частку сваёй каманды. Зяленскі ж запрасіў вонкавых кансультантаў як людзей, «у якіх ня сорамна запытаць парады», і іхны ўдзел у кампаніі агучваў толькі са згоды самаго чалавека.
Вынікі другога туру прадказаць цяжка
Зяленскі можа сабраць галасы праціўнікаў Парашэнкі і прыхільнікаў кандыдатаў, якія не прайшлі ў другі тур. Але Парашэнка можа апэляваць да тых, хто бачыць прэзыдэнтам «палітыка са стажам» (нават прарасейскі электарат), а таксама скарыстацца лёзунгамі «або я, або Расея» і «або я, або алігархі» (і адначасова супрацоўнічаць з алігархамі і рэгіянальнымі клянамі).