Як вярнуць пад кантроль ураду Ўкраіны Крым і Данбас — адно з ключавых пытаньняў для будучага прэзыдэнта.
Пятро Парашэнка. Міратворчая місія
Ад 2014 году Крым і частка Данецкай і Луганскай абласьцей не падкантрольныя ўкраінскаму ўраду. Тэма ўстанаўленьня міру і вяртаньня тэрыторыяў была ключавой у 2014 годзе. Тагачасны кандыдат у прэзыдэнты Пятро Парашэнка абяцаў, што Данбас адваюе хутка. «Антытэрарыстычная апэрацыя ня можа доўжыцца два-тры месяцы, яна павінна і будзе доўжыцца гадзіны», —заяўляў тады Парашэнка.
У выніку актыўных баявых дзеяньняў Украіне ўдалося вярнуць больш за 70% першапачаткова захопленай тэрыторыі. Потым у сілу ўступілі так званыя «Менскія дамоўленасьці», у аснову якіх лёг перадвыбарчы мірны плян Пятра Парашэнкі.
Цяперашні кандыдат у прэзыдэнты Парашэнка на старце новай палітычнай гонкі папрасіў прабачэньня за нявыкананае абяцаньне. Цяпер ён спадзяецца на моцную армію, але стаўку робіць на дыпляматыю.
«Вядома, нам патрэбен мір з Расеяй. Халодны, але мір. Людзі стаміліся ад вайны. І на гэтай балючай эмоцыі нястомна грае расейская прапаганда. Ня толькі яна, але і яе падпявалы ўнутры краіны», — казаў Парашэнка.
Важная частка мірнага пляну Парашэнкі —увядзеньне міжнароднай міратворчай місіі з вайскоўцаў, паліцэйскіх і міжнароднай адміністрацыі. Іх меркавалася разьмясьціць на ўсёй непадкантрольнай тэрыторыі і ўздоўж расейска-украінскай мяжы.
Масква прапанавала разьмясьціць міратворчую місію ўздоўж лініі разьмежаваньня. Унутры ж непадкантрольных ураду тэрыторыяў блакітныя каскі, паводле прапановы Крамля, змогуць толькі ахоўваць місію АБСЭ. Што па сутнасьці захоўвае статус-кво.
Юры Бойка. Наўпроставыя перамовы
Кум Уладзіміра Пуціна Віктар Медвядчук у прэзыдэнцкай гонцы ня ўдзельнічае, але падтрымлівае Юрыя Бойку — віцэ-прэм’ер-міністра часоў Віктара Януковіча. Медвядчук лічыць, што перамовы трэба весьці ня толькі з Масквой, але і з Данецкам і Луганскам. Ён таксама выступае за тое, каб стварыць «данбаскую аўтаномію».
За гэтыя выказваньні дэпутат Вярхоўнай Рады Андрэй Цецярук патрабаваў завесьці на Медведчука справу за дзяржаўную здраду і замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
Генпракуратура зарэгістравала крымінальную вытворчасьць, але канкрэтна Медведчука афіцыйна ні ў чым не западозрыла. На запыт «Настоящего Времени» у СБУ адказалі, што ўсе падрабязнасьці справы — таямніца сьледзтва.
Паплечнік Медведчука, кандыдат у прэзыдэнты Юры Бойка фармулюе думкі агульна.
«Мы зробім усё, каб спыніць крывавае супрацьстаяньне на ўсходзе Ўкраіны, мы неадкладна пойдзем на прамыя перамовы дзеля дасягненьня міру ў краіне. Гэта першае, што мы зробім пасьля перамогі», —заяўляў Бойка.
Уладзімір Зяленскі. «Сысьціся на нечым сярэднім»
Уладзімір Зяленскі прэтэндуе на званьне новай асобы ва ўкраінскай палітыцы. Ён абяцае новыя падыходы, у прыватнасьці, у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. У праблеме Данбасу ён схіляецца да правядзеньня перамоваў з Расеяй.
У інтэрвію Дзьмітрыю Гордану Зяленскі сказаў, што Кіеў і Масква павінны вылучыць пункты з патрабаваньнямі і сысьціся на чымсьці сярэднім. А што менавіта стане сярэднім і чым можна паступіцца, вырашаць украінскаму народу на рэфэрэндуме.
Юлія Цімашэнка. Будапэшцкі мэмарандум
Кандыдат у прэзыдэнты Юлія Цімашэнка ўваходзіць у тройку лідэраў гонкі. Яна абяцае, што даможацца міру, апэлюючы да Будапэшцкага мэмарандуму. У 1994 годзе Ўкраіна адмовілася ад ядзернай зброі, узамен краіны-падпісанты — а гэта Расея, ЗША і Вялікабрытанія, — выступілі гарантамі бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны.
Усяго ў прэзыдэнцкай гонцы ўдзельнічаюць 39 кандыдатаў. Многія зь іх тэму вяртаньня Крыма і Данбасу наогул ня згадваюць.