Летам 2018 году з гомельскага касьцёла зьнік крыж. Аказалася, злодзей падарыў яго жаночаму праваслаўнаму манастыру. Сёньня крыж у касьцёл прынёс праваслаўны япіскап Стафан.
Летась 27 ліпеня пасьля імшы пробашч касьцёла ксёндз Юры Варонка заўважыў, што са сьцяны каля ўваходу зьнік вялікі драўляны крыж. Заяву ў міліцыю тады вырашылі не падаваць, а крыж замянілі на іншы.
«Сёньня, 22 сакавіка, да нас у касьцёл нехта пагрукаў. Да нас завітаў уладыка Стафан, біскуп Гомельскі і Жлобінскі. Ён прынёс каталіцкі крыж. У ім мы пазналі свой, скрадзены летам. Аказалася, што крыж невядомы мужчына падарыў жаночаму праваслаўнаму кляштару ў Карме Добрускага раёну. У кляштары зразумелі, што крыж — каталіцкі, ня ведалі, што зь ім рабіць, і ўчора аддалі ўладыку Стафану», — расказаў Свабодзе а. Юры Варонка.
Гомельскія каталікі ўдзячныя праваслаўнаму япіскапу за вяртаньне крыжа.