Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрасы сьвяткаваньня #БНР101 у Беларусі і за мяжой


101-я гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі будзе адзначацца канцэртамі і культурніцкімі імпрэзамі, акцыяў пратэсту не заплянавана.

Мітынг і канцэрт ля Каложы

У Беларусі цэнтрам сьвяткаваньня гэтым разам стане Горадня — 100 гадоў таму менавіта яна была сталіцай БНР і акурат тут быў адзначаны першы Дзень Незалежнасьці.

23 сакавіка ў Калоскім парку адбудзецца вялікі канцэрт, акцыя ўзгодненая з гарадзкімі ўладамі. Кампанія #БНР101, якая летась ладзіла менскае «Сьвята Незалежнасьці» каля Опэрнага тэатру, разглядае яго як асноўную імпрэзу, бо не атрымала дазволу на пляцоўкі ў цэнтры Менску.

Анансаваныя выступы Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, гуртоў Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама».

Менгарвыканкам не дазволіў зьбірацца ў цэнтры Менску — адхіленыя дзьве заяўкі ад «Арт Сядзібы» і Партыі БНФ і дзьве ад руху «За Свабоду» і БСДП «Грамада». Ладзіць акцыі ўлады прапанавалі ў месцах, вызначаных паводле заяўнага прынцыпу.

Прыём у Менску і ўшанаваньне айцоў БНР

23 сакавіка аргкамітэт сьвяткаваньня гадавіны БНР арганізуе ўрачысты прыём у «Прайм-холе» гатэлю «Вікторыя». У гонар гістарычнай падзеі дасьць канцэрт народны ансамбль «Тутэйшая шляхта». Запрашэньні разасланыя ад імя ганаровага старшыні Радзіма Гарэцкага і дзейнага старшыні Міколы Купавы.

23 сакавіка БСДП запрашае ўшанаваць памяць прэмʼер-міністра БНР і аўтара ІІІ Устаўной Граматы Антона Луцкевіча. Летась у сквэры імя Янкі Купалы ў Менску быў пастаўлены памятны знак у гонар Антона і Івана Луцкевічаў — на месцы дамоў, якія належалі іхнай сямʼі. Аб 11-й гісторык Анатоль Сідарэвіч там правядзе публічную лекцыю пра іх.

Мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры

24 сакавіка пройдзе мітынг-канцэрт у Менску — у Кіеўскім сквэры: збор апоўдні, пачатак канцэрту а 13-й. Арганізатарамі — Правацэнтрысцкая кааліцыя і БСДП (Грамада).

Заплянаваныя выступы гуртоў N.R.M., KaS, «Разьбітае сэрца пацана», «Няхай», «Водар» і «Дай дарогу» (па вяртаньні з Горадні).

Актывісты ў астатніх гарадах Беларусі, якія падавалі заяўкі на адзначэньне Дня Волі, атрымалі ад мясцовых уладаў адмовы. Апазыцыйныя сілы Берасьця плянуюць сумясьціць са сьвяткаваньнем традыцыйную акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

З кветкамі і сьцягамі да дому БНР у Менску

Увечары 25 сакавіка шэраг апазыцыйных палітыкаў, сярод якіх Мікалай Казлоў, Віталь Рымашэўскі, Ігар Барысаў, зьбіраюцца прайсьці пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ад Кастрычніцкай плошчы да дому на вуліцы Валадарскага (былая Серпухаўская), 9, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасьць БНР.

Яшчэ летась кіраўніцтва Менгарвыканкаму абяцала даць дазвол усталяваць там мэмарыяльную дошку, вырабленую за народныя грошы, але дагэтуль абмяжоўваецца адпіскамі.

Мастацкая выстава ў Бабры

Два дзясяткі гадоў у родным мястэчку Бобр Крупскага раёну ладзіць акцыі на Дзень Волі мастак Алесь Пушкін. Гэтым разам 25 сакавіка на цэнтральным пляцы ён арганізуе выставу апошніх працаў — будуць прэзэнтаваныя партрэты Станіслава Булак-Балаховіча і Вацлава Ластоўскага.

Алесь Пушкін з сваёй карцінай на плошчы ў Бабры, Дзень Волі — 2014
Алесь Пушкін з сваёй карцінай на плошчы ў Бабры, Дзень Волі — 2014

«Мая канцэпцыя такая: кожны актывіст — краязнаўца, літаратар, пасіянар — мусіць нешта зладзіць у цэнтры сваіх Крупак, Койданава ці Марʼінай Горкі. Выходзьце, ставайце, абірайце якую-хаця форму — канцэрт, чытаньне вершаў, кармленьне галубоў. Гэта і будзе ўнёсак у адзначэньне 101-й гадавіны нашай дзяржаўнасьці. Некалькі гадзін прысьвяціць, каб мінакі бачылі, што ёсьць такое сьвята. Мае аднавяскоўцы ўжо прызвычаіліся да штогадовых выставаў пад адкрытым небам».

Супольны забег беларусаў па ўсім сьвеце

4 сакавіка стартавала рэгістрацыя на «Вольны забег — 2019», які абʼядноўвае беларусаў сьвету з нагоды сьвяткавання БНР-101. Арганізатары спадзяюцца, што сёлета агульнымі намаганьнямі ўдасца скарыць 1000 кілямэтраў.

Першы «Вольны забег» адбыўся летась: ён абʼяднаў 104 удзельнікаў з 16 краін, разам яны прабеглі 669 кілямэтраў.

Каб узяць удзел у «Вольным забегу», трэба зарэгістравацца на сайце runbnr.org, прабегчы «вольную дыстанцыю» ды падзяліцца ў сацыяльных сетках фатаздымкам — зь бел-чырвона-белым сьцягам або гербам «Пагоня» і пазнакаю #belarus101run.

Асноўным днём вызначаная нядзеля 24 сакавіка — чакаецца, што менавіта ў гэты дзень да акцыі далучыцца найбольш бегуноў. Інфармацыя пра геаграфію і адоленую дыстанцыю зьявіцца непасрэдна ў дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка.

«Дзень Волі каля мора»

101-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьцуі БНР зьбіраюцца адзначыць у ізраільскім горадзе Ашдод на беразе Міжземнага мора. 25 сакавіка а 19-й гадзіне грамада ўскладзе кветкі да помніка Янку Купалу на скрыжаваньні вуліц Ротшыльд і Мота Гур.

Мэмарыяльны знак Янку Купалу ў горадзе Ашдод
Мэмарыяльны знак Янку Купалу ў горадзе Ашдод

Гэтае месца становіцца традыцыйным адрасам сьвяткаваньня — імпрэза будзе ладзіцца ўжо трэці раз. Удзельнікі супольна прасьпяваюць патрыятычныя песьні і прадэклямуюць вершы.

Амбасада Беларусі ў Тэль-Авіве ня выявіла імкненьня падтрымаць Дзень Волі, усё робіцца на энтузіязьме актывістаў. 9 сакавіка, у дзень абвяшчэньня ІІ Устаўной Граматы БНР, ініцыятары акцыі зладзілі «малую акцыю» зь бел-чырвона-белым сьцягам каля Сьцяны Плачу ў Ерусаліме.

Шэсьце ў Варшаве

101-я ўгодкі абвяшчэньня БНР беларусы Польшчы заплянавалі адзначыць традыцыйным сьвяточным шэсьцем. Арганізатары заклікаюць згуртавацца ў суботу 23 сакавіка каля помніка Тадэвушу Касьцюшку на пляцы Жалезнай Брамы (Plac Żelaznej Bramy), збор а 14:00.

Маршрут шэсьця пройдзе вуліцамі Маршалкоўскай, Сьвентакшыскай і завершыцца ў Кракаўскім прадмесьці перад помнікам іншаму славутаму нараджэнцу Беларусі Адаму Міцкевічу.

«Незалежнасьць і свабода — гэта каштоўнасьці, якія яднаюць усіх нас», — галоўны лёзунг акцыі паводле арганізатараў. Адразу пасьля завяршэньня шэсця арганізатары запрашаюць на сьвяточную імпрэзу ў Беларускі дом у Варшаве (ul. Wiejska, 13-3), пачатак а 16-й.

Ушанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні

23 сакавіка ў Вільні з ініцыятывы беларускіх арганізацыяў Літвы адбудзецца ўшанаваньне паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Збор удзельнікаў на вуліцы Сьвятога Ігната, 11 (Šv. Ignoto gatvė) а 13.30. Адтуль — шэсьце на Лукіскі пляц. Потым пройдуць круглы стол гісторыкаў, імша па-беларуску ў касьцёле сьвятога Барталямэя.

Дзень Волі ў Вільні — 2013
Дзень Волі ў Вільні — 2013

На імпрэзу запрошаныя навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю, а другакурсьнік Мікалай, сын мастака Алеся Пушкіна, на чале калёны пранясе партрэт лідэра паўстанцаў аўтарства свайго бацькі.

Ад пачатку ў гэты ж дзень плянавалася перапахаваць удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–64 гадоў, чые парэшткі знайшлі пазалетась на Замкавай гары. Аднак цырымонію адклалі на восень, да канчатковай працэдуры апазнаньня.

Дзень Волі на Майдане

24 сакавіка Беларускі цэнтар «Сябры», тактычная група «Беларусь» і міжнародны фонд «Валошка» адзначаць Дзень Волі ў цэнтры Кіева, на Майдане Незалежнасьці. Пра намер правесьці акцыю арганізатары паведамілі кіеўскім уладам: згодна з заканадаўствам, для масавых захадаў тут не патрэбны адмысловы дазвол. Атрымаўшы заяўку, мэрыя мусіць забясьпечыць грамадзкі парадак.

Як сказала адна з кіраўніц «Сяброў» Галіна Сарочык, плянуецца невялікі мітынг з вольным мікрафонам для віншаваньняў, а потым пераход да вуліцы Грушэўскага дзеля ўшанаваньня памяці Міхася Жызьнеўскага (забіты на Майдане гамяльчук) і ўскладаньня кветак да помніка Вячаславу Чарнаволу (трагічна загінулы лідэр Народнага руху Ўкраны).

Усеўкраінскі саюз беларусаў, які абʼядноўвае іншыя беларускія суполкі на тэрыторыі краіны і шчыльна супрацоўнічае з амбасадай, ня ладзіць акцыяў у гонар БНР. Традыцыйна Дзень Волі адзначаюць беларусы Львова і Чарнігава.

Сьвяткаваньне ў ЗША

Катэдра Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку
Катэдра Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку

24 сакавіка ў нью-ёрскім раёне Бруклін (401 Atlantiс Av.) Беларуска-Амэрыканскае задзіночаньне ладзіць шэраг імпрэзаў у гонар 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Пачатак а 12.30 паводле мясцовага часу.

Фармат сустрэчы ўдакладняецца, але ўсё беларускае культурнае жыцьцё ў мэгаполісе звыкла віруе пры саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага, дзе працуе нядзельная школка вывучэньня беларускае мовы.

Раней Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША ацаніў як пазытыўны падыход беларускіх уладаў да леташніх грамадзкіх сьвяточных акцыяў у Беларусі з нагоды 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Малітва на магілах прэзыдэнтаў БНР у Празе

У нядзелю 24 сакавіка ў беларускім грэка-каталіцкім душпастырстве Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы у Празе адбудзецца набажэнства.

Касьцёл сьвятых Кузьмы і Дзям’яна ў Празе
Касьцёл сьвятых Кузьмы і Дзям’яна ў Празе

А 10-й гадзіне ў царкве Сьвятых Кузьмы і Дзямʼяна (Vyšehradská 49, Praha 2, уваход з вуліцы Na Slovanech) пройдзе Боская літургія і малебен за Бацькаўшчыну і беларускі народ. Служыцьме а. Андрэй Абламейка.

Апоўдні адбудзецца паніхіда на праскіх Альшанскіх могілках, дзе пахаваныя два прэзыдэнты Беларускай Народнай Рэспублікі — Пётра Крачэўскі (памёр у 1928 годзе) і Васіль Захарка (у 1943). Абодва па чарзе перахоўвалі ў эміграцыі мандат першага незалежнага беларускага ўраду.

Паведамляйце нам, калі маеце зьвесткі пра сьвяткаваньне Дня Волі ў вашым горадзе ў Беларусі ці ў краіне цяперашняга жыхарства.

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG