Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская грэка-каталіцкая царква ўвекавечыла Міхася Жызьнеўскага ў іконе-фрэсцы


Фрагмэнт фрэскі з партрэтам Міхася Жызьнеўскага
Фрагмэнт фрэскі з партрэтам Міхася Жызьнеўскага

Украінская грэка-каталіцкая царква стварае ў адным з найбольш вядомых сваіх прыходаў — на Аскольдавай магіле ў Кіеве — капліцу памяці герояў, якія загінулі за незалежнасьць Украіны.

На фрэсцы адлюстраваныя 55 герояў Украіны — ад Кіеўскай Русі да сучаснасьці
На фрэсцы адлюстраваныя 55 герояў Украіны — ад Кіеўскай Русі да сучаснасьці

Герой Беларусі і Ўкраіны

У капліцы, асьвячанай у гонар Узьвіжаньня Сьвятога Жыватворнага Крыжа Гасподняга, створаная фрэска Пакрова Прасьвятой Багародзіцы. На ёй 55 герояў Украіны — ад часоў Кіеўскай Русі да сучаснасьці. Сярод іх і беларус Міхась Жызьнеўскі, які стаў адной зь першых ахвяр расстрэлаў масавых пратэстаў у Кіеве ў 2013–2014 гадах.

Аўтарка фрэскі — украінская мастачка Марына Сачэнка. Яна з этуднікам наведвала спачатку Майдан, а потым фронт на Данбасе. У 2015 годзе супольна зь пісьменьніцай Антоніяй Цвыд выдала альбом «Твары Майдану», у якім спалучаюцца жывапіс і паэзія.

Аўтарка ідэі — украінская мастачка Марына Сачэнка
Аўтарка ідэі — украінская мастачка Марына Сачэнка

Ідэя фрэскі Марыны Сачэнкі перамагла ў конкурсе, абвешчаным Украінскай грэка-каталіцкай царквой. Цяпер з дабраслаўленьня настаяцеля храму, айца Ігара Анышкевіча, яна разам з мужам Пятром расьпісвае сьцены капліцы.

Адзін зь першых этапаў пераносу малюнку з паперы на сьцяну
Адзін зь першых этапаў пераносу малюнку з паперы на сьцяну

«Адлюстраваць сваіх герояў, якія аддалі сваё жыцьцё за нашу краіну — гэта богаўгодная справа, а тое, што абрана ікона Пакрова Багародзіцы — гэта адпавядае нашай старажытнай іканапіснай традыцыі, бо Багародзіца ад казацкіх часоў лічылася заступніцай украінскага войска. Сюды ўвайшоў і беларускі герой — Міхась Жызьнеўскі, бо ён ужо і сын Украіны. Мы ведалі і ягоную маці, і нізка кланяемся беларусам за такога героя», — кажа Марына Сачэнка.

Паводле яе, рэлігійная прыналежнасьць герояў, якія загінулі за Ўкраіну, ня мае значэньня, бо гісторыя іхнага жыцьця і сьмерці працягвае мужныя традыцыі ўкраінскага войска.

«Сваякі герояў не абражаюцца, што на фрэсцы адлюстраваныя ня ўсе героі. Яны ўспрымаюць, што за імі стаяць усе, ужо больш як 10 тысяч грамадзян, якія загінулі за Ўкраіну ці зьніклі бязь вестак. Як усіх сабраць? Я знайшла такое рашэньне з канкрэтных герояў, якія ўжо сталі сымбалямі вызваленчай барацьбы — ад Кіеўскай Русі, казацтва, УНР, героі Нябеснай сотні, „кібаргі“, якія адстойвалі Данецкі аэрапорт», — кажа мастачка.

Марына Сачэнка працуе ў капліцы на Аскольдавай магіле
Марына Сачэнка працуе ў капліцы на Аскольдавай магіле

Паводле Марыны Сачэнкі, валянтэры мараць, што на гэтым месцы будзе створаны пантэон вайсковай славы Ўкраіны.

«Гэта ўмацуе нашу нацыянальную еднасьць. Мы вельмі цяжка выходзім з каляніяльнага становішча — быў Майдан, цяпер вайна... Людзі ўсьведамляюць, што мы моцная нацыя, моцны народ, які мае тысячагадовую гісторыю, і мы павінны ведаць сваіх герояў. Гэта трэба рабіць і візуальна, у мастацтве», — перакананая яна.

Гістарычнае месца

Гэтыя дняпроўскія схілы зьвязаныя зь легендай аб забойстве кіеўскага князя Аскольда (ён таксама відаць на фрэсцы ў першым шэрагу). Мяркуецца, што князь быў тут і пахаваны, таму мясьціна называецца Аскольдавай магілай. Калісьці тут быў прэстыжны нэкропаль, дзе знаходзілі апошні спачын вядомыя кіяўляне — філёзафы, лекары, пісьменьнікі, удзельнікі вызваленчай барацьбы. За савецкім часам помнікі і скляпы пазносілі, хаваць тут перасталі.

Комплекс «Аскольдава магіла»
Комплекс «Аскольдава магіла»

Выключэньне зрабілі для героя Нябеснай сотні Аляксандра Кліцінскага (таксама адлюстраваны на фрэсцы ў чацьвёртым шэрагу). Ён згарэў у 2014 годзе ў Доме прафсаюзаў у Кіеве, і хавалі яго як безыменнага героя, але пазьней ягонае імя вызначылі паводле экспэртызы ДНК.

Помнік героям, якія загінулі на Данбасе
Помнік героям, якія загінулі на Данбасе

Цяпер гэтае месца мае статус помніка садова-паркавага мастацтва. Тут стаяць царква сьвятога Мікалая (створаная ў 1809 годзе і перабудаваная ў савецкія часы), званіца Аскольда (на першым яе паверсе — капліца Ўзьвіжаньня Сьвятога Жыватворнага Крыжа Гасподняга, дзе ствараецца фрэска) і шэраг помнікаў у гонар герояў вызваленчай барацьбы, у тым ліку тых, хто загінуў у часе апэрацый у Ілавайску, Дэбальцаве і Данецкім аэрапорце.

Царкву арандуе Ўкраінская грэка-каталіцкая царква.

Званіца Аскольда
Званіца Аскольда

Новыя героі — новыя традыцыі іканапісу

Вобразы герояў Нябеснай сотні ўсё часьцей выступаюць у новым украінскім іканапісе. Адным зь першых, амаль адразу пасьля Эўрамайдану, у красавіку 2014 году, прыкарпацкі мастак Раман Банчук прэзэнтаваў ікону-трыпціх «Героі не паміраюць». На ёй былі выявы 78 чалавек, якія загінулі ў часе акцый пратэсту, у тым ліку і Міхася Жызьнеўскага. Мастак сьцьвярджаў, што напісаў карціну-ікону з дабраслаўленьня духоўнага лідэра Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы Любаміра Гузара.

Ікона-трыпціх «Героі не паміраюць»
Ікона-трыпціх «Героі не паміраюць»

У ліпені 2017 году мітрапаліт Эпіфаній, які цяпер узначаліў Праваслаўную царкву Ўкраіны, у Міхайлаўскім Залатаверхім саборы Кіева асьвяціў ікону Багародзіцы, напісаную ўкраінскім мастаком Юрыем Нікіціным. На ёй таксама былі князь Уладзімір, Іван Мазэпа і постаці, якія сымбалізуюць УПА, запарожцаў, герояў Нябеснай сотні і сучасных украінскіх вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG