Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскрымінацыя вусоў! Як зьнешні выгляд беларусаў неабгрунтавана абмяжоўваюць на працы


Твар мужчыны з вусамі, ілюстрацыйнае фота
Твар мужчыны з вусамі, ілюстрацыйнае фота

Грамадзкае аб’яднаньне «Гендэрныя пэрспэктывы» апублікавала вынікі дасьледаваньня дыскрымінацыі беларусаў паводле зьнешняга выгляду на працоўных месцах.

Гэтае дасьледаваньне было часткай большага (PDF) — аб розных відах дыскрымінацыі на працы. Так, дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што 85% рэспандэнтаў (89,6% жанчынаў і 80,4% мужчынаў) сутыкаюцца зь нейкай формай дыскрымінацыі: мужчыны найчасьцей паводле ўзросту, жанчыны — праз ролю маці і жонкі. А 18,8% (23% жанчынаў і 14,6% мужчынаў) нават перажылі парушэньне сэксуальнай недатыкальнасьці на працы.

Што даведаліся пра дыскрымінацыю паводле выгляду

Дасьледаваньне ня тычылася абмежаваньняў, абумоўленых родам дзейнасьці, як то халатаў для лекараў ці кухараў. Дасьледчыкаў цікавілі не абгрунтаваныя ніякай неабходнасьцю дрэс-код і іншыя патрабаваньні, уведзеныя толькі праз жаданьне працадаўцы. Да такога адносяць, напрыклад, патрабаваньне ад мужчынаў насіць гальштук і ад жанчынаў хадзіць на высокіх абцасах — насіць прадметы, які ніяк або нэгатыўна ўплываюць на эфэктыўнасьць выкананьня працоўных задачаў.

Высьветлілася:

  • 27,1% апытаных жанчынаў і 28,6% мужчынаў сутыкаліся зь неабгрунтаванымі патрабаваньнямі да выгляду;
  • мужчыны найчасьцей (13,9%) сутыкаліся з патрабаваньнем насіць строгі гарнітур незалежна ад надвор’я і кантакту з кліентамі і забаронай на вусы і бароды (7,4%);
  • таксама мужчынам забараняюць мець доўгія валасы (6,4%), насіць пірсынг (5,4%) і мець татуіроўкі (3,8%);
  • ад жанчынаў найчасьцей патрабавалі насіць спадніцы ці сукенкі (9,4%) і ня мець татуіровак (7,7%);
  • жанчынам таксама забараняюць насіць пірсынг (6%), патрабуюць абавязковы макіяж ці манікюр (5,4%) і абутак на абцасах (4,9%);
  • 0,9% апытаных жанчынаў сказалі, што ад іх патрабуюць насіць «сэксуальнае» адзеньне;
  • найчасьцей з абмежаваньнямі выгляду сутыкаюцца працаўнікі сілавых структураў (85,7%), транспарту (70%), дзяржаўнага і бюджэтнага сэктару (60% і 52,5%), сфэры паслугаў (50%) і нават IT (40%);
  • зьмірыліся з гэтым 62,2% рэспандэнтаў — 68,5% жанчынаў і 56% мужчынаў;
  • яшчэ 20,1% хацелі б адстойваць свае правы, але не рэалізавалі намераў, а нешта зрабілі ў змаганьні за правы толькі 17,7%.

Што ў гэтым такога

«Дрэс-код як абавязковае патрабаваньне можа станавіцца рычагом ціску на супрацоўніка, у тым ліку і прамой дыскрымінацыі, — пішуць дасьледчыкі. — Самая распаўсюджаная сытуацыя — прымусовая дэманстрацыя сэксуальных якасьцей праз дрэс-код, часьцей за ўсё зь ёй сутыкаюцца жанчыны.

Патрабаваньне працадаўцы „мець прыемную і зьнешнасьць, якая выклікае прыхільнасьць“ часта азначае зусім ня ўменьне адкрыта ўсьміхацца, а менавіта неабходнасьць прад'яўляць кліентам кампаніі сэксуальна акцэнтаваныя якасьці сваёй зьнешнасьці. Прафэсійныя ж навыкі нярэдка адыходзяць на другі плян.

Зваротная сытуацыя — забарона на стварэньне вобразу, які вылучаецца з агульнай масы супрацоўнікаў. Напрыклад, крэатыўныя прычоскі, нестандартны колер валасоў, яскравы манікюр ці ўпрыгожваньні. Усё гэта нярэдка становіцца прычынай для працоўных канфліктаў, адмовы ў прыёме на працу ці дыскрымінацыі ў карʼеры. А здавалася б, гэта ўсяго толькі адзеньне або прычоска».

Тых, хто сутыкнуўся зь неабгрунтаванымі патрабаваньнямі да выгляду, заклікаюць абмяркоўваць гэта з прафсаюзамі і кіраўнікамі, а калі гэта не дапамагло — падключаць да справы юрыстаў, якія займаюцца працоўным правам. Таксама дасьледчыкі просяць расказваць ім пра любую дыскрымінацыю на рынку працы, у тым ліку пра дрэс-коды, каб зрабіць праблемы бачнымі для наймальнікаў, заканадаўцаў і саміх працаўнікоў.

***

Збор зьвестак праходзіў у жніўні 2018 году сярод эканамічна актыўнага насельніцтва Беларусі. Былі апытаныя 1298 чалавек з розных рэгіёнаў ва ўзросьце 16–63 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG