Тысячы жанчын ва ўсім сьвеце ўдзельнічаюць у флэшмобе #Januhairy за права на валасы на жаночым целе. Беларускія прыхільніцы гэтай акцыі вітаюць ініцыятыву, але свае фоткі зь няголенымі нагамі і падпахамі не публікуюць.
21-гадовая брытанка Лора Джэксан арганізавала месячную кампанію ў Instagram пад хештегом #Januhairy. Яна прапанавала жанчынам і дзеўчынам не выдаляць валасы падпахамі або на нагах і посьціць свае фота ў Instagram, каб змагацца з агульнапрынятай нормай аб прыгожым целе.
Лора Джэксан заклікае жанчын любіць сябе такімі, якія яны ёсьць, і спадзяецца сабраць грошы на падтрымку адукацыйнай праграмы Body Gossip, зьвязанай з пазнаньнем сваёй цялеснасьці.
Ці гэтая ініцыятыва актуальная для Беларусі? Абмяркоўваюць прыхільніцы флэшмобу блогеркі Наста Захарэвіч і Даша Гнеўшава, якія лічаць гэта акцыяй за свабоду, і журналістка Вольга Чэкулаева, якія называе такую ініцыятыву неэстэтычнай, і занадта дробнай.
Каротка пра галоўнае
- Наста Захарэвіч: Жанчынам надакучваюць патрабаваньні да таго, як мы павінны выглядаць.
- Даша Гнеўшава: Гэта пытаньне не гігіены, а хутчэй сучаснага стаўленьня да прыгажосьці.
- Вольга Чэкулаева: Ёсьць такое паняцьце як эстэтыка. Флэшмоб па такіх дробных пытаньнях дыскрэдытуе саму тэму свабоды чалавека.
«Дагэтуль шмат дарослых людзей ня ведаюць, што на жаночым целе могуць расьці валасы ў вялікім аб’ёме»
Наста Захарэвіч: Зьяўленьне флэшмобу само па сабе лягічнае. Час мяняецца, нормы зьмяняюцца, жанчынам надакучваюць і нават ня тое што каноны прыгажосьці, а нормы і патрабаваньні да таго, як мы павінны выглядаць. Да жаночых целаў патрабаваньняў значна больш, і яны значна больш жорсткія, чым да мужчынскіх. У мужчын значна больш прасторы, у якой можна рухацца, свавольнічаць без масавага асуджэньня. Раней ці пазьней такі флэшмоб мусіў зьявіцца.
Я разумею, чаму ён выклікае вялікія баталіі і так шмат дыскусій. І мяне дагэтуль зьдзіўляе чужое зьдзіўленьне да таго, як на самай справе могуць выглядаць натуральныя жаночыя целы. У шматлікіх дыскусіях вакол флэшмобу я бачыла, што дагэтуль шмат дарослых людзей ня ведаюць, што на жаночым целе могуць расьці валасы ў вялікім аб’ёме.
Міт, які стварыўся дзякуючы канонам прыгажосьці апошніх дзесяцігодзьдзяў, міт пра тое, што жаночае цела — гэта нешта гладкае-шаўкавістае, прывёў да таго, што шмат якія мужчыны ў прынцыпе не ўяўляюць, якім яно можа быць. І такі флэшмоб можа добра паказаць, як яно можа быць на самай справе, каб было менш казусаў і шоку ў будучыні, каб нам проста спакойней жылося і хадзілася па вуліцы.
Ганна Соўсь: Разам з калегамі мы спрабавалі знайсьці фота беларусак, якія ўдзельнічаюць у флэшмобе. І мы іх проста не знайшлі. Аказалася, што беларускі збольшага якраз дыскутуюць, але не выстаўляюць свае фотаздымкі з валасамі на целе. Ёсьць маральная падтрымка флэшмобу, але няма фотаздымкаў. Наста, вы таксама падтрымліваеце флэшмоб, але не ўдзельнічаеце ў ім.
Наста Захарэвіч: У мяне вельмі камічная сытуацыя, бо ў гэтым месяцы я дабралася да машынкі для стрыжкі валасоў, так што не. Акурат зараз не ўдзельнічаю.
Ганна Соўсь: Ці рэгулярна вы самі голіце падпахамі, робіце эпіляцыю?
Наста Захарэвіч: Час ад часу. Мне не блізкая ідэя займацца гэтым кожны дзень ці раз на тыдзень, зь іншага боку, у мяне не заўжды ёсьць маральныя сілы, каб вытрымліваць улетку нейкія камэнтары на вуліцы. Для мяне гэта пакуль нейкая палітычная барацьба, якой я не хачу. Я хачу, каб людзям проста было ўсё роўна, у каго што дзе расьце.
«Гэта не пра змаганьне, а пра свабоду. Я не галюся крыху больш за месяц»
Даша Гнеўшава: Мне падабаецца ідэя флэш-мобу, бо гэта не пра змаганьне, а пра свабоду, і для мяне гэта таксама як свабода. Я не галюся крыху больш за месяц. Калі гаварыць пра асабістыя адчуваньні, то гэта асабліва не ўплывае на маё жыцьцё, бо мяне ніхто не крытыкуе. Ніхто ня будзе гэта і бачыць — проста асабліва не растуць валасы на целе. Але ў любым выпадку для мяне гэта пытаньне свабоды. Гэты флэшмоб не крытыкуе тых, хто голіць ногі, фарбуе валасы, фарбуе твар. У 21-м стагодзьдзі пытаньне свабоды — вельмі важнае, мы да яго мы ішлі ўсе папярэднія стагодзьдзі. Гэта тычыцца таксама і цела. Мы павінны ставіцца да чужога цела такім чынам, што мы ня можам на яго ніяк уплываць ніяк.
«Флэшмоб па такіх дробных пытаньнях дыскрэдытуе саму тэму свабоды чалавека»
Ганна Соўсь: Вольга, я ведаю, вы даволі нэгатыўна паставіліся на фотаздымкаў з валасамі падпахамі і на нагах. Дзяўчаты кажуць, што гэта флэшмоб пра свабоду. А чаму вам ён не спадабаўся?
Вольга Чэкулаева: Не магу сказаць, што мне не падабаецца сама ідэя флэшмобу. Я ў прынцыпе за любыя флэшмобы, за любую «двіжуху». Пытаньне ў тым, што флэшмоб па такіх дробных пытаньнях дыскрэдытуе саму тэму свабоды чалавека. І характэрна, што змагаюцца ў гэтай тэме ў асноўным маладыя дзяўчаты. Я зараз пачула, што некаторыя мужчыны нават былі ня ў курсе, што на целе жанчыны растуць валасы. Гэта напэўна мужчыны, якім 20-21 год.
Я вас завяраю, што ўсе мужчыны, якія даўно жанаты, у якіх жонкі нараджалі, ведаюць усё пра жаночае цела. Безумоўна, тыя стандарты прыгажосьці, якія нам навязалі глянец і фэшн-індустрыя, адыгралі ў нейкай ступені і вельмі адмоўную ролю. Гэтая мода на занадта худыя і высокія фігуры давяла вельмі многіх дзяўчатак да анарэксіі, да поўнай страты здароўя, некаторых да сьмерці. Але грамадзтва вельмі хутка на гэта зрэагавала. І зараз ужо ўвялі ніжэйшыя межы вагі для таго, каб мадэль магла ўдзельнічаць у паказах.
Мы кажам, што трэба прымаць сябе такой, якая ты ёсьць. Безумоўна. Трэба прымаць сябе такой, якая ты ёсьць, у тых момантах, якія ты ня можаш зьмяніць і палепшыць. Ты ня можаш, калі ў цябе рост 158 сантымэтраў, як у мяне, стаць 175 сантымэтраў. Хаця можна апрануць абцасы. Але тое, што можна зьмяніць і палепшыць, чаму гэтага не зрабіць?
Так, каноны прыгажосьці пастаянна мяняюцца. Ходзяць дагэтуль у інтэрнэце фатаграфіі каханай жонкі нейкага іранскага шаха — жанчыны неабсяжных памераў, з вусікамі, са зрослымі бровамі. У нас іншыя каноны прыгажосьці. Рана ці позна яны зьменяцца. Магчыма, іх трэба мяняць і нейкімі рэвалюцыйнымі мэтадамі. Але ёсьць такое паняцьце як эстэтыка. Глядзіце, як мы ўсе змагаемся за наш любімы горад Менск, як мы абмяркоўваем нейкія непрыгожыя будынкі, як мы абмяркоўваем рэканструкцыю вуліцы Камсамольская, кажам, што вось гэта прыгожа, а вось гэта не прыгожа. Якія баталіі выклікаў мінулагодні парад унітазаў на Дзень Незалежнасьці! Мы ж разумеем, у нас жа ёсьць пэўныя паняцьці пра тое, што прыгожа, што такое непрыгожа, што такое густоўна, і што такое безгустоўна. Дык я хачу, каб у нашым прыгожым горадзе хадзілі прыгожыя людзі.
«Для мяне гэта пытаньне не гігіены, а хутчэй сучаснага стаўленьня да прыгажосьці»
Ганна Соўсь: Наста, Даша, можа, насамрэч нагода задробная, каб ідэю свабоды прасоўваць, і калі яна неэстэтычным чынам прасоўваецца, магчыма, гэта таго ня варта?
Наста Захарэвіч: Абсалютна любую ініцыятыву можна назваць занадта дробнай. Тыя, для каго яна занадта дробная, могуць у ёй не ўдзельнічаць. А тыя, каму гэта важна, могуць выказвацца — няма ніякага прымусу, ніхто нікога не правярае, ня ставіць на ўлік за ўдзел ці няўдзел. І акурат наяўнасьць дыскусіі падкрэсьлівае тое, што тут няма нейкіх аб’ектыўных паказчыкаў.
Мне здаецца, што паралель з дыскусіяй пра гарадзкую прастору ня самая карэктная. Гарадзкая прастора — гэта нешта неадушаўлёнае, тое, чым мы карыстаемся, а жаночае цела — гэта цела суб’екта, то бок жанчыне можа быць штосьці прыемна ці непрыемна. А гораду аб’ектыўна ня можа быць балюча альбо прыемна. Але ўсе дыскусіі да лепшага. Чым больш іх будзе, тым хутчэй гэтае пытаньне стане напраўду дробным, нязначным і не будзе больш патрэбаў у такіх дыскусіях.
Даша Гнеўшава: Горад — гэта ня цела, прастора — гэта ня цела. Аб’ектывацыя ня можа тычыцца целаў. Людзі не павінны падпарадкоўвацца нейкім нормам прыгажосьці, якія ім не падабаюцца. Для мяне гэта пытаньне не гігіены, а хутчэй сучаснага стаўленьня да прыгажосьці. Я ўпэўнена, што дзякуючы такому дробнаму флэшмобу абавязкова гэтае стаўленьне зьменіцца. І лічыць нейкія флэшмобы дробнымі ці ня дробнымі... Мне кажуць, што прасоўваць фэмінізм у маім блогу на 500 чалавек — гэта дробна, і гэта ня ёсьць актывізмам. Але я лічу, што ў сучасным сьвеце актывізм у інтэрнэце — гэта такі занятак, які можа нешта зьмяніць.
Праслухаць 30-хвілінную дыскусію цалкам.
Дыскусія ў Фэйсбуку: «У БССР 80-х і валасатыя ногі ў жанчын гэта была норма»
Абмеркаваньню ў «Толькі жанчыны» папярэднічала гарачая дыскусія ў Фэйсбуку зь некалькімі сотнямі камэнтароў. Прапануем найбольш яркія выказваньні:
- Адзіная прафэм-акцыя, да якой стаўлюся абыякава. Мне ўсё адно, голена-стрыжана ці няголена-нястрыжана, хай людзі абыходзяцца са сваім целам як ім міла. Абы ў транспарце не сьмярдзела.
- Я ніколі не галюся, бо баюся шчаціньня і ўвогуле стаць малпай, калі ня будзе хапаць часу на гэту працэдуру. Аднак я асьвятляю валасы на нагах і руках (каб ня выглядаць ахвярай радыяцыі), выглядае адносна эстэтычна.
- Так весела, калі людзі жывуць рэчаіснасьцю апошніх пяці гадоў. Я выразна помню зь дзяцінства, што ва ўсіх жанчын былі валасатыя ногі. У БССР 80-х гэта была норма.
- А што замінае жанчынам проста жыць і радавацца, ну ня голіш, не дэпіліруеш, ну і што? Я не п’ю крэпкія напоі і не палю тытунь і што? Трэ абавязкова ўсім абвясьціць? Мне проста не падабаецца флэшмоб, я ня бачу здаровае зерне. Мне не падабаецца, што ў царкве таксама кажуць, што жанчынам нельга фарбаваць пазногці, таму што гэта пачалі рабіць прастытуткі...
- Мяне расчульваюць спробы перадраць заходнюю моду і традыцыю пры поўнай адсутнасьці ў Беларусі перадумоў для гэтага. У Беларусі не было ані фэмінізму першай, ані фэмінізму другой, ані фэмінізму трэцяй хвалі. Бьюці-індустрыя ледзь зьявілася. і патрабаваньні зь глянцавых журналаў ня сталі (і ня факт што стануць) стандартамі паводзінаў і зьнешняга выгляду для жанчын. Аднак вось гэтую верхавіну гістарычнага працэсу — флэшмоб з нябрытымі падпахамі, фэміністкі хапаюць і бяруць на шчыт як нешта крутое і прагрэсіўнае.
- Скажу шчыра, мне больш сымпатычныя дзяўчаты з валосікамі на целе, чым з пірсінгамі і татуажам!
- У жанчыны, якая нават голіць ногі, валасы ня могуць расьці так шмат... Хутчэй за ўсё ў яе гарманальны дысбалянс, і трэба зьвярнуцца да адпаведнага мэдыка і прайсьці курс гарманальнага лячэньня!
- Падумалася, а колькі мужчын сваіх жонак натуральнымі ніколі і не бачылі. Ўсюды навокал хлусьня...
- Вельмi знакавы флэшмоб. Зноў пацьвярджае, што ў жанчыны найбольш істотная рэч, як яна выглядае, а ў мужчыны, што ён робiць.
- Цікава, ці адчуваюць беларускі, якія ня робяць эпіляцыю/дэпіляцыю, яўны ці латэнтны сацыяльны ціск супраць сябе? На працы, напрыклад? Ці можа сабе такое дазволіць журналістка, настаўніца, юрыстка і г. д.? Ёсьць статыстыка, што 70-80% жанчын не выдалялі б валасы, каб было магчыма.
«Ты можам проста сябе любіць і ня трэба для гэтага ўхвалы збоку»
Ганна Соўсь: Наста і Даша Вы ўсе бралі ўдзел у дыскусіі, фрагмэнты якой я тут працытавала. Пра што такога кшталту абмеркаваньні сьведчаць? Ці гэта зусім далёкая ад Беларусі тэма і ініцыятыва?
Наста Захарэвіч: Такія меркаваньні паказваюць, што для Беларусі тэма ўсё яшчэ ня дробная і што яна людзей кранае. У розных жа людзей розная матывацыя, чаму іх гэта закранае. Шмат людзей, якія выказваюць нэгатыўнае стаўленьне да такіх флэшмобаў, выкарыстоўваюць рыторыку, вельмі падобную да той, якую выкарыстоўваюць людзі, якія кажуць, што ўсе павінны быць мадэльнай зьнешнасьці, ня большымі за 40-42 памер, што ўсе павінны зафарбоўваць сівыя валасы.
Адбываецца сутыкненьне двух сьветапоглядаў. У адным, каб звацца прыгожым чалавекам альбо проста быць нармальным чалавекам, трэба адпавядаць нейкаму стандарту, трэба чагосьці дасягаць, пазбаўляцца нейкіх прыемных частак свайго жыцьця, напрыклад, смачных прадуктаў, праводзіць час у спартовай залі, нават калі гэта непрыемна і прыносіць раздражненьне. Іншы сьветапогляд палягае ў тым, што ты можам проста сябе любіць, і табе ня трэба для гэтага ўхвалы збоку. Калі падабаецца любіць сябе такой — любі сябе такой, падабаецца быць іншай — будзь іншай. І ня трэба пазбаўляцца прыемнасьцяў.
З аднаго боку мы такія незалежныя і самі для сябе ўсё вырашаем, але ідэі галіць ногі і падпахі зьяўляюцца адначасна з тым, як выходзяць у масы розныя адмысловыя прыстасаваньні для гэтага. І гэта наводзіць на думку, што гэта проста бізнэс і нічога асабістага. Таму тут ня варта недаацэньваць уплыў грамадзтва і рэклямы вакол нас, якія мы альбо пераасэнсоўваем альбо сьлепа пераймаем. Ці мы ўпэўненыя, што гэта наша рашэньне?
«За якое права змагаецца гэты флэшмоб? Быць непрыгожымі? Быць непрывабнымі?»
Ганна Соўсь: Як вы самі ў розныя гады ставіліся да таго, што вам трэба (альбо ня трэба) галіць ці выдаляць валасы на целе? Гэтая гігіенічная ці касмэталягічная практыка прыйшла ў нашае жыцьцё адносна нядаўна.
Вольга Чэкулаева: У юнацтве я была дзікаватай дзяўчынкай. Я, напрыклад, не разумела, як можна насіць басаножкі летам. Калі я не рабіла пэдыкюр, не фарбавала пазногці на нагах і апранала басаножкі, то мне вельмі не падабалася, як выглядаюць мае ногі. І таму я хадзіла ў нейкіх туфлях-лодачках, тонкіх панчохах. Толькі потым да мяне дайшло, што гэта непрыгожа, таму што пазногці на нагах недагледжаныя, і гэтыя валаскі... ну неяк для мяне гэта было неэстэтычна. Дзяўчаты кажуць, што каноны прыгажосьці заўжды мяняюцца — так, яны мяняюцца, але ўсё адно ёсьць пэўныя паняцьці пра тое, што такое прыгожа і што такое непрыгожа. Чалавецтва прайшло вельмі доўгі шлях дзеля таго, каб выпрацаваць гэтыя каноны. Ёсьць залатое сячэньне, ёсьць Мона Ліза, на якую мы любуемся, ёсьць прыгожыя палацы, якія мы езьдзім глядзець і г. д.
У гэтым флэшмобе ўдзельнічаюць дзяўчаты, жанчыны — жаночая палова. Гэта значыць, гэта ў нейкай ступені барацьба за правы жанчын. Гэта права на што? У свой час змагаліся за выбарчыя правы, за права на адукацыю, зараз змагаюцца за права займаць такія ж сур’ёзныя высокія пасады, атрымліваць такі ж заробак як мужчыны. За якое права змагаецца гэты флэшмоб? Быць непрыгожымі? Быць непрывабнымі?
Наста Захарэвіч: На мой погляд, тут усё відавочна: гэта флэшмоб за права проста жыць і пры гэтым ня быць упрыгожваньнем у мужчынскіх вачах. Дагэтуль жанчына ўспрымаецца як упрыгожваньне для грамадзтва. Мы з вамі сутыкаемся з тым, што жанчына павінна быць упрыгожваньнем, і пры гэтым нібыта сыходзім ад пазыцыі, што адсутнасьць валасоў — гэта аб’ектыўна прыгожа, а наяўнасьць — аб’ектыўна непрыгожа.
Вольга Чэкулаева: То бок мы вядзем гаворку пра тое, што ўсе гэтыя каноны былі прыдуманыя для таго, каб задаволіць вось гэтыя нізкія мужчынскія «хацелкі», і што мы прыгожыя для мужчын? Давайце крыху перавернем сытуацыю, Я прыгожая для сябе, я хачу падабацца сабе. Калі нам 15, мы хочам быць прыгожымі для хлопчыкаў, потым нам хочацца, каб на нас зьвярталі ўвагу жанчыны, нашы раўналеткі, і ў пэўным узросьце мы пачынаем разумець, што мы хочам быць прыгожымі самі для сябе.
Я хачу бачыць прыгожае адлюстраваньне ў люстры, і мне абсалютна ўсё роўна, як мяне ўспрымаюць. Мне прыемна, канешне, калі я камусьці падабаюся, але я гэта раблю не для мужчын. І таму я заклікаю дзяўчат саміх сябе не рабіць аб’ектамі. Калі мы зараз пра гэта гаворым, мы самі сябе зводзім да стану аб’ектаў, а не суб’ектаў. Ня трэба думаць пра тое, што вы робіце гэта для мужчын.
З другога боку мы хочам і мужчын бачыць прыгожымі і акуратнымі. Нам жа прыемна бачыць умоўна высокага, шыракаплечага, у меру падкачанага бляндына, чым якога-небудзь тоўсьценькага, пузатага, недагледжанага дзядзьку. Безумоўна, потым мы размаўляем з чалавекам, пазнаем бліжэй, і аказваецца, што тоўсты пузаты дзядзька нашмат цікавейшы і разумнейшы падкачанага бляндына. Але ўсё роўна спачатку... Чалавецтва эвалюцыянавала тысячы гадоў, але ўсё роўна па вопратцы сустракаюць заўсёды. І вока наша заўсёды вылучае ў натоўпе нешта прывабнае...
«Гэта ўсяго толькі флэшмоб — проста паспрабуйце не галіць ногі ці падпахі»
Ганна Соўсь: Даша, як аўтарка фэмінісцкага блогу, ці пагадзіліся б вы з такой ацэнкай?
Даша Гнеўшына: Не зусім, таму што меркаваньне, што мы гэта робім для мужчын, няслушнае. Мы ўсе жывем у гэтай сыстэме, падпарадкоўваемся гэтым правілам, але гэта ўсё ж правілы. Мы лічым, што нам прыемна глядзець на нейкага высокага бляндына, але гэта таксама падпарадкаваньне правілам. Усе гэтыя стандарты прыгажосьці зьмяняюцца, і вось такім чынам, праз такі флэшмоб гэта спрабуюць зьмяніць. І гэтую барацьбу я лічу таксама слушнай, і гэта нядробная барацьба. Гэта ўсяго толькі флэшмоб — проста паспрабуйце не галіць ногі ці падпахі. Я лічу, што да гэтага таксама трэба больш спакойна ставіцца.
Мы можам на гэта глядзець, мы можам пра гэта нешта думаць, але мы не павінны супраць гэтага выказвацца. У камэнтарах я бачыла, што некаторыя мужчыны пісалі, што ім падабаюцца жаночыя няголеныя падпахі. Мы не павінныя арыентавацца на тое ці іншае меркаваньне. Я ўпэўнена, што гэта можа быць не для мужчыны, але гэта прыгажосьць, зьвязаная са стандартамі. І нехта бачыць свае няголеныя падпахі і думае, што гэта прыгожа. Я, напрыклад, прачнуўшыся, магу лічыць, што ў мяне прыгожы твар. Няхай ён ня ўсім падабаецца, але ён ня мусіць усім падабацца.