Жыхары пасёлку Сарбастаў, што ў Казахстане, запісалі адкрыты відэазварот на вулічнай акцыі супраць 18-гадовай Шырын Нарчаевай, якая выклала ў Instagram фота без кашулі.
«Мы, жыхары пасёлку Сарбастаў, сёньня ўсе як адзін выйшлі на вуліцу, каб выказаць сваю незадаволенасьць дзяўчыне ў нацыянальным уборы, — прыводзіць 365info.kz словы людзей зь відэа. — Сваім разьдзяваньнем яна зьняславіла ня толькі казаскі народ, але і ўвесь жаночы род.
Мы просім яе спыніць гэтыя дзеяньні і стаць на правільную дарогу, бо многія дзяўчаты пачнуць за ёй паўтараць. Раней нашыя жанчыны былі сапраўднымі захавальніцамі ачага і не паказвалі нават кончыкаў сваіх валасоў, ня тое што цяпер. Мы супраць такога!»
Казаскі партал прыводзіць і камэнтары з сацсетак. Адзначаецца, што «бальшыня падтрымала пратэст мужчынаў, але некаторыя ўсё ж не пагадзіліся з думкай большасьці».
Сярод выказваньняў супраць дзяўчыны было, напрыклад, такое: «Жанчынам нельга даваць свабоду, у іх розуму меней, чым у мужчын» і «Прадала душу за хайп». Сярод камэнтароў у ейную падтрымку – «Людзям заняцца няма чым, яшчэ дзяцей узялі для масоўкі», «Клясная дзяўчына, шораху навяла, не раскрыўшы рота», «Схадзіце ў адзін з начных клюбаў Алматы і там усім скажыце, як сябе паводзіць». Было і выказваньне пра тое, што «на рэальныя праблемы ўсім напляваць, а праз гэтую дурніцу выходзяць на мітынгі; не зьвяртайце ўвагі, і яна перастане».
Дзяўчына адказала на незадаволенасьць і пагрозы ў адрас ейнай сям’і відэазваротам «зь сюрпрызам» — спачатку гледачам здаецца, што яна просіць прабачэньня…
Пасьля публікацыі відэазвароту дзяўчыну зьбілі невядомыя. Сьцьвярджалася, што ёй зламалі нос — сама яна піша, з носам ужо ўсё нармальна.
Гэта ўжо ня першы «пратэст супраць грудзей» у Казахстане. У сьнежні хлопец пабіў сваю сяброўку-мадэль за дэфіле ў сукенцы з паўпразрыстым верхам. Зьбітая не зьвярталася ў паліцыю, таму што афіцыйна яе стасункі з партнэрам ніяк не былі зарэгістраваныя, і «ён мне нічым не абавязаны».
У суседнім Кіргізстане сьпявачцы нават пагражалі сьмерцю за кліп, у якім яна сьпявала пра гендэрную няроўнасьць у станіку і пінжаку.