Кампанія Boeing рэкамэндавала Фэдэральнаму ўпраўленьню цывільнай авіяцыі ЗША (FAA) часова прыпыніць палёты ўсяго авіяпарку самалётаў мадэлі 737 MAX. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на сайце авіябудаўнічай карпарацыі.
FAA раней паведаміла аб прыпыненьні палётаў Boeing-737 MAX 8, апэратарамі якіх ёсьць авіякампаніі ЗША ці якія адбываюцца над тэрыторыяй Злучаных Штатаў. Прыпыніць палёты самалётаў гэтай мадэлі даручыў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Напярэдадні ён раскрытыкаваў новыя мадэлі, якімі, на яго думку, надта складана кіраваць.
Палёты будуць забароненыя да канца расьсьледаваньня крушэньня самалёта ў Этыёпіі.
«Мы разумеем, што рэгулятары і кліенты прымаюць рашэньні, якія лічаць найбольш прымальнымі для сваіх рынкаў», — пісала кампанія Boeing у іншым прэс-рэлізе.
У сераду таксама стала вядома, што бартавыя самапісцы самалёта Boeing-737 MAX 8, які разьбіўся ў Этыёпіі, будуць адпраўленыя ў Нямеччыну для аналізу запісаў. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка «Этыёпскіх авіялініяў».
Рашэньне перадаць іншай краіне «чорныя скрынкі» было прынятае пасьля таго, як этыёпскія экспэрты не змаглі расшыфраваць запісаны я ў іх дадзеныя. Як адрасаты разглядаліся ЗША, Францыя і Нямеччына.
Як паведамляе выданьне Fortune, у Этыёпіі адкінулі магчымасьць адправіць рэгістратары ў ЗША, бо авіякатастрофа прайшла з удзелам самалёта амэрыканскай вытворчасьці. У Этыёпіі асьцерагаліся, што праз гэта расьсьледаваньне магло б ня быць аб'ектыўным.
Раней агенцтва Bloomberg ацаніла магчымыя страты кампаніі Boeing праз авіякатастрофы ў 57 мільярдаў даляраў. У асноўным страты зьвязаныя змагчымай адмовай некалькіх буйных авіялініяў купляць самалёты мадэлі Boeing-737 MAX 8.
10 сакавіка Boeing-737 MAX 8 пацярпеў крушэньне ў Этыёпіі. Ахвярамі катастрофы сталі 157 чалавек. У кастрычніку ў Інданэзіі разьбіўся самалёт гэтай жа мадэлі. Тады загінулі 189 чалавек. Абодва самалёты ўпалі на зямлю празь некалькі хвілін пасьля ўзьлёту. Шэраг краінаў пасьля гэтага ўвялі забарону на палёты самалётаў такога тыпу.