Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вар’яцкі «Макс». Чым небясьпечная новая мадэль «Боінга», — тлумачыць беларускі авіяінструктар


Boeing 737 MAX 9, ілюстрацыйнае фота
Boeing 737 MAX 9, ілюстрацыйнае фота

Беларускі авіятар і інструктар з больш чым 30-гадовым стажам палётаў — зь іх два дзясяткі гадоў на розных мадэлях Boeing — падзяліўся са Свабодай сваім бачаньнем праблем амэрыканскіх самалётаў новага пакаленьня 737 MAX.

Эўразьвяз і яшчэ дзясятак дзяржаваў па ўсім сьвеце на няпэўны час забаранілі палёты Boeing 737 MAX 8-й і 9-й мадэляў. Падставай — дзьве буйныя авіякатастрофы зь вялікімі чалавечымі ахвярамі, якія здарыліся ў Этыёпіі (Ethiopian Airlines) і Інданэзіі (Lion Air) за мінулыя паўгода. Забарона тычыцца як унутраных рэйсаў, так уваходных і выходных.

ЗША не забаранялі палётаў Boeing 737 MAX, але скасавалі прэзэнтацыю сэрыі гэтых самалётаў, якая мела прайсьці 13 сакавіка ў Сіэтле.

Беларусь пакуль не адрэагавала на авіякатастрофы. Па-першае, хоць тэхнічна Нацыянальны аэрапорт «Менск» і здольны прымаць самалёты згаданых мадыфікацыяў, аднак сюды яны яшчэ не даляталі. Па-другое, дзяржаўны манапаліст кампанія «Белавія» ня мае ў парку такой тэхнікі, хоць і абвясьціла пра намер ужо ў траўні атрымаць у лізінг першы пасажырскі «Боінг» чацьвёртага пакаленьня. Іншыя чакаюцца да канца году і ў 2020-м. Не выключаецца, што агулам іх колькасьць можа дасягнуць сямі адзінак.

Галоўная праблема — сыстэма кіраваньня

Авіяцыйныя структуры ўстрымліваюцца ад прагназаваньня наступстваў замарожваньня глябальнага праекту амэрыканскага вытворцы. Адзін з дасьведчаных беларускіх пілётаў і інструктараў, які рыхтуецца да палётаў на Boeing 737 MAX 8, падзяліўся асабістымі ацэнкамі сытуацыі. Ён вывучае самалёт на трэнажоры, які імітуе кабіну кіраваньня.

«„Палёталі“ на трэнажоры — і не сказаць каб адчулі нейкую вельмі істотную розьніцу, — кажа суразмоўца Свабоды, які просіць не называць ягонага прозьвішча. — Так, стаяць іншыя рухавікі, сам самалёт на 3 тоны цяжэйшы, ёсьць некаторыя дадатковыя функцыі, якіх не было на NG (Next Generation — абагульненае абазначэньне мадэляў −600/-700/-800/-900 самалётаў Boeing 737. — РС). Асабіста я ніякага дыскамфорту не адчуў, агулам кажучы, для спэцыяліста-прафэсіянала надта істотнай розьніцы ад папярэдніх мадэляў няма».

Boeing 737 MAX у небе
Boeing 737 MAX у небе

Міжнародныя экспэрты выказваюць засьцярогі, што «Макс» мае канструктыўныя недахопы, якія трэба неадкладна выпраўляць, бо ў сьвеце ўжо лятае больш за 2 500 аналягічных бортаў. Ад 2017-га, пачатку масавага выпуску гэтай мадэлі, яна стала самай прадаванай у сьвеце.

Перш за ўсё беларускі экспэрт на просьбу Свабоды ацаніў, ці мог адной з прычынаў катастрофаў быць недахоп трэнінгаў на новай мадэлі для пілётаў.

«У гэтай мадэлі асноўнае пілятажнае прыстасаваньне атрымлівае інфармацыю з інэрцыйнай навігацыйнай сыстэмы, — тлумачыць экспэрт. — Ня варта тэхнічна заглыбляцца, але адзін толькі Air Data Computer выдае сотні парамэтраў. У тым ліку, калі спрашчаць, і сыгнал кіраваньня самалётам. Калі меркаваць з папярэдніх высноваў, абодва борты — і інданэзійскі, і этыёпскі — мелі аднолькавыя праблемы. Кампутар вызначаў няправільныя паказаньні так званых „кутоў атакі“, праз што сыстэма кіраваньня выдавала сыгнал на перакладку стабілізатара на піке».

Канструкцыйная няспраўнасьць ці чалавечы фактар

Як тлумачыць экспэрт, калі гэты кут занадта вялікі, аўтаматычна ставіцца задача праз стырно яго зьменшыць. Хоць пры гэтым становішча самалёта заставалася нармальнае. Урэшце машына была ўведзена ў штучнае піке.

Фактычна пілёты не змаглі даць рады аўтаматычнай сыстэме, якая папярэджвае «задзіраньне» носу самалёта, а тым самым страту цягі і зрыў у штопар. Такая сыстэма ўпершыню зьявілася менавіта ў сэрыі 737 MAX.

«Па-першае, гэта тэхнічная няспраўнасьць, па-другое, чалавек ня здолеў справіцца з адмоваю сыстэмы, — робіць выснову авіятар. — Хоць і ў папярэдняй практыцы ёсьць прыклад адмовы, якая называецца „адвод стабілізатара“ (Runaway stabilizer). То бок дзеяньні, якія выконваюцца з памяці. І ў прынцыпе тую адмову таксама мусілі распазнаць. Самалёт знаходзіўся ў рабочым дыяпазоне — і раптам нечаканы пераход стабілізатара ў стан рэзкага піке, з чым абодва экіпажы ня справіліся. Ня ведаю, чаму так адбылося, трэба чакаць афіцыйнага заключэньня».

«Белавія» пакуль такія самалёты не выкарыстоўвае, але ў найбліжэйшы час яе авіяпарк мае папоўніцца некалькімі новымі Boeing 737 MAX 8. Пляны кіраўніцтва кампаніі абвясьціла яшчэ ў 2018 годзе, прыбыцьцё першага борту чакаецца сёлета ў траўні.

Нягледзячы на нядаўнія авіякатастрофы, беларускі тэхнічны і лётны пэрсанал працягвае навучаньне ў Сыэтле. Графік паставак будзе залежаць ад вынікаў экспэртызы — ня выключана, што ўсе самалёты вытворца адкліча на тэхнічную дапрацоўку. Вялікае абнаўленьне паветранага флёту на карысьць сэрыі «МАХ» заплянавала Ўкраіна — туды пачатак пастаўкі партыі з 10 самалётаў прызначаны на лета 2019 году.

На месцы аварыі «Боінгу» ў Этыёпіі, 10 сакавіка
На месцы аварыі «Боінгу» ў Этыёпіі, 10 сакавіка

Найбліжэй да Беларусі такія «Боінгі» дысьлякуюцца ў Літве — некалькі такіх самалётаў мае ірляндзкі лоўкостэр Ryanair, які карыстаецца аэрапортамі Вільні і Коўна. Ёсьць такія мадэлі ў польскай кампаніі LOT і расейскай кампаніі S7. Аднак ніводзін зь іх у Беларусь пакуль не прылятаў — для Эўропы яны па-ранейшаму досыць рэдкія.

«Шмат хто пачаў пераходзіць, але чым урэшце скончыцца — прагназаваць цяжка, — кажа суразмоўца Свабоды. — Бачыў такі самалёт кампаніі LOT у варшаўскім аэрапорце Шапэна, ведаю, што S7 нядаўна набыла два борты. Ізраільская чартэрная кампанія Aurica гэтаксама «Максы» эксплюатуе. Пераважна ў парках яшчэ Boeing лінейкі NG, але і новыя паціху зьяўляліся. Вядома, не ў такіх аб’ёмах, як замаўлялі Індыя, Кітай, Інданэзія, краіны Афрыкі — і ня 2-3 штукі, як эўрапейцы, адразу па 200-300. Нават не ўяўляю, што ў гэтай сытуацыі будзе рабіць «Боінг».

Эканамічнасьць «Макса» паспрыяла попыту ў Азіі і Афрыцы

Попыт на Boeing 737 MAX у Азіі ці Афрыцы тлумачыцца эканамічнасьцю новай мадэлі, што важна для частых і працяглых пералётаў — у шэраг рэгіёнаў сьвету дагэтуль можна дабрацца толькі паветрам. Для Эўропы такой праблемы папросту не існуе.

«На ім усталяваныя рухавікі новага пакаленьня, большага дыямэтру — 69 цаляў (на NG — 60 цаляў), — працягвае экспэрт. — За кошт турбіны нізкага ціску лайнэр больш эканамічны, дзесьці на 10% меншы расход паліва — істотна ў доўгатэрміновай эксплюатацыі. Паколькі канструкцыю абцяжарылі, давялося павялічыць стойкі шасі. Таксама даўжэйшая на 20 сантымэтраў насавая стойка, каб рухавік „адарваць“ ад зямлі. Усё гэта цягне сілавыя элемэнты плянэра, ён на 3 тоны цяжэйшы. Ну і калі на NG пяць дысплэяў, тут чатыры 16-цалёвыя. У астатнім практычна такія ж памеры, 21 тона запраўкі і амаль ранейшыя адлегласьці».

У кампаніі Boeing ужо заявілі, што на ўсіх пасажырскіх самалётах сэрыі MAX 8 у найбліжэйшы час будзе ўсталяванае новае праграмнае забесьпячэньне. Але ці стане гэта суцяшэньнем для авіякампаніяў-пакупнікоў і пасажыраў? Пакуль што сьпіс дзяржаваў, якія адмаўляюцца ад «Максаў», расьце, а прэзэнтацыя лідэрскіх мадэляў у ЗША сарваная і невядома, ці адбудзецца наогул.

У кампаніі «Белавія» таксама ня маюць пэўнасьці, як цяперашняя сытуацыя адаб’ецца на плянах набыцьця тэхнікі.

«Ёсьць праграма, якую перад пастаўкай самалётаў дасылае „Боінг“. Яна называецца „Адрозьненьні ў паводзінах“, праходзіш яе ў электронным выглядзе як Basic Computer Training, здаеш тэсты, — расказвае экспэрт. — Што і як будзе з улікам абставінаў, гэта ўжо ў кампэтэнцыі камэрцыйных адносінаў. З аднаго боку, можна нават і раней атрымаць, калі пойдуць масавыя адмовы ад іншых. А зь іншага, да поўнага завяршэньня разьбіральніцтва могуць наагул прыпыніць усю праграму МАХ. І наколькі пры такім раскладзе ўсё зацягнецца — ня ведае, мабыць, ніхто».

Ці рэальна змадэляваць авіякатастрофу на трэнажоры

Паводле суразмоўцы, гісторыя авіяцыі ведала і іншыя прыклады, калі цярпелі катастрофу новыя мадэлі самалётаў. Але ў гэтым выпадку трывожна, што трагедыі здарыліся ў кароткі прамежак часу. І нават калі прычынай будзе абвешчаны ня гэтулькі канструктарскі, колькі чалавечы фактар, агульны недавер да рызыкоўнай мадэлі застанецца.

Сымулятар кабіны Airbus A320, ілюстрацыйнае фота
Сымулятар кабіны Airbus A320, ілюстрацыйнае фота

«Некалі ў новага Як-42 падчас палёту адвальваўся стабілізатар, таксама былі катастрофы, — згадвае авіятар. — Каб паміж тымі „Максамі“ яшчэ разьбежка ў 2-3 гады, мо не такі быў бы рэзананс. А калі літаральна адзін за адным — іншая рэч. І выпадкі крушэньня, выглядае, вельмі падобныя. Прынамсі мяркуючы з таго, як машыны ўвайшлі ў зямлю, прычыны трэба шукаць у чымсьці адным. Каб змадэляваць адмову на трэнажоры, паглядзець, што адбываецца і як з гэтым спраўляецца экіпаж, можна было б казаць больш уцямна. Думаю, якраз гэтым экспэрты цяпер і займаюцца».

Улады Злучаных Штатаў пакуль ня ўводзілі забарону на эксплюатацыю і прыём на сваёй тэрыторыі самалётаў Boeing 737 MAX 8. Аднак Фэдэральнае ўпраўленьне цывільнай авіяцыі ўжо запатрабавала ад авіябудаўнічага канцэрну неадкладна змадэрнізаваць аўтаматычную сыстэму кіраваньня самалётамі ўсёй сэрыі «Максаў». Абнаўленьне стане абавязковым ня пазьней за сёлетні красавік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG