З 2011 па 2016 год у Беларусі 124 непаўналетнія скончылі жыцьцё самагубствам. Яшчэ 244 удалося выратаваць.
«Ня трэба пра гэта пісаць»
Вёска Андрушы — за 15 кілямэтраў ад Нясьвіжа, у Сейлавіцкім сельсавеце. У Сейлавічах некалькі крамаў, школа і сельсавет. Школа новая, але зусім невялікая, сумешчаная зь дзіцячым садком.
«Ня трэба вам пра гэта пісаць, — адразу кажа старшыня сейлавіцкага сельсавету Васіль Чычко. — Ідзе сьледзтва, Сьледчы камітэт разьбярэцца, што там здарылася і чаму. Побытавая трагедыя».
У старшыні вялікі і сьветлы кабінэт. На сьцяне партрэт прэзыдэнта, на лацкане гарнітура дзяржаўны сьцяжок. Спадар Чычко расказвае, што справы ў сельсавеце ідуць нядрэнна, праблемаў вялікіх няма. Жыхароў на падкантрольнай яму тэрыторыі адносна няшмат — дзьве з паловай тысячы. Бываюць праблемы, але так, па дробязі. Нехта выпіў лішняга, нехта дробнае злачынства ўчыніў. На ўліку як сацыяльна-небясьпечныя, па словах старшыні сельсавету, «усяго 2–3 сям’і». Сям’і 16-гадовай Тацяны Г., якую знайшлі павешанай у канцы студзеня ў Андрушах, сярод іх не было. Прынамсі, так кажа спадар Чычко.
«Вялікая трагедыя, — кажа старшыня. — Добрая сям’я, няма да іх пытаньняў, не было праблем. Маці Алена год таму атрымала Ордэн маці, усё добра было ў іх. Яна на фэрме працуе, муж таксама. І тут такое здарэньне».
Старшыня сельсавету яшчэ доўга расказвае пра падначаленыя яму вёскі і тэрыторыі, але даваць кантакты бацькоў загінулай школьніцы адмаўляецца. «Ня трэба пра гэта гаварыць», — кажа ён на разьвітаньне, праводзячы да ганку сельсавету.
Прыкладна тое самае чую і ад дырэктара Сейлавіцкай школы Валера Казубоўскага. Ён сустракае журналістаў на парозе невялікага аднапавярховага будынку. Тацяна Г. адвучылася тут амаль дзесяць гадоў.
«Нічога вам не магу сказаць, пакуль ня скончылася праверка, — кажа дырэктар. — Сьледчыя разьбіраюцца з гэтым. Ні пра Тацяну, ні пра яе сям’ю я нічога сказаць не магу. Кантактаў яе бацькоў таксама ня ведаю, да пабачэньня».
«Павесілася яна. А чаму — ніхто ня ведае»
Андрушы — гэта дзьве з паловай вуліцы. На кожнай па два дзясяткі дамоў, наводдаль фэрма.
«Прама пойдзеце да былой школы, потым павернеце направа, і зьлева будзе іх дом, — перабіваюць адзін аднаго два мясцовыя мужыкі. — Яны там, у новым доме побач з фэрмай жывуць. Ружовы такі. Ды вам пакажуць, іх усе ведаюць тут».
Патлумачыўшы дарогу, мужыкі крыху разважаюць пра трагедыю, якая здарылася ў канцы студзеня. Па іх вэрсіі, вінаваты інтэрнэт, мабільнікі і агулам «усё, што зараз у маладых у галовах». Што канкрэтна ў галовах маладых, суразмоўцы ня кажуць. «Павесілася, — кажуць мужыкі. — А чаму, ніхто ня ведае».
Суседка сям’і Тані Г. Алена Стадуб пераехала ў Андрушы 14 гадоў таму з Расеі. Расказвае, што і саму дзяўчынку, і яе сям’ю ведае добра. Бярэцца правесьці нас да іх дадому. Па дарозе расказвае, што бачыла Таню літаральна ў дзень трагедыі.
«Такая харошая дзяўчынка яна, — расказвае Алена. — Заўсёды з малодшымі дзецьмі, даглядала іх. 24 студзеня гэта было, здаецца. Ніхто ня ведае, чаму гэта здарылася, што яна ўзяла ў галаву. Мы ўсе ў шоку тут. Яе мой сын знайшоў. Ішоў раніцай праз тую частку вёскі. Бачыць, стаіць нехта каля яблыні. Ён кіўнуў, павітаўся. А той чалавек не адказаў нічога. А потым ішлі мужчыны на могілкі капаць магілу, у нас у вёсцы адзін чалавек памёр стары. Вось яны падышлі бліжэй і ўбачылі, што вісіць яна. Таня».
Алена расказвае, што Тацяна была трэцяй дачкой у сям’і. Двое старэйшых дзяцей, брат і сястра Тані, у Андрушах ужо не жывуць. Зьехалі ў Менск і Нясьвіж.
«Месца такое»
Алена Стадуб прызнаецца, што так і не прыжылася ў Андрушах, ня стала да канца сваёй. Падчас размовы яна часта зьбіваецца на беларускую мову. Кажа, што, можа, і варта было б зьехаць куды ў іншае месца, але тут ужо асеў сын, нарадзіўся ўнук.
«Маці яе, Лена, дагэтуль у шоку, — працягвае суседка расказваць пра сям’ю загінулай Тані. — Сёньня ехалі ранкам разам зь Нясьвіжа. Яна амаль не размаўляе. Ня ведаю, як такое можна перажыць. Такая вялікая бяда. Але я вам скажу, што тут самагубствы не навіна. Бацька Тані таксама павесіўся. Даўно гэта было, яшчэ як толькі яны пераехалі да нас. Муж мой былы павесіўся два гады таму. Ён тады ўжо зь іншай жанчынай жыў, але міліцыя да мяне прыехала. Ня ведаю, чаму ўсё гэта адбываецца тут. Месца такое».
Новы дом з чырвоным дахам, дзе жыла 16-гадовая Тацяна, стаіць на самым ускрайку вёскі. За ім поле, фэрма і лес. Вуліца перад домам раскісла ад талай вады. Побач некалькі гаспадарчых пабудоваў, брэшуць суседзкія сабакі. На стук у дзьверы з дому выходзіць заплаканая жанчына ў чорнай хустцы. Гэта маці Тані Г. Яна некалькі сэкундаў думае над просьбай паразмаўляць і моўчкі зачыняе дзьверы.
Яблыня
Ад цэнтральнай вуліцы Андрушоў у бок бліжэйшага лесу адыходзіць кароткі завулак, які ўпіраецца ў могілкі. Побач два дамы. У адным жыве стары чалавек, якога даглядаюць дзеці. Другі дом на зіму застаецца нежылым, гаспадыня на зіму зьяжджае да радні. Паміж гэтым домам і могілкамі яблыневы сад, на адным з дрэваў якога скончылася жыцьцё 16-гадовай Тані.
«Вунь там яна была, на той яблыні, — зь першага дому выходзіць дачка гаспадара і сама пачынае расказваць пра падзеі месячнай даўнасьці. — Тут бацька мой жыве, але ён ня ходзіць, то і ня бачыў нічога».
Пахавалі Таню на Палесьсі, у Лунінецкім раёне, на могілках вёскі Міжлесьсе. Побач з магілай бацькі. У Андрушах кажуць, што разьвітацца зь дзяўчынай выйшла ўся вёска. Труну зь целам праводзілі ад дому да драўлянага крыжа на ростанях.
Кіраўніца ўпраўленьня адукацыі Нясьвіскага райвыканкаму Алена Клішэвіч ня стала камэнтаваць трагічнае здарэньне ў Андрушах, спаслаўшыся на адсутнасьць вынікаў праверкі СК. Чыноўніца таксама адмовілася расказаць, ці стаяла Таніна сям’я на ўліку тых, што «ў сацыяльна небясьпечным становішчы».
Як паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці, праверка па факце сьмерці Тацяны Г. на дадзены момант не завершаная.
«Бацькам трэба бачыць і чуць сваё дзіця». Камэнтар псыхоляга Натальлі Саковіч
— Якія асноўныя прычыны суіцыдаў сярод падлеткаў? Ці адрозьніваюцца яны ад прычын суіцыдаў сярод дарослых?
— Мы хутчэй гаворым пра фактары, якія правакуюць суіцыдальныя паводзіны. Гэта найперш сам падлеткавы ўзрост, калі казаць пра адрозьненьні ад дарослага. Гарманальныя зьмены, хуткі рост і, як вынік, стомленасьць і няўстойлівы настрой. Да падлеткаў трэба быць асабліва ўважлівым. Ва ўзроставым крызісе яны павінны вырашыць мноства задач, ім няпроста. І калі да гэтага яшчэ дадаюцца дадатковыя крызісныя фактары, падлетак можа ня справіцца. Правакацыйнымі фактарамі суіцыдальных паводзін можа стаць цкаваньне ў клясе і школе, непадзеленае каханьне, гора, інвалідызацыя як наступства траўмы або цяжкага захворваньня, невыносныя ўмовы або недасяжныя мэты, перагрузка, дэпрэсія, заражэньне тэмай сьмерці і самагубства (сындром Вэртэра) і гэтак далей.
— Якім чынам можна заўважыць схільнасьць падлетка да суіцыду? Яна выяўляецца?
— Мы не гаворым пра схільнасьць да суіцыду, мы гаворым пра асаблівасьці нэрвовай сыстэмы. Пра наяўнасьць фактараў рызыкі, якія ў сукупнасьці могуць правакаваць падлетка да суіцыдальнай актыўнасьці. А знакі такой актыўнасьці і таго, што дзіця знаходзіцца ў крызісе, праяўляюцца вэрбальна і невэрбальна.
Што могуць убачыць бацькі? У першую чаргу зьмены настрою, харчаваньня, зьмены сну, самаізаляцыю, цікавасьць да тэмы сьмерці (зьяўленьне ў доме літаратуры па гэтай тэме, перапіска ў інтэрнэце), нежаданьне наведваць гурткі, школу (у тым ліку пачашчэньне прагулаў), сур’ёзныя зьмены ў стане здароўя (частыя прастуды, частыя галаўныя болі і іншае).
Настаўнікі могуць заўважыць перамены ў зьнешнім выглядзе, самаізаляцыю ў кляснай і пазакляснай дзейнасьці, пагаршэньне працаздольнасьці, нядбайнае стаўленьне да сваіх школьных прыладаў (пры ўмове, што раней яно было іншым), частыя прагулы (адсутнасьць на пэўных уроках), рэзкія і неабгрунтаваныя выбухі агрэсіі, малюнкі па тэме сьмерці на апошніх старонках прадметных сшыткаў, тэма адзіноты, крызісу, страты сэнсаў у творах на вольную тэму або ў разважаньнях на ўроках гуманітарнага цыклю.
Аднагодкі могуць заўважыць самаізаляцыю, рэзкія перапады настрою (неўласьцівыя раней), павышаную агрэсіўнасьць, аўтаагрэсію, зьмены ў вонкавым выглядзе, цікавасьць да тэмы сьмерці (спосабаў самагубства), роспач, перамены ў інтарэсах.
— Інтэрнэт, сацсеткі сапраўды ўплываюць на зьяўленьне суіцыдальных думак і паводзін у падлеткаў — ці гэта перабольшваньне?
— Страх, вядома працуе на перабольшваньне гэтай ролі, але яна сапраўды існуе. Сёньня зьявілася больш магчымасьцяў пазнаёміцца са спосабамі суіцыду, уступіць у групу, якая «разгойдвае» тэму сьмерці і самагубства, нават аказвае падтрымку. А псыхіка падлетка, у адрозьненьне ад дарослага, няўстойлівая і схільная да заражэньня і перайманьня. Вось тут шмат рызыкаў, якія важна ўлічваць.
— Што бацькам трэба рабіць у першую чаргу, каб прадухіліць самагубства дзіцяці? Ці магчыма гэта?
— Бацькам трэба бачыць і чуць сваё дзіця. На жаль, усё часьцей бацькоўская функцыя зводзіцца да матэрыяльнага забесьпячэньня і кантролю выкананьня хатніх заданьняў. Бацькі мала ведаюць сваіх дзяцей, мала праводзяць часу зь імі, не заўсёды ведаюць, чым займаецца іх дзіця ў вольны час і хто яго сябры. Дзеці і падлеткі маюць патрэбу ў бацьках, у кантакце зь імі, у тым, каб сумесна бавіць час і дзяліцца вопытам і перажываньнямі.
Калі бацькі бачаць, што дзіцяці дрэнна, парушаны сон ці паніжаны апэтыт, яно ня хоча хадзіць у школу або сэкцыю, адмаўляецца гутарыць і замыкаецца — бацькі павінны зразумець, што нешта ня так, і разабрацца ў тым, што адбываецца. Яны як ніхто іншы ведаюць і разумеюць, што дзіця пакутуе. Базавы прынцып прафіляктыкі суіцыдаў — пазбавіцца ад іх прычыны, і суіцыду ня будзе! І калі прычына, ці, як мы кажам, правакацыйны фактар, напрыклад, у непадзеленым каханьні, — бацькі павінны быць побач, размаўляць, падтрымліваць, пераключаць увагу.
Растлумачыць ды проста абняць і быць побач, каб перажыць гэта. І так зь любой праблемай, якую падлеткі не заўсёды могуць вынесьці ў адзіноце.