Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Расейцы ствараюць дадатковы попыт, які абмяжоўвае беларусаў». Колькі сёлета каштуюць навагоднія сьвяточныя праграмы

«Расейцы ствараюць дадатковы попыт, які абмяжоўвае беларусаў». Колькі сёлета каштуюць навагоднія сьвяточныя праграмы


Навагоднія ўпрыгожаньні ў Менску, архіўнае фота
Навагоднія ўпрыгожаньні ў Менску, архіўнае фота

За аграсядзібу на трох чалавек на навагоднія сьвяты просяць каля 2200 рублёў, за сьвята ў рэстарацыі — каля 400. Расказваем пра сёлетнія навагоднія цэны ў Беларусі.

Блізяцца навагоднія сьвяты, адзначыць іх у Беларусі прапануюць у розных варыянтах: ад рэстарацыі ў горадзе да аграсядзібы ці гасьцініцы ў Белавескай пушчы. Паглядзелі, колькі гэта каштуе.

Сьвяткаваньне Новага году ў вёсцы Міхалёўка на Гомельшчыне, архіўнае фота
Сьвяткаваньне Новага году ў вёсцы Міхалёўка на Гомельшчыне, архіўнае фота

На прыродзе

Адзначыць Новы год у Белавескай пушчы прапануюць адразу некалькі агенцыяў. Напрыклад, кампанія «Белтурыст» просіць за такое сьвята ад 1550 рублёў. Сума ўключае тры дні пражываньня, трансфэр зь Менску ці Берасьця, банкет і навагоднюю праграму са Сьнягуркай і Дзедам Марозам.

Яшчэ адзін гасьцінічны комплекс у Белавескай пушчы прапануе адпачыць на Новы год таньней. Нумар на аднаго каштуе ад 1236 рублёў. Самы дарагі варыянт — люкс — будзе каштаваць 2264 рублі. У праграму туру на тры дні ўваходзіць экскурсія ў музэй народнага побыту, аглядная экскурсія па пушчы, харчаваньне і сьвяточная праграма.

Іншы варыянт, як сустрэць Новы год на прыродзе, — арандаваць аграсядзібу. Напрыклад, правесьці час з 30 сьнежня па 2 студзеня на беразе возера Струста ў Браслаўскім раёне будзе каштаваць ад 2000 рублёў за домік на 3 чалавек. Ёсьць варыянт і на 6 чалавек за 4500 рублёў. Прапануюць навагоднюю праграму і падарункі, але просяць 100% перадаплаты.

У Мядзельскім раёне Менскай вобласьці можна наняць дом на 4 чалавек за 2200 рублёў. У праграму на 3 дні ўваходзіць сьвяточная вячэра і падарункі для дзяцей.

Адна з так званых рэзыдэнцый беларускага Дзеда Мароза — на тэрыторыі комплексу «Лінія Сталіна». Архіўнае фота
Адна з так званых рэзыдэнцый беларускага Дзеда Мароза — на тэрыторыі комплексу «Лінія Сталіна». Архіўнае фота

За мяжой

Калі ў плянах — правесьці Новы год за мяжой, то такія варыянты можна прадумаць як самастойна, так і замовіць у турыстычных агенцый. Можна паляцець у Ерэван за 893 рублі ў адзін бок, у Дубай за 2234 рублі ў адзін бок, або ў Тбілісі за 1962 рублі таксама ў адзін бок.

Можна замовіць і аўтобусны тур. Напрыклад, паехаць у польскія Татры. Пяцідзённая вандроўка будзе каштаваць ад 1262 рублёў з заездам у Кракаў і Вялічку (з улікам аплаты турыстычнай паслугі). У кошт уключаны пераезд, тры начлегі і тры сьняданкі.

Выходзіць таньней, чым тры дні ў Белавескай пушчы.

Паездка на 6 дзён у Італію і Новы год у Міляне будзе каштаваць каля 2000 рублёў з улікам дадатковых аплат за экскурсіі.

Шмат прапаноў правесьці Новы год у Расеі. За 800 рублёў (з улікам аплаты турыстычнай паслугі) прапануюць адсьвяткаваць Новы год у Санкт-Пецярбургу. Тур уключае 3 дні пражываньня ў гасьцініцы і сьняданкі.

Ёсьць і экзатычныя прапановы — сустрэць Новы год ва Ўзбэкістане. Тур на 7 начэй уключае пералёт, экскурсіі, харчаваньне і сьвяточную вячэру. Каштуе 5036 рублёў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У рэстаране

Яшчэ адзін варыянт — паўдзельнічаць у навагоднім сьвяткаваньні ў кавярні ці рэстарацыі. Правесьці навагоднюю ноч у караоке-рэстаране «Анёлы» ў Менску сёлета каштуе ад 400 рублёў з чалавека. Абяцаюць аніматараў, жывы гук ад караоке-бэнда і Дзеда Мароза са Сьнягуркай.

У рэстаране «Праўда» на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай у Менску сьвяткаваньне навагодняй ночы будзе каштаваць столькі ж — 400 рублёў.

Можна знайсьці варыянты як таньнейшыя, так і даражэйшыя. Напрыклад, на ўскраіне Менску сустрэць Новы год у рэстарацыі «Шляхетны маёнтак» будзе каштаваць ад 250 рублёў.

А ў рэстарацыі «Wood & Fire» каля мэтро «Ўсход» прапануюць адзначыць навагоднюю ноч за 650 рублёў.

Госьці з Расеі

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, на навагоднія цэны ў Беларусі ўплывае балянс попыту і прапановы. Чым больш ахвотных, тым больш растуць цэны.

«Попыт павялічваецца да навагодніх сьвятаў у любой краіне. Гэта тычыцца курортаў, рэстаранаў, гасьцініц. Гатэлі ці тыя, хто здае жыльлё, маюць магчымасьць павысіць цэны. На гэта ёсьць попыт, і гэта адсейвае і тых ахвотных, хто ня можа сабе дазволіць адпачынак за такі кошт», — кажа Анастасія Лузгіна.

Эканамістка дадае, што на цэны ў Беларусі ўплываюць турысты з Расеі.

«Уплывае фактар Расеі. У многіх санаторыях, дамах адпачынку вялікая доля расейцаў. А заробкі там хоць не нашмат, але вышэйшыя, чым у Беларусі. Адпаведна, больш людзей з высокімі даходамі, яны і ствараюць дадатковы попыт у Беларусі, і гэта абмяжоўвае магчымасьці для беларусаў», — заўважае экспэртка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG