Апошнім часам мала які дзень абыходзіцца без паведамленьняў пра самагубствы грамадзянаў Беларусі: засіліўся, згарэў, лёг пад колы цягніка, скокнуў з вышыні. У гэтае шматгалосьсе людзкіх трагедыяў, на вялікі жаль, усё часьцей урываецца адчайны крык падлеткаў.
Пра што разважае аўтар
- Чаму дзеці выходзяць з дому і не даходзяць да школы
- Як пачуць, калі патэнцыйны самагубца крычыць ратунку
- Калі Беларусь перастане быць у лідэрах па суіцыдах
- Дзе нацыянальная стратэгія папярэджваньня самагубстваў
Пошукі сябе ў дарослым сьвеце
Днямі прыйшло сумнае паведамленьне з Добрушу. У шпіталі памёр, ня выйшаўшы з комы, 15-гадовы школьнік Даніла, які пры канцы лютага скочыў з балькона дзевяціпавярховіка. Уранку ён кіраваўся ў школу, але да яе так і не дайшоў. Яго знайшлі каля «маласямейкі». Распачата крымінальная справа паводле артыкула 145 КК — давядзеньне да самагубства. Вэрсію з сэлфі адкінулі, мабільнік ляжаў у кішэні, таксама ўшчэнт разьбіты.
У студзені ў Гомлі на вуліцы Барыкіна з вакна пятага паверху скочыла дзевяціклясьніца. Жыхары суседніх дамоў чулі адчайны крык сяброўкі: «Віка! Чаму ты гэта зрабіла?»
За два дні да трагічнага здарэньня на вуліцы Барыкіна ў горадзе сканала 17-гадовая дзяўчына, атруціўшыся невядомымі лекамі. Яна пакінула запіску на двух аркушах, якую вывучаюць сьледчыя.
Розгалас мела няшчасьце ў Горадні. У ноч на 3 сакавіка з вакна інтэрнату скочыла 16-гадовая навучэнка каледжу бытавога абслугоўваньня. Яна была сіратою.
Адмыслоўцы ў галіне псыхіятрыі сьцьвярджаюць: суіцыд — гэта крык аб дапамозе. Выглядае, што дарослыя (бацькі, настаўнікі, псыхолягі, ідэолягі, міліцыянты) не разумеюць, што адбываецца ў душы падлеткаў на парозе самастойнага жыцьця, калі яны шукаюць сябе і свайго месца ў дарослым сьвеце.
Той жа Даніла з Добрушу апошнія 8 гадоў выхоўваўся ў доме сямейнага тыпу. Ягоны бацька загінуў, а маці пазбавілі мацярынскіх правоў. Дзядзька школьніка апавёў, што хлопец раіўся зь ім наконт вучобы. Хацеў стаць «дальнабойшчыкам», але такая пэрспэктыва яму «не сьвяціла» з прычыны эпілепсіі. Аднагодкі, якія ведалі Данілу, пераказваюць вэрсію, што ягоны палёт у нікуды зьвязаны з асабістымі стасункамі зь дзяўчынай.
Праўдападобна, будучыня паўставала перад хлопцам туманнай, поўнай самоты і невядомасьці. А тут яшчэ непадʼёмныя нагрузкі ў школе, немагчымасьць на роўных змагацца за посьпех сярод аднагодкаў. І ўсё гэта на фоне моцных сямейных траўмаў, перажытых у раньнім узросьце.
Беларусь — у першай дзесятцы па самагубствах
Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі здароўя (World Health Organization — WHO), штогод на плянэце звыш 800 тысяч чалавек пазбаўляюць сябе жыцьця. Беларусь у гэтай статыстыцы — у першай дзясятцы, на восьмым месцы. Прычым колькасьць самагубстваў у нашай краіне стабільна расьце.
У 2012 годзе на 100 тысяч чалавек прыпадала 18,3 суіцыда, у 2015 — 19,1, а ў 2016 — 21,4. Першыя тры «прызавыя» месцы ў «самагубчым рэйтынгу» WHO займаюць Гаяна (30,6), Лесота (28,9) і Расея (26,5 самагубстваў на 100 тысяч грамадзянаў). Увогуле на краіны зь нізкім і сярэднім узроўнем дастатку прыпадае 79% суіцыдаў у сьвеце. У глябальным маштабе самагубствы сталі адной з асноўных прычынаў сьмерці сярод маладых людзей ва ўзросьце 15–29 гадоў.
Нягледзячы на такія несуцяшальныя высновы, большасьць краінаў ня маюць нацыянальнай стратэгіі папярэджаньня самагубстваў. Няма яе і ў Беларусі, хоць амаль 2/3 семʼяў, якія маюць дзяцей, — малазабясьпечаныя, і сытуацыя апошнімі гадамі ў гэтым кірунку не мяняецца да лепшага. Бацькі і самі на раздарожжы — ні долі, ні волі, ні ўцямнай пэрспэктывы. А настаўнікі, якіх змушаюць правяраць у семʼях лядоўні, разьлікі за «камуналку» і даводзіць школьнікам, што хакейны турнір на Каляды — найважнейшая падзея ў краіне, — яны хіба ў лепшым становішчы?
Сродкі — на «лінію Сталіна» замест абароны жыцьця
У нас знаходзяцца сілы і сродкі на «лінію Сталіна», помнікі гарадавым, АМАПу, крывавым бальшавіцкім асобам. Узводзяцца новыя шпіталі для намэнклятуршчыкаў, ладзяцца пампэзныя славянскія базары, гулі-дажынкі, а вось на абарону жыцьцяў маладых людзей энэргіі, ідэяў, рэсурсаў бракуе. Бракуе нават увагі.
За суткі да сакавіцкай трагедыі ў Горадні, паведамляе тамтэйшая газэта, студэнтка каледжу зьмясьціла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы відэа, дзе яна плача. І што? Да сіраты кінуліся выхавацелі, адміністратары каледжу, прыкормлены БРСМ? Ды не, сьлёз дзяўчыны проста не заўважылі.
Самагубствы, а заадно і трагічны гвалт, як той, што здарыўся ў школе № 2 у Стоўпцах, можна было б папярэджваць праз доступ маладых людзей да здабываньня жыцьцёвых навыкаў бяз шкодных звычак, праз спрыяньне пазытыўнаму ўцягваньню бацькоў у жыцьцё маладых людзей. І высілкі тут павінны быць шматбаковыя, комплексныя, уключна з сыстэмай аховы здароўя, адукацыяй, правасудзьдзем, іншымі дзяржаўнымі і грамадзкімі інстытутамі, СМІ. Такія рэцэпты прапануюць адмыслоўцы. І ўладам варта было б гэта ўлічваць, каб не губляць звыш 2 тысяч беларусаў на год толькі праз самагубствы. У краіне і без таго дэмаграфічная сытуацыя не найлепшая — нас ужо меней, чым 9,5 мільёна.
Няма каму заўважыць сьлёзы роспачы
Нядаўна Генэральная пракуратура зьвярнула ўвагу і на так званыя парасуіцыды — зноў-такі на прыкладзе Гомельшчыны. За кароткі час у чатырох дзяцей тут былі спробы самагубства — на шчасьце, няўдалыя. Канстатавалася, што псыхіятрычная і псыхалягічная службы не займаюцца дзятвой як мае быць, ня могуць своечасова выявіць праблемных падлеткаў і паўплываць на іх.
Паказальная ў гэтым сэнсе гісторыя 17-гадовай студэнткі аднаго з гомельскіх каледжаў. Летась у красавіку дзяўчына-сірата, якая жыла ў інтэрнаце, двойчы хацела зьвесьці рахункі з жыцьцём. Пасьля канфлікту з дырэктаркай спрабавала ў прыбіральні ўскрыць вены. Не атрымалася.
Тады яна пайшла і скокнула з аўтамабільнага моста ў Сож. Стылая рачная плынь, мабыць, цалкам астудзіла намер дзяўчыны, і яна выплыла. У сіняках і дрыжыках трапіла ў шпіталь. Учынак, відаць, ня быў скіраваны на рэальнае самазьнішчэньне, а толькі на зьмену чалавечых узаемаадносінаў. Гэткі крык ратунку, выразны пратэст супраць абставінаў, а заадно, пэўна, і паўза для самой сябе ў канфліктнай сытуацыі. Добра, што паўза, а ня згубны палёт у нікуды.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.