«Дыктатура — гэта ўжо наш брэнд», — сказала прэсавая сакратарка прэзыдэнта Натальля Эйсмант у эфіры АНТ. «Ня сёньня дык заўтра, але пасьлязаўтра дакладна ў сьвеце можа паўстаць запыт на дыктатуру» — глыбокадумна дадала яна.
Сьцісла:
- Сьвет і без беларускага прыкладу — дыктатарскі ладнай часткай, Кітай, Расея. Эгіпет, Іран, ад жабрацкай Вэнэсуэлы да квітнеючага Сынгапуру
- «Фішка» Беларусі — хіба аграглямурны стыль яе дыктатуры, неўласьцівы нават краінам са значна большай доляй аграрнага насельніцтва
- Дыктатура як брэнд — яшчэ адна мара аб адмысловай ролі Беларусі ў сьвеце, раней быў цэнтар усходнеславянскай цывілізацыі, Хэльсінкі-2, і месца сустрэчы Патрыярха і Папы
- А хіба не пра дыктатуру насамрэч мараць многія апанэнты Лукашэнкі — хіба не пра дыктатуру Пазьняка, Севярынца, Статкевіча, фэмінізму?
- Вусаты твар з сіплым голасам, які беларусы бачаць штодзень — гэта не тэлеэкран, гэта люстэрка
На першы погляд навідавоку банальнае жаданьне спадарыні Эйсмант падхваліць начальства. Ня проста сказаць, што бос незвычайна мудры. Не, шэф — брэнд нацыі, паходня, што гарыць для ўсяго сьвету.
Насамрэч, дакладна не. Якое паўстаньне запыту на дыктатуру ў сьвеце, адкуль гэтая правінцыйная мара? Дзяржавы сьвету і зараз — дыктатуры хіба не пераважнай часткай. Кітай, Расея, Егіпет, Іран, амаль уся Цэнтральная Азія, прынамсі палова Афрыкі, Куба — усё гэта зусім не дэмакратыі. І гэтыя дыктатуры вельмі розныя — ад суцэльнага пекла на Зямлі КНДР да квітнеючага, лібэральнага, аднак пры гэтым дыктатарскага Сынгапуру.
Дык які і каму прыклад можа даць беларуская дыктатура? Ну хіба прыклад гэткага аграглямуру. Вечныя спасылкі на даярак, на ротарную жатку, 4 мяхі ў крамлёўскія палаты ў падарунак Пуціну, нават прапанова Раманчуку — а слабо ўзяць адстаючы калгас? А чаму не завод? Таму. Таму што брэнд. Тым больш дзіўны, што пануе гэтая прыгажосьць у адной з самых урбанізаваных краінаў рэгіёну і сьвету. Такая ж урбанізаваная — Расея. А бліжэйшая больш урбанізаваная — Нямеччына. Брэнд, што зробіш.
Гульня менавіта ў мужыцкага, вясковага цара — так, гэта і сапраўды беларуская «фішка». Ніякі Пуцін, ніякі Сі Цзіньпін у гэтую гульню не гуляюць.
Але карціць быць у нейкім сэнсе ўзорам, прыкладам. У 90-я Лукашэнка казаў, што Беларусь выпраменьвае сьвятло ўсходнеславянскай цывілізацыі. Астатнія ўсходнія славяне неяк не натхніліся. Нічога, цяпер Менск — цэнтар міратворчасьці, прынамсі, у рэгіёне. Калі б ня мы — дык расейцы з украінцамі ўшчэнт перарэзалі б адны іншых. Адсюль яшчэ адзін праект — Менск-Хэльсінкі-2, прымірыць ужо ўвесь сьвет, Захад і Ўсход. Сусьветная місія. Была, калі хто забыў, таксама ідэя зладзіць сустрэчу патрыярха Маскоўскага і Папы Рымскага.
Як у «12 крэслах» — Міжплянэтны шахматны турнір у Нью-Васюках.
Вось цяпер новая ідэя — уразім увесь сьвет калі не славянствам, дык дыктатураю. Менск - Мека дыктатуры. А нам у прынцыпе ўсё роўна чаго, абы Мекай.
Пасыл па-свойму нават мілы. Гэта такі пошук той самай нацыянальнай ідэі. Мо нехлямяжы, але паказальны. Чым мы асаблівыя?
Ну і напрыканцы — пра тое, у чым Эйсмант мо і мае рацыю. Для многіх дыктатар-Лукашэнка — гэта фу, савок, аграглямур. А дыктатура Пазьняка — яно як вам? Такая сапраўдная нацыянальная дыктатура. Чым кепска? А як інакш усталяваць? Людзей пытацца? Якіх людзей — лукашыстаў, саўкоў, вату? Хіба гэта людзі? Ці дыктатура Статкевіча? Ці Севярынца? Трэба б хрысьціянізаваць гэтых несьвядомых беларусаў — як без гэтага? А тое парадку ж ня будзе.
А вялікае вучэньне фэмінізму — хіба яно для яго адэптаў не «усемагутнае, таму што вернае»? Ну а калі нехта гэтага яшчэ не ўсьвядоміў, дык на тое дзяржава і ёсьць, каб патлумачыць. Мякка. Ці як атрымаецца.
Вусаты твар з сіплым голасам, які беларусы бачаць штодзень — гэта не тэлеэкран, гэта люстэрка
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.