Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямейная справа. Як рэпрэсавалі сваякоў Сталіна


5 сакавіка 1953 году памёр Іосіф Сталін, які кіраваў савецкай дзяржавай амаль трыццаць гадоў. Зь імем Сталіна наўпрост зьвязаная гісторыя рэпрэсій у Савецкім Саюзе: арышты, катаржная праца, шматгадовая ізаляцыя і пакараньні паводле рашэньняў судовых і пазасудовых органаў. Пад мноствам прысудаў і расстрэльных сьпісаў — асабісты подпіс Сталіна. Мала знойдзецца сем’яў, якіх не закранулі рэпрэсіі, і сям’я савецкага правадыра не выключэньне.

У розныя гады супрацоўнікі НКУС арыштавалі брата і сястру першай жонкі Сталіна, сястру другой жонкі і яе мужа, былога мужа яго дачкі і жонку яго сына. Вось кароткі агляд, як Сталін рэпрэсаваў уласных сваякоў і як зьмяніўся іх лёс пасьля яго сьмерці.

Сванідзэ. «Іосіф ўвесь час ласкава ўсьміхаўся»

Першая жонка Сталіна Кацярына Сванідзэ паходзіла зь сям’і грузінскага двараніна. Яе брат Аляксандар вучыўся з Іосіфам Джугашвілі ў Тыфліскай духоўнай сэмінарыі.

Іосіф і Кацярына пажаніліся ў 1906 годзе, праз год нарадзіўся сын Якаў. Яму яшчэ не было году, калі маці памерла ад брушнога тыфу. Хлопчыка выхоўвалі шматлікія грузінскія сваякі.

Кацярына Сванідзе, 1904 год
Кацярына Сванідзе, 1904 год

Брат першай жонкі Аляксандар Сванідзэ і яго жонка Марыя шмат гадоў былі блізкімі сябрамі Сталіна. Аляксандр — вядомы бальшавік, наркам фінансаў Грузінскай ССР, пазьней — намесьнік старшыні Дзяржбанку па зьнешніх гандлёвых апэрацыях (партыйны псэўданім «Алёша Сванідзэ»). Марыя — опэрная сьпявачка. Сванідзэ езьдзілі да правадыра дадому і на дачу, прымалі яго ў сябе, абмяркоўвалі дзяцей і агульных знаёмых, абменьваліся падарункамі. Захаваўся дзёньнік Марыі Сванідзэ, які яна вяла ў 1934–1937 гадах.

«Вельмі весела вячэралі, я была ў добрым настроі, распавяла некалькі анэкдотаў, і І. [І. у дзёньніках Сванідзэ — Іосіф Сталін; — РС] вельмі сьмяяўся. Пілі тосты», — пісала яна ў чэрвені 1935 году. А так у жніўні 1935-га распавядала пра супольную са Сталіным і яго набліжанымі паездку ў толькі што пабудаваным маскоўскім мэтро: «І. увесь час ласкава ўсьміхаўся, вочы ў яго былі добрыя, добрыя і ласкавыя. Думаю, што яго пры ўсёй яго цьвярозасьці ўсё ж такі кранала любоў і ўвага народу да свайго правадыра. (…) Ён неяк сказаў пра авацыі, якія арганізуюцца яму — народу патрэбны цар, г. зн. чалавек, якому яны могуць пакланяцца і ў імя якога жыць і працаваць».

У 1936–1937 гадах у дзёньніку Сванідзэ зьяўляецца шмат гнеўных запісаў: спачатку пра забойцаў Кірава, потым — пра «трацкістаў», якіх судзілі ў Маскве ў пачатку Вялікага тэрору. Нават чуючы перашкоды ў радыёэфіры падчас прамовы Сталіна, Марыя Сванідзэ падазрае шкодніцтва.

«І вось гэтыя хамэлеоны на 20-м годзе рэвалюцыі выявіліся ва ўсім сваім ілжывым убраньні. Ні элемэнтарнай сумленнасьці, ні патрыятызму, ні чыста жывёльнай хоць бы прыхільнасьці да сваёй дзяржавы ў іх не знайшлося», — гэта цытата з апошняга запісу ў дзёньніку Сванідзэ, зробленага 7 жніўня 1937 году. Праз чатыры месяцы, у сьнежні, адным з такіх «хамэлеонаў» абвясьцілі яе мужа.

Сьледзтва ў яго справе доўжылася да 1940 году, Сванідзэ інкрымінавалі дапамаганьне гішпанскім трацкістам і шпіянаж на карысьць Нямеччаны. Прысудзілі да расстрэлу і летам 1941 году прысуд выканалі. У 1956 годзе Аляксандра Сванідзэ пасьмяротна рэабілітавалі.

Пакуль ішло сьледзтва ў справе Сванідзэ, супрацоўнікі НКУС арыштавалі спачатку яго жонку, а потым сястру Маро. Іх абедзьвюх расстралялі 3 сакавіка 1942 году.

Алілуева. «Атрутнікі» дзесяць гадоў пазьней

Бацькам другой жонкі Сталіна, Надзеі, быў рабочы Сяргей Алілуеў. У Алілуева — ідэальнае паходжаньне (маці — пакаёўка, бацька — фурман) і працоўная біяграфія: з дванаццаці гадоў пайшоў «у людзі», як герой Максіма Горкага, працаваў у чыгуначных майстэрнях у Тыфлісе (дзе пазнаёміўся з гэтым Горкім, тады яшчэ Аляксеем Пешкавым), потым — памочнікам машыніста. Сталін у 1917 годзе жыў у Алілуева на кансьпіратыўнай кватэры ў Петраградзе і там жа ўпершыню ўбачыў яго дачку Надзею, якой тады было 16 гадоў. Праз год яны пажаніліся.

Надзея Алілуева з сынам Васілём, 1922 год
Надзея Алілуева з сынам Васілём, 1922 год

Надзея Алілуева нарадзіла Сталіну сына і дачку — Васіля і Сьвятлану, а ў 1932 годзе скончыла жыцьцё самагубствам. Яна была не адзіным дзіцём у сям’і. Старэйшы брат Павел уваходзіў у вышэйшае камандаваньне Чырвонай арміі, кіраваў аўтабранятанкавым бюро, супрацоўнічаў з АГПУ. У разгар Вялікага тэрору Павел Алілуеў разам зь іншымі вайсковымі камандзірамі зьвярнуўся да Сталіна з просьбай спыніць рэпрэсіі ў шэрагах Чырвонай арміі. 2 лістапада 1938 году яго знайшлі мёртвым у кабінэце — спынілася сэрца. Хадзілі чуткі, што Алілуева атруцілі.

Па яго жонку Яўгенію Алілуеву (у дзявоцтве Земляніцыну) супрацоўнікі МУС прыйшлі ў 1947 годзе, абвінаваціўшы яе ў атручэньні мужа празь дзевяць гадоў пасьля яго сьмерці. Пры эксгумацыі не знайшлі сьлядоў атруты, але Алілуеву адправілі ў лягер. Неўзабаве пасьля яе арышту пад варту ўзялі і яе другога мужа, Мікалая Малочнікава. Яны перажылі лягер, але пасьля вызваленьня рассталіся. Абое рэабілітаваныя.

Іосіф Сталін, 1945 год
Іосіф Сталін, 1945 год

Кіра Алілуева — дачка Паўла і Яўгеніі, акторка Малога тэатру — таксама прайшла лягеры. Яе арыштавалі ў студзені 1948 году. Алілуева-малодшая аказалася «слабым зьвяном»: давала паказаньні супраць сваякоў, у тым ліку супраць сваёй цёткі Ганны Рэдэнс (у дзявоцтве Ганны Алілуевай, роднай сястры Паўла і Надзеі).

«Антысавецкія выдумкі», «паклёпы на Сталіна» — калі Ганну Рэдэнс арыштавалі ў 1948 годзе, гэтыя паказаньні занялі сваё месца сярод «доказаў» у яе справе. Рэдэнс абвінавацілі ў шпіянажы. Правёўшы некалькі гадоў у турме, яна выйшла на волю псыхічна хворым чалавекам: не пазнавала сыноў, была апатычнай да ўсяго. Памерла ў 1964 годзе ў Крамлёўскім шпіталі.

Муж Рэдэнс — польскі бальшавік, паплечнік Дзяржынскага — быў расстраляны за дзесяць гадоў да арышту жонкі. У гады Вялікага тэрору Станіслаў Рэдэнс стаў адным з арганізатараў рэпрэсій у Маскоўскай вобласьці: удзельнічаў у сьледзтве па справе Зіноўева і Каменева, саджаў бальшавіка Мартэм’яна Руціна. У 1938 годзе Рэдэнса прызначылі наркамам унутраных спраў у Казахстанскую ССР і ўжо з гэтай пасады зьнялі як «ворага народу».

У 1956 годзе з Рэдэнса пасьмяротна зьнялі ўсе абвінавачаньні. «Вось яшчэ на мне грэх — Рэдэнса рэабілітаваў», — такія словы прыпісваюць генэрал-маёру Барысу Віктараву, які ўваходзіў у спэцыяльную групу Галоўнай вайсковай пракуратуры па рэабілітацыі падчас разьвянчаньня культу асобы Сталіна. Быццам бы група не зьбіралася рэабілітаваць Рэдэнса, але атрымала на гэта асабістае ўказаньне Мікіты Хрушчова.

Астатніх Алілуевых рэабілітавалі на агульных падставах.

Любімая дачка і нялюбы сын

Сьвятлана Алілуева, малодшая і любімая дачка Іосіфа Сталіна, упершыню выйшла замуж яшчэ студэнткай, у 1944 годзе. Яе абраньнікам стаў Грыгоры Марозаў — сын камэрцыйнага дырэктара парфумэрнай фабрыкі Іосіфа Марозава і аднаклясьнік брата Святланы, Васіля. Шлюб трываў тры гады. Алілуева пазьней пісала, што выбарам дачкі бацька быў незадаволены праз паходжаньне Марозава — той быў габрэем. У 1948 годзе сьвёкра Сьвятланы, які актыўна заводзіў знаёмствы сярод новасьпечаных сваякоў і іх набліжаных, арыштавалі. Шлюб быў скасаваны, у Грыгорыя адабралі пашпарт і выдалі новы, без пазнакі аб шлюбе. Іосіф Марозаў выйшаў на волю ў 1953 годзе, калі памёр Сталін.

Сталін трымае на руках дачку Сьвятлану
Сталін трымае на руках дачку Сьвятлану

У 1957 годзе Сьвятлана Алілуева выйшла замуж за Джоні Сванідзэ — сына тых самых Аляксандра і Марыі Сванідзэ, якіх Сталін клікаў на дачу і катаў на мэтро, а потым абвясьціў «ворагамі народу». У 1938 годзе, калі бацькоў арыштавалі, ад Джоні (яго назвалі так у гонар пісьменьніка і журналіста Джона Рыда) адракліся ўсе шматлікія сваякі, яго ўзяла на выхаваньне былая нянька. На допытах ад 11-гадовага хлопчыка патрабавалі паказаньняў супраць бацькі. У 16 гадоў Джоні Сванідзэ апынуўся ў Казанскім псыхіятрычным шпіталі пры турме, дзе правёў тры гады, а адтуль адправіўся ў ссылку ў Казахстан на пяць гадоў. У Маскву Сванідзэ-малодшы вярнуўся ў 1956 годзе, быў рэабілітаваны. Стаў вучоным-афрыканістам, працаваў у МДУ. Шлюб са Сьвятланай Алілуевай трываў нядоўга.

Як і шлюб Якава Джугашвілі, старэйшага сына Сталіна, з артысткай балету Юліяй Мэльцэр. Яны пажаніліся ў 1938 годзе. Юлія была трэцяй жонкай Якава, ён — яе пятым мужам (паводле дзёньніка Марыі Сванідзэ, якая, зрэшты, недалюблівала новасьпечаную сваячку). Праз год нарадзілася дачка Галіна. А праз два гады, у 1941-м, Якаў трапіў у палон да нацыстаў, апынуўшыся ў акружэньні пад Віцебскам. Вакол гэтай падзеі і рэакцыі на яго Сталіна дагэтуль ходзяць легенды і рознага кшталту спэкуляцыі, у тым ліку вэрсія аб тым, што Якава Сталіна прапаноўвалі абмяняць на фэльдмаршала Паўлюса. Дакладна вядома, што Якаў Джугашвілі (Сталін) загінуў увесну 1943 году ў канцлягеры Заксэнхаўзэн пад Бэрлінам.

Тады ж выпусьцілі на свабоду і яго ўдаву: Юлія Мэльцэр паўтара года правяла ў турме. Сьвятлана Алілуева пісала, што загад аб яе арышце аддаў асабіста Сталін, заявіўшы пра благі уплыў жонкі на Якава, празь які той нібыта і здаўся ў палон.

Пахаваньне Сталіна, 9 сакавіка 1953
Пахаваньне Сталіна, 9 сакавіка 1953

Сын за бацьку адказвае. Справа Васіля Сталіна

Малодшы сын Сталіна, «залаты хлопчык» Крамля, стаў адзіным са сваякоў правадыра, каго рэпрэсавалі не да, а пасьля яго сьмерці.

26 сакавіка 1953 году, праз тры тыдні пасьля сьмерці бацькі, Васіля Сталіна звольнілі ў запас у званьні генэрал-лейтэнанта. Але ўжо празь месяц арыштавалі, абвінаваціўшы ў прысваеньні дзяржаўнай маёмасьці і «паклёпніцкіх выдумках» на адрас савецкага кіраўніцтва. Далі восем гадоў турмы і адправілі ва Ўладзімірскі цэнтрал. Сталін-малодшы сядзеў не пад сваім імем: у дакумэнтах ён праходзіў як Васіль Паўлавіч Васільеў, прараб, асуджаны за растрату. Вызваліўся датэрмінова, у 1960 годзе, але менш чым праз год зноў апынуўся пад арыштам за наведаньне амбасады Кітаю, дзе Васіль Сталін нібыта паклёпнічаў на савецкую радзіму.

Зьлева направа: Васіль Сталін, начальнік аховы Крамля Мікалай Уласік, Іосіф Сталін, 1935 год
Зьлева направа: Васіль Сталін, начальнік аховы Крамля Мікалай Уласік, Іосіф Сталін, 1935 год

Апынуўшыся ў ссылцы ў Казані, сын Сталіна пражыў там нядоўга: у 1962 годзе памёр ад атручэньня алькаголем. У апошні год жыцьця Васілю ня толькі забаранілі жыць у Маскве, але і адабралі права насіць прозьвішча Сталін, выдаўшы пашпарт на імя Джугашвілі.

У 1999 годзе Вярхоўны суд Расеі часткова рэабілітаваў Васіля Сталіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG