Трое ўплывовых сяброў Дэмакратычнай партыі ЗША, кіраўнікі камітэтаў у Палаце прадстаўнікоў, накіравалі запыт у Белы дом і Дзярждэпартамэнт з просьбай даць падрабязную інфармацыю пра сустрэчу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
«Паводле паведамленьняў СМІ, прэзыдэнт Трамп неаднаразова спрабаваў утаіць дэталі сваіх зносін з прэзыдэнтам Пуціным ад іншых службовых асобаў адміністрацыі, Кангрэсу і амэрыканскага народу», — заяўляюць старшыні трох камітэтаў Палаты прадстаўнікоў ЗША (у пытаньнях выведкі, замежных спраў і нагляду).
Летась падчас першага афіцыйнага двухбаковага саміту з прэзыдэнтам Расеі Трамп правёў 2-гадзінную размову з Пуціным без галоўных памочнікаў. Тады ў пакоі перамоваў з амэрыканскага боку была толькі перакладчыца ад Дзяржаўнага дэпартамэнту. Гэта выклікала падазрэньні і крытыку апанэнтаў Трампа.
У той жа час юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША (ніжняй палаты Кангрэсу) напярэдадні падаў запыт на доступ да дакумэнтаў ад 81 фізычнай асобы і кампаніі ў рамках новага расьсьледаваньня магчымых перашкод правасудзьдзю ды іншых злоўжываньняў з боку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і ягоных паплечнікаў.
Старшыня камітэту Джэрольд Надлер паведаміў 4 сакавіка, што «абавязак» Кангрэсу — «забясьпечыць праверку злоўжываньняў уладай» з боку Белага дома.
У Белым доме пацьвердзілі, што атрымалі ліст ад камітэту, які ўзначальвае дэмакрат.
«Офіс юрыста і адпаведныя службовыя асобы Белага дома разгледзяць яго і адкажуць у вызначаны час», — паведаміла прэс-сакратарка Сара Сандэрс.
Сам прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што Кангрэс ужо два гады «зьдзекуецца» зь яго, а ён «невінаваты чалавек, якога перасьледуюць дрэнныя карумпаваныя людзі».
Чакаецца, што на працягу некалькіх тыдняў будуць абвешчаныя высновы спэцпракурора Робэрта Мюлера ў расьсьледаваньні магчымага ўмяшаньня Расеі ў выбары ў ЗША і магчымай змовы паміж выбарчай кампаніяй Трампа і расейскімі чыноўнікамі. Дональд Трамп адхіляе любыя абвінавачваньні ў свой адрас, Крэмль таксама адмаўляе ўмяшаньне ў выбары ў ЗША.