Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго і на колькі? Што стала з судзьдзямі, якія парушалі закон


Новы будынак Вярхоўнага суду Беларусі, здымак 2018 году
Новы будынак Вярхоўнага суду Беларусі, здымак 2018 году

25 лютага Аляксандар Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынём Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам, што апошнім часам фіксуецца «занадта шмат парушэньняў закону самімі судзьдзямі». Свабода паглядзела, як пакаралі судзьдзяў, якія парушалі закон.

Карупцыйныя злачынствы

У 2014 годзе за карупцыйныя злачынствы ў Беларусі асудзілі чатырох судзьдзяў:

  • Намесьніка старшыні Кастрычніцкага суду Магілёва Магамеда Ўмарава асудзілі на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а таксама пакаралі 5-гадовай забаронай займаць пасады ў праваахоўных органах.
  • Старшыню суду Кіраўскага раёна на Магілёўшчыне Аляксея Клімава асудзілі на 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Намесьніка старшыні Савецкага суду Гомля Юрыя Жорава — на 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з 5-гадовай забаронай займаць пасады ў праваахоўных органах.
  • Намесьніка старшыні Беларускага ваеннага суду Юрыя Тузава — на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і з 5-гадовай забаронай займаць пасады ў праваахоўных органах.

У 2016 годзе Вярхоўны суд разглядаў справы судзьдзяў Эканамічнага суду Менску Юрыя Грушэцкага і Алены Мельнікавай.

  • Грушэцкага прызналі вінаватым у махлярстве, даваньні і атрыманьні хабару. Яму прысудзілі 11 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
  • Мельнікаву асудзілі за атрыманьне хабару на 13 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Звольнілі, але не судзілі

У ліпені 2015 году Аляксандар Лукашэнка звольніў чатырох судзьдзяў Эканамічнага суду Менску «ў сувязі з правінай, не сумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе» (артыкул 124 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў).

Паводле Вярхоўнага суду, іх прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці. Згадак пра крымінальныя справы супраць звольненых не было.

Асудзілі, бо дапамагаў жонцы

Як пісаў «Вечерний Брест», летась Вярхоўны суд асудзіў на 2 гады калёніі судзьдзю Ленінскага раёну Берасьця Алега Міранюка. Таксама ў былога судзьдзі канфіскавалі маёмасьць і забаранілі 5 гадоў займаць пасады ў праваахоўных органах.

Падставай для крымінальнага перасьледу стала рашэньне, якое дапамагло б яго жонцы заключыць зьдзелку зь нерухомасьцю. Раней жонку Міранюка прызналі вінаватай у падбухторваньні да даваньня хабару, замаху на махлярства і пасобніцтве ў вынясеньні заведама неправасуднага рашэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG