«Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаванае права на роўнае выкарыстаньне дзьвюх дзяржаўных моваў. Мая праграма „Беларусь для людзей“ выкладзеная на беларускай і расейскай мовах. Прапаную яе вашай увазе», — так пачала свой выступ Ганна Канапацкая, заўважыў «Позірк».
Далей яна цалкам зачытала на беларускай і расейскай мовах сваю перадвыбарчую праграму, якую яна абнародавала 1 студзеня. Якіх-небудзь камэнтароў альбо іншых адступленьняў ад яе тэксту Канапацкая не рабіла.
У адпаведнасьці з вынікамі лёсаваньня Ганна Канапацкая стала першай кандыдаткай, чый выступ трансьлявалі па беларускай тэлевізіі. Пасьля яе выступілі кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк і лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. Яны выступалі на расейскай мове.
Аляксандар Лукашэнка ад перадвыбарчых выступаў па тэлебачаньні і радыё традыцыйна адмовіўся.
Падчас выбарчай кампаніі 2020 году свой першы выступ на тэлебачаньні Ганна Канапацкая таксама зрабіла на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай.
Ганна Канапацкая стала шырока вядомая беларусам пасьля таго, як на выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2016 году трапіла ў парлямэнт як адна з дзьвюх дэпутатак ад апазыцыі (да 2019 году яна была сябрам зьліквідаванай цяпер апазыцыйнай партыі АГП). У Палаце прадстаўнікоў Канапацкая заклікала да скасаваньня саюзу з Расеяй, крытыкавала Эўразійскі саюз, СНД і тагачаснага расейскага амбасадара ў Беларусі.
У 2020 годзе Канапацкая ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля масавых пратэстаў і палітычных рэпрэсіяў у Беларусі 2020–2021 году яна засталася ў Менску. Цяпер Канапацкая крытыкуе ўсе прадэмакратычныя сілы, у тым ліку Сьвятлану Ціханоўскую і ўсіх іншых палітыкаў на эміграцыі. Яе запрашалі на прадзяржаўныя мерапрыемствы ў Палату прадстаўнікоў (2022 год) і на Ўсебеларускі народны сход (2021 год).
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і ў час выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікі выбараў у Беларусі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
Форум