«Псэўдавыбарамі» назвала прэзыдэнцкую выбарчую кампанію ў Беларусі кіраўніца Сэнату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска на брыфінгу па выніках сустрэчы з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай 9 студзеня ў Варшаве, цытуе яе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
«Мы абавязаліся, што з польскага Сэнату будзе вельмі моцны сыгнал і голас, што мы гэтыя выбары не прызнаем, — сказала сьпікерка Сэнату. — Нельга казаць пра свабодныя выбары, калі больш за 1300 чалавек сядзяць у турмах, асуджаныя за палітычныя погляды, за тое, што жадаюць дэмакратыі».
Яна выказала надзею, што аналягічная ацэнка кампаніі прагучыць у Сэйме Польшчы, а таксама ад іншых эўрапейскіх парлямэнтаў.
«Гэтая ўлада ня можа быць намі прызнаная», — падкрэсьліла Малгажат Кідава-Блоньска.
Другой вельмі важнай справай палітык назвала падрыхтоўку ў польскім парлямэнце «дарожнай мапы» супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прысьвечаную таму, «як падрыхтаваць Беларусь да нармальнага функцыянаваньня — як стварыць добрае заканадаўства, як падрыхтаваць інстытуты, якія дазволяць Беларусі паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцьці Эўразьвязу».
Падчас сустрэчы зь Ціханоўскай размова, паводле яе, таксама ішла аб адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі «за злачынствы, якія ён учыніў»: «Ня можа быць так, што гэта ня будзе намі асуджана. Кожны, хто парушае правы чалавека, кожны, хто парушае дэмакратычнае права, павінен за гэта панесьці адказнасьць і павінен быць за гэта асуджаны».
Акрамя таго, Кідава-Блоньска заявіла пра немагчымасьць прызнаньня якіх-небудзь дакумэнтаў, падпісаных Лукашэнкам з Уладзімірам Пуціным: «Беларусь ня можа за такія дэклярацыі як дзяржава, як грамадзяне, несьці адказнасьць».
Яна нагадала, што дэмакратычная Беларусь зьяўляецца адным з прыярытэтаў польскага старшыняваньня ў ЭЗ, якое працягнецца ў першай палове 2025 году.
Ціханоўская на брыфінгу паведаміла, што вядзецца праца над пагадненьнем аб супрацоўніцтве дэмакратычных сілаў Беларусі з парлямэнтам Польшчы.
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікі выбараў у Беларусі.
- 19 сьнежня 2024 году старшыня камітэту ў міжнародных справах Сэнату Кангрэсу ЗША Бэн Кардын і кіраўнікі камітэтаў у замежных і эўрапейскіх справах парлямэнтаў Італіі, Гішпаніі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі, якія далучыліся да яго, выступілі з супольнай заявай, у якой заклікалі «не прызнаваць фіктыўных выбараў Лукашэнкі і адмовіць яму ў легітымнасьці, якой той дамагаецца».
- Старшыня Старшыня Сейма Літвы Саўлюс Сквярняліс 7 студзеня заявіў, што Літва «ня можа называць працэс, які будзе адбывацца ў Беларусі, выбарамі».
- У МЗС Нямеччыны заявілі, што «ў агульным кантэксьце масавых рэпрэсій правядзеньне ў Беларусі 26 студзеня 2025 году свабодных і сумленных выбараў уяўляецца немагчымым».
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум