Грамадзянам краін СНД, у якія ўваходзіць і Беларусь, давядзецца паведамляць мэту паездкі ў Латвію і прасіць дазвол на знаходжаньне ў прымежнай зоне — такія папраўкі да Закона «Аб іміграцыі» падрыхтавала і падала ў прэзыдыюм Сейму парлямэнцкая Камісія па нацыянальнай бясьпецы, паведамляе Delfi.lv.
У законапраекце гаворыцца, што грамадзяне краін СНД перад уездам у Латвію абавязаныя будуць прадставіць інфармацыю аб мэце паездкі, часе і месцы знаходжаньня, маршруце, кантактнай інфармацыі, займаных пасадах, аб тым, ці былі яны кандыдатамі на выбарах, аб статусе службовай асобы і службе ў розных ведамствах.
За непрадстаўленьне гэтай інфармацыі або падачу ілжывых зьвестак могуць аштрафаваць, памер штрафу — да 2000 эўра.
Законапраект прадугледжвае выключэньні для асобаў з дыпляматычным імунітэтам або тых, хто зьдзяйсьняе кароткатэрміновыя паездкі для выкананьня афіцыйных функцыяў ці забесьпячэньня тэхнічнай падтрымкі. Гэтыя асобы не абавязаныя падаваць вышэйназваную інфармацыю перад уездам у Латвію.
Акрамя таго, Камісія ў нацыянальнай бясьпецы распрацавала папраўкі да закона аб дзяржаўнай мяжы Латвіі, згодна зь якімі грамадзянам краін СНД дазвол на знаходжаньне ў прымежнай зоне Латвіі будзе выдавацца толькі са згоды Службы дзяржаўнай бясьпекі Латвіі.
Закон аб дзяржаўнай мяжы прадугледжвае спэцыяльны прапускны рэжым для кантролю знаходжаньня асобаў у прымежай зоне. Асобы ва ўзросьце з 15 гадоў для знаходжаньня ў прымежнай зоне павінны мець сталы або часовы пропуск, выдадзены Дзяржаўнай памежнай аховай. Сталы пропуск выдаюць тым, хто мае нерухомую маёмасьць у прымежнай зоне, а пропуск тэрмінам да году — тым, хто плянуе знаходзіцца ў прымежнай зоне.
Прапанаваныя зьмены прадугледжваюць, што грамадзянам дзяржаў СНД такія пропускі будуць выдаваць толькі зь пісьмовай згоды Службы дзяржаўнай бясьпекі Латвіі, калі знаходжаньне канкрэтнай асобы ў гэтай зоне неабходна для ажыцьцяўлення асноўных правоў і няма пагрозаў для нацыянальнай бясьпекі Латвіі.
«Краіны СНД — Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Малдова, Таджыкістан і Узбэкістан) шчыльна супрацоўнічаюць у сфэры бясьпекі, эканомікі і культуры, і Расея выкарыстоўвае гэта супрацоўніцтва для атрыманьня інфармацыі, якая яе цікавіць», — гаворыцца ў анатацыі да законапраекту.
У анатацыі дакумэнце таксама адзначаецца, што пасьля ўварвання Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымлівае Беларусь, у рэгіёне ўзрасьлі рызыкі, зьвязаныя з выведкай і гібрыднымі пагрозамі, таму каб прадухіліць уезд у Латвію асобаў, зьвязаных са спэцслужбамі гэтых краін, зь лютага 2022 году ў краіне ўзмацнілі кантроль за міграцыяй.
- З 16 ліпеня 2024 году Латвія забараніла заезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі праз памежныя пункты пропуску. Такую ж меру, хоць і з агаворкамі, з 18 ліпеня прыняла Літва, а ўсьлед за імі і Эстонія. Прычына забароны — узмацненьне санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі.
- З 1 студзеня 2025 году Латвія ўвяла абмежаваньне на ўвоз паліва для грузавікоў, якія едуць зь Беларусі і Расеі, таксама для ўезду ў краіну цяпер неабходна дэкляраваць транспарт.
Форум