Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што судзьдзі «зашмат» парушаюць закон


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка

На сустрэчы са старшынём Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам Аляксандар Лукашэнка акцэнтаваў увагу на недапушчальнасьці парушэньня законаў прадстаўнікамі судзейскага корпусу. Падрабязна праблемы судовай сыстэмы ён паабяцаў абмеркаваць падчас адкрыцьця будынка Вярхоўнага суду на пачатку красавіка.

«Я б вас вельмі прасіў паглядзець уважліва на судзейскі корпус. Мы апошнім часам фіксуем занадта шмат парушэньняў закону самімі судзьдзямі. Я разумею, што няма роду без выроду, розныя людзі бываюць. Але калі атрымліваеш інфармацыю пра супрацьпраўную дзейнасьць саміх судзьдзяў, гэта ні ў якія вароты ня лезе. Таму трэба нейкім чынам акуратна папярэдзіць яшчэ раз, ім нагадаць, што перад законам усе роўныя. І судзейскі корпус, выканаўчая ўлада, заканадаўцы. Тут адступленьняў быць ня можа», — цытуе Аляксандра Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Лукашэнка таксама заўважыў, што ён часта кажа пра важнасьць справядлівасьці, і менавіта судзейскаму корпусу варта рэалізоўваць гэтую ўстаноўку, адказваць на адпаведнае запатрабаваньне насельніцтва.

«Людзі ў нас вельмі адчувальныя да гэтага. Я заўсёды спасылаюся на Расею. Там людзі прывыклі да ўсялякага. Тым ня менш попыт на справядлівасьць у Расеі ўвесь час расьце. Я ўжо не кажу пра беларусаў. У нас гэта яшчэ больш», — кажа Лукашэнка.

Паводле яго, «судзейскі корпус — свайго роду лякмусавая паперка. Прашу зьвярнуць на гэта сур’ёзную ўвагу», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

У ліпені 2015 году Аляксандар Лукашэнка звольніў чатырох судзьдзяў Эканамічнага суду Менску «ў сувязі з правінай, не сумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе» (артыкул 124 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў).

77-гадовы старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала працуе на гэтай пасадзе са студзеня 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG