Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура не знайшла парушэньняў у адабраньні дзяцей у маці, якая ад гэтага павесілася


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

А СМІ абвінавацілі ў дыскрэдытацыі дзяржаўных органаў: «Аб'ектыўная карціна, зьвязаная з ладам жыцьця бацькоў, была перакручаная». Паказваць аб’ектыўную карціну, аднак, ня могуць у інтарэсах дзяцей.

Для адбіраньня дзяцей у 30-гадовай шматдзетнай маці з Воранаўскага раёну былі бясспрэчныя законныя падставы, перадае «Горадзенская праўда» вынікі праверкі пракуратуры. Маці, у якой адабралі дзяцей, учыніла самагубства 7 лютага пасьля рашэньня камісіі.

Паводле вынікаў пракурорскай праверкі, дзеці «пражывалі ва ўмовах, якія ўяўлялі рэальную і непасрэдную пагрозу іх жыцьцю і здароўю, з прычыны чаго правы і законныя інтарэсы чацьвярых малалетніх груба парушаліся».

Пракуратура сьцьвярджае, што адсутнічаў належны догляд дзяцей, парушаліся сацыяльныя нормы і правілы, у тым ліку правілы гігіены, што пацягнула за сабой захворваньні дзяцей, а парады мэдыкаў ігнараваліся. Сьцьвярджаецца, што не задавальняліся патрэбы дзяцей у ежы, адзеньні, належных умовах пражываньня, адпачынку і адукацыі.

Ёсьць абвяржэньні матэрыялаў СМІ, але іх не пакажуць, — пракуратура

«Распаўсюджаныя ў некаторых сродках масавай інфармацыі зьвесткі пра дабрабыт і дастатак у гэтай сямʼі, пра станоўчыя характарыстыкі бацькоў, пра іх належны клопат пра дзяцей не адпавядаюць рэальнасьці і могуць пацягнуць ненаўмысную дыскрэдытацыю аўтарытэту дзяржаўных органаў, — сьцьвярджае горадзенская пракуратура. — Абʼектыўная карціна, зьвязаная з ладам жыцьця бацькоў і іх стаўленьнем да выхаваньня дзяцей, была перакручаная».

Доказы гэтага, сьцьвярджае пракуратура, ёсьць, але «этычныя нормы» перашкаджаюць паказаць інфармацыю, якая «ў поўным аб’ёме абвяргае пададзеныя ў некаторых СМІ фота- і відэаматэрыялы». Гэтая інфармацыя «закранае інтарэсы дзяцей, а таксама асабістае жыцьцё іншых грамадзянаў».

Цяпер дзеці, якія страцілі маці, «знаходзяцца пад дзяржаўнай абаронай». Пытаньне іхнага далейшага ўладкаваньня – «на кантролі органаў апекі і пракуратуры».

Мала грошай, шмат працы?

Сямʼю тройчы то ставілі, то здымалі з уліку як тую, што знаходзіцца ў «сацыяльна небясьпечным становішчы», расказвала аднавяскоўка Ганна. Прычынамі былі «то антысанітарыя, то лядоўня пустая». Маці і бацька, казала Свабодзе Ганна, «патроху пастаянна пілі, абое стаялі на ўліку ў нарколяга, але не сварыліся, ня біліся». Суседзі кажуць, сям’я трымала вялікую гаспадарку, «мо і выпівалі», але старанна працавалі.

Муж нябожчыцы Андрэй казаў Свабодзе: «На нас у студзені моцна наехала школа, калі мы атрымалі кватэру». Паводле яго, заўвагу наконт злоўжываньня жонкай алькаголем правяральнікі зрабілі толькі адзін раз, пасьля Новага году, 2 студзеня. Галоўнай прэтэнзіяй, на ягоную думку, быў беспарадак дома. Ён патлумачыў, што жонка, акрамя сваёй асноўнай працы, замяняла калегу, які трапіў у шпіталь. Таму яны часта з раніцы да позьняга вечара былі на працы.

Яшчэ адна жанчына засілілася ў Гомельскай вобласьці. Пра вынікі праверкі не паведамлялі

За некалькі дзён да самагубства ў Воранаўскім раёне падобнае здарэньне адбылося ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласьці: 32-гадовая Вольга ўчыніла самагубства пасьля таго, як чыноўнікі пагражалі забраць трох дзяцей у прытулак.

Абласная пракуратура і абласны Сьледчы камітэт пакуль не паведамлялі пра вынікі праверкі, калі такая праводзілася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG